Дзяржава – інвалідам

А.А. Тулоўская ў час сустрэчы з членамі пярвічнай арганізацыі інвалідаў Параф’янаўскага сельсавета.

Неабароненыя слаі насельніцтва патрабуюць падтрымкі і дапамогі з боку дзяржавы больш, чым іншыя, бо гэтыя людзі ў сілу свайго нездароўя не могуць самастойна  задавальняць свае жыццёвыя патрэбы. Аб увазе дзяржавы да гэтай катэгорыі насельніцтва наша інтэрвю з намеснікам начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Аленай Тулоўскай.

–   Непрацаздольныя грамадзяне, якія не атрымліваюць працоўную пенсію, маюць права на сацыяльную, – гаворыць Алена Аляксееўна. – Для грамадзян, якія не маюць ні стажу, ні заработку, памер пенсіі па ўзросце складае 50 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму (з 1 лютага БПМ складае 706880 рублёў). Для інвалідаў 1 групы – 85 працэнтаў БПМ, 2 – 65 працэнтаў, 3 – 55 працэнтаў. Для дзяцей да 18 год памер пенсіі залежыць ад ступені страты здароўя. На пенсію па ўзросце маюць права таксама інваліды дзяцінства: мужчыны – па дасягненні 55 год і стажу работы не менш  за 25 год, жанчыны – 50 год і пры стажы  работы не менш за 20 год. Пенсіі па інваліднасці назначаюцца ў наступных памерах: інвалідам 1 групы – 75 працэнтаў, 2 – 65 працэнтаў, 3 – 40 працэнтаў сярэднямесячнага заработку. Калі ў інвалідаў 1 і 2 груп ёсць стаж работы, неабходны для назначэння пенсіі па ўзросце, то пенсія па інваліднасці можа быць назначана ў памеры пенсіі па ўзросце пры адпаведным стажы работы. Калі пенсіянер, які ўжо атрымлівае пенсію па інваліднасці, адпрацаваў 2 гады з больш высокім заработкам, то яму налічваецца новы індывідуальны каэфіцыент з гэтага заробку.

Да пенсіі па інваліднасці ўстанаўліваецца надбаўка за догляд. Інвалідам 1 групы – 100 працэнтаў мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце, адзінокім інвалідам 2 групы, якія, у адпаведнасці з афіцыйным заключэннем, маюць патрэбу ў пастаяннай дапамозе, а таксама пенсіянерам, якія дасягнулі 75-гадовага ўзросту – 75 працэнтаў мінімальнага памеру, 80-гадовага ўзросту – 100 працэнтаў. Мінімальныя памеры пенсій, сацыяльныя пенсіі, а таксама надбаўкі да іх і павышэнні пералічваюцца чатыры разы ў год.

– Пенсія – гэта не адзіны від матэрыяльнай дапамогі дзяржавы, на які можа разлічваць інвалід?

– Не, канечне. Ёсць розныя віды сацыяльных дапамог, праўда, на іх маюць права не ўсе. Непрацаздольным грамадзянам і пажылым людзям, якія жывуць у нястачы, адзін раз у год аказваецца матэрыяльная дапамога з Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва ў  выпадку, калі здароўю ці маёмасці нанесена шкода ў выніку стыхійных здарэнняў, тэхнагенных катастроф, крадзяжоў асабістай маёмасці або іншых складаных сітуацый, якія патрабуюць аператыўнага аказання дапамогі, бо парушаюць нармальную жыццядзейнасць. Летась такую дапамогу атрымала 87 інвалідаў. У асноўным, на рамонт печаў і замену электраправодкі.

Дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога аказваецца малазабяспечаным грамадзянам, сярэднедушавы даход якіх па аб’ектыўных прычынах не перавышае велічыні БПМ. Яна існуе ў двух відах: штомесячная і аднаразовая. Першы від дапамогі аказваецца штомесячна сем’ям і грамадзянам, якія жывуць асобна, і іх сярэднедушавы даход па аб’ектыўных прычынах ніжэй найбольшай велічыні БПМ у сярэднім на душу насельніцтва. У 2011 годзе такі від дапамогі атрымала 20 інвалідаў на суму 10,5 мільёна рублёў. Аднаразовая дапамога выдаецца сем’ям ці грамадзянам, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, пры ўмове, што іх сярэднедушавы даход не перавышае 150 працэнтаў крытэрыю жыцця ў нястачы. За леташні год яе атрымала 7 інвалідаў на суму 3,3 мільёна рублёў.

Акрамя гэтага, дзецям да 18 год, якія не прызнаны інвалідамі, але маюць патрэбу па медыцынскіх паказаннях у тэхсродках, аказваецца сацыяльная дапамога на іх аплату. Права на гэту дапамогу маюць і інваліды 3 групы, акрамя асоб, якія імі сталі па прычыне супрацьпраўных дзеянняў, напрыклад, ап’янення. Летась такая дапамога аказана 30 інвалідам, у тым ліку чацвярым дзецям. Праз наша ўпраўленне аплачваюцца пратэзы для вачэй, шпрыцы інсулінавыя і тэст-палоскі для вызначэння ўзроўню цукру ў крыві.

– Якія меры прымаюцца па стварэнні безбар’ернага асяродку жыццядзейнасці інвалідаў?

– Летась рашэннем райвыканкама зацверджаны план мерапрыемстваў на 2011 – 2015 гады, і, у адпаведнасці з ім, інваліды атрымалі 53 адзінкі тэхсродкаў. Гэта каляскі, матрацы, палкі, хадункі, крэслы, сінтэзатар мовы і іншае.

Хачу яшчэ дадаць, што 9 інвалідаў аформлены ў дамы-інтэрнаты, 1 інвалід 2 групы працаўладкаваны. Кожны з людзей з абмежаванымі магчымасцямі патрабуе індывідуальнага падыходу, і мы стараемся гэта рабіць, каб іх жыццё набыло пазітыўныя фарбы.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *