Докшицкие чемпионы и призёры

У першынстве Віцебскай вобласці па лёгкай атлетыцы ўдзельнічалі выхаванцы Докшыцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Прадстаўлялі яны  каманды старэйшага і сярэдняга ўзростаў. Абедзве выйшлі ў прызёры.

На лютаўскія  лёгкаатлетычныя спаборніцтвы сабраліся каманды ДзЮСШ з  усіх раёнаў вобласці  У першы дзень выступалі 15-16-гадовыя спартсмены. Выдатна паказалі сябе нашы юнакі, якія вучацца на дадзены момант у Віцебскім вучылішчы алімпійскага рэзерву: Дзіма Баравінец стаў чэмпіёнам у скачках з шастом, а Косця Юхнавец заваяваў два трэціх месцы ў дзвюх дысцыплінах – шасцібор’і і скачках з шастом. Абодва юнакі выканалі першы дарослы разрад.  Бягомльчанін Арцём Вішняк з новым рэкордам Докшыцкага раёна ў трайным скачку з разбегу (12 метраў 59 сантыметраў) заваяваў другое месца. У эстафетным бегу на розныя дыстанцыі каманда Косці Юхнаўца, Дзімы Баравінца, Арцёма Паляка, вучня Бягомльскай школы, таксама заняла другое  месца. Добрыя вынікі паказалі бягомльскія вучні: Ілья Конанаў — у штурханні ядра і Арцём Паляк – у бегу на 60 метраў. Дзякуючы гэтым высокім вынікам, каманда заняла другое агульнакаманднае месца.

У камандзе сярэдняга ўзросту (13 — 14 гадоў)  практычна ўсе ўдзельнікі былі з Бягомльскай школы.  Сярод іх таксама  вызначыліся лідары. Чэмпіёнскі тытул у штурханні ядра пацвердзіла Ангеліна Перхуровіч. У гэтай жа дысцыпліне Арцём Казановіч  узяў другое месца, а  Арцём Хмялінка  –  трэцяе. Хлопцы штурхнулі ядро на адлегласць большую за 11 метраў і разам са скакуном у даўжыню з разбегу Уладам Юхнаўцом, кожны ў сваёй дысцыпліне, устанавілі асабістыя рэкорды. Бягуння Юлія Пашэвіч, акрамя асабістага рэкорда,  яшчэ выканала трэці дарослы разрад. Дапамог камандзе  Сяргей Каралёнак, навучэнец Віцебскага вучылішча алімпійскага рэзерву, які ў шасцібор’і заняў трэцяе месца.  У выніку докшыцкая каманда сярэдняга ўзросту таксама стала прызёркай: заваявала трэцяе агульнакаманднае месца.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *