Что показал рейд по торговым предприятиям Докшицкого района

Нехта з вялікіх сказаў, што парадак – гэта сябра розуму і яго канчатковая мэта. Можна  да яго яшчэ дадаць і дысцыпліну. Сапраўды, калі не прытрымлівацца гэтых двух патрабаванняў, то наўрад ці што талковае можна зрабіць у жыцці. Нават самая геніяльная ідэя і яе распрацоўка можа быць пахавана па прычыне разгільдзяйства яе выканаўцаў. Менавіта недысцыплінаванасць, халатнасць з’яўляюцца прычынай многіх няшчасных выпадкаў і трагедый на вытворчасці. Барацьбу з тым, што перашкаджае высокапрадукцыйнай працы і грамадскай бяспецы, яшчэ ў 2004 годзе пачала Дырэктыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”.  Праверкай таго, як выконваюцца патрабаванні Дырэктывы, зараз займаецца рэйдавая група, створаная распараджэннем райвыканкама на падставе пункта 1 артыкула 53 Закона Рэспублікі Беларусь  “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”. Узначальвае яе намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Шнітко.

У поле зроку рэйдавай брыгады трапілі многія аб’екты, але ў сённяшнім артыкуле спынімся на гандлёвых прадпрыемствах, бо менавіта яны з’яўляюцца аднымі з галоўных у сацыяльным забеспячэнні насельніцтва.

У апошнія гады літаральна на вачах  крамы зрабілі гіганцкі крок з веку мінулага ў сённяшні. Работнікі прылаўка атрымалі ўсё, аб чым так доўга марылі, але атрыманым трэба ўмела распарадзіцца. Аднак з гэтым патрабаваннем не ўсе ладзяць.

Крама вёскі Барсукі – сучаснае прадпрыемства. Гандлёвая зала радуе вока чысцінёй, акуратнай выкладкай шматлікіх тавараў. У добрым настроі ад убачанага, члены рэйдавай групы накіраваліся ў падсобнае памяшканне і атрымалі глыбокі шок. Побач з прыстасаваннямі санвузла, якім крама абзавялася пасля рамонту, у беспарадку валялася тара, а на невялікай адлегласці стаялі скрынкі з таварам. Яшчэ летась раённым цэнтрам гігіены і санітарыі старшыні праўлення райста Ю.І. Ючкавічу было дадзена прадпісанне аб неабходнасці  асобнага памяшкання для санвузла. Прадпісанне выканана не было. Зараз справа перададзена ў суд.

Стараннасці гаспадыні, якая дбае аб сваім доме, не ўбачылі і ў краме вёскі Пруднікі, вакол будынка якой ляжаў некрануты снег. У яго тоўстай коўдры пакупнікі пратапталі сцяжынкі, крыху абтапталі з аднаго боку снег на ганку і такім чынам траплялі ў гэту гандлёвую кропку. Абыякавасць да выканання непасрэдных службовых абавязкаў работнікамі прадпрыемства была бачна паўсюдна: ад нерасчышчанага падыходу да крамы, перапоўненай смеццем скрынкі, рэшткі якога ляжалі і на зямлі, і да неахайнай гандлёвай залы, дзе ў кошыку для гародніны “прывабліваў” пакупнікоў гнілым бокам памідор. Паліцы для хлеба пужалі сваёй пустатой, і было гэта амаль перад абедам (на здымку). Заваліўшыся на бок, ляжаў стэнд з планам эвакуацыі пры пажары. Што датычыцца самога пажару, то да яго пры такой рабоце не так і далёка. Увагу рэйдавай брыгады прыцягнуў незвычайны нацюрморт з правадоў, трайнікоў і электрачайніка, які прымасціўся ля халадзільнікаў. Як аказалася, такім чынам, з парушэннем правіл, у краме сілкуюць халадзільнікі і выкарыстоўваюць электраэнергію для іншых бытавых патрэб. Гэта жывы ачаг для ўзгарання трайніка і гаручых матэрыялаў, якія знаходзяцца побач з ім, па прычыне ўзнікнення вялікага пераходнага супраціўлення ў кантактах трайніка. Самае страшнае, што абароны ад пераходнага супраціўлення яшчэ не існуе. Падобныя «жарты» з мантажом электраабсталявання з боку адказных асоб райста назіраліся і ў краме вёскі Нябышана. Устаноўленае тут халадзільнае абсталяванне, сілкуецца са склада з дапамогай электрапроваду, які перакінуты ў залу праз праём у дзвярах. Тое, што  ад заціскання проваду пашкоджваецца яго ізаляцыя, якая можа прывесці да кароткага замыкання, нікога надта і не турбуе. Калі здарыцца пажар, страты будуць спісаны. Са сваёй кішэні іх яшчэ ніхто не выплачваў.

У краме тавараў паўсядзённага попыту № 20 вёскі Вітунічы, дзе ў халадзільнай вітрыне хоць шарам пакаці ( з-за адзінага батона варанай каўбасы толькі сіратліва выглядваў кавалачак сала), да пажару далёка, бо ад холаду тут замерзла вада ў вёдрах і мінералка ў бутэльках. Пэўна, па гэтай прычыне мясцовыя работнікі прылаўка грэюцца больш моцнымі напоямі, тара з-пад якіх дружнай кучкай размясцілася ў адным з куткоў складскога памяшкання. Праўда, яе прадавец паспрабавала выдаць за толькі што прынятую ад пакупнікоў, хаця ў адной з бутэлек на дне яшчэ плёскаліся рэшткі напою, і  нават тут жа назвала цану фірменнай бутэлькі з-пад бальзаму ёмістасцю 0,2 літра, якой не існуе ў практыцы. Потым удзельнікі рэйду знайшлі яшчэ адну схованку з пустых бутэлек. Апафеозам абуральнага становішча, якое назіралася ў краме, стала куча хламу ў складзе. Каб так запусціць памяшканне, трэба моцна не паважаць сябе, як работніка і як чалавека.

Узнікае і заканамернае пытанне: ці мэтанакіравана наогул выкарыстоўваць будынак, дзе цячэ дах, згніла столь і практычна адсутнічае ацяпленне? На гэта пытанне трэба даць адказ праўленню райста. Па выніках рэйду на парушальнікаў санітарных норм і правіл эксплуатацыі электрапрыбораў складзены пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *