Бегомльская МРИ информирует

Асаблівасці аматарскага і спартыўнага рыбалоўства

Аматарам-рыбаловам можна бясплатна лавіць рыбу ў рыбалоўных угоддзях, якія складаюць фонд запасу рыбалоўных угоддзяў, і тых, якія прадастаўляюцца ў арэнду і не прадугледжваюць платнага аматарскага рыбалоўства.

Дазваляецца здабываць усе віды рыб, за выключэннем вугра і рыб, якія ўнесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Можна лавіць  нават тую рыбу, якая не дасягнула прамысловай меры. Аднак яе колькасць не павінна перавышаць 20 % ад колькасці вылаўленай рыбы кожнага віду, для якой устаноўлена прамысловая мера. Адзін рыбалоў за суткі можа здабыць не больш за 5 кілаграмаў рыбы і адну рыбу, калі яе вага, з улікам агульнай, будзе перавышаць 5 кілаграмаў, ці адну рыбу, вага якой перавышае 5 кілаграмаў. Адначасова рыбалоў можа выкарыстоўваць адну ці некалькі розных прылад лоўлі, аднак кручкоў на іх не павінна быць больш за 10. На вадаёмах, дзе дазволена рыбалоўства  інтэнсіўным спосабам, дазваляецца аднаму рыбалову выкарыстоўваць 20 кручкоў.

Падчас лоўлі рыбы нельга пакідаць устаноўленыя прылады рыбалоўства без нагляду, бо ў такім выпадку яны прызнаюцца безгаспадарнымі (браканьерскімі) і канфіскуюцца. Такія прылады, як жарліцы (кружкі, стаўкі, калабашакі), павінны быць падпісаныя. На іх трэба ўказваць прозвішча, імя, імя па бацьку і адрас уладальніка.

На беразе і на лёдзе вадаёмаў забаронена пакідаць бытавое смецце.

 

Пад прыцэлам дзікі

Са студзеня па май дазволена стрэльбавае паляванне на дзікіх кабаноў. На працягу сутак можна здабываць дарослых самцоў дзіка і маладняк да двух гадоў любога полу. Дазваляецца паляваць з вышак і засады. На дарослых дзікоў можна паляваць з наразной паляўнічай стрэльбай  з дульнай энергіяй кулі звыш 3000 джоўляў і гладкаствольнай паляўнічай стрэльбай з выкарыстаннем толькі кулявых патронаў. На маладняк – з наразной паляўнічай стрэльбай з дульнай энергіяй кулі звыш 1500 джоўляў і гладкаствольнай паляўнічай стрэльбы з выкарыстаннем кулявых патронаў і патронаў, забяспечаных карцеччу дыяметрам 6,5 мм і больш.

С. ЗАХАРЭВІЧ,
начальнік Бягомльскай міжраённай інспекцыі
аховы навакольнага і расліннага свету.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *