Геройский комиссар жил в Докшицах

У музеі партызанскага руху імя П.М. Машэрава ёсць малюнак худзенькага кучаравага юнака, зроблены алоўкам на невялічкім аркушы паперы. Унізе подпіс: “Самы малады партызан атрада”. Гэта Валодзя Паруль, якому было на той час 16 год.

Уладзімір Францаваіч Паруль нарадзіўся ў 1924 годзе ў вёсцы Маркава Расонскага раёна Віцебскай вобласці. Перад вайной закончыў Расонскую сярэднюю школу, у якой тады быў настаўнікам будучы першы сакратар ЦК КПБ Пётр Міронавіч Машэраў. У партызаны вучань з настаўнікам пайшлі амаль разам. Валодзя быў вельмі адукаваным для свайго ўзросту хлопцам, ён шмат чытаў, валодаў аратарскімі здольнасцямі, лёгка наладжваў зносіны з людзьмі, быў да адчаю смелым, рашучым, умеў імгненна прыняць правільнае рашэнне ў складанай сітуацыі. У атрадзе імя Петракава брыгады імя Ракасоўскага Паруль стаў камісарам. Гэта быў самы малады партызанскі камісар Беларусі. Яго вельмі любілі ў атрадзе за храбрасць, адвагу, любоў да людзей, выключную сумленнасць. Сам Валодзя ганарыўся тым, што іх атрад лічыўся дыверсійным. Не раз у баявых аперацыях прыходзілася прымаць удзел і камісару.

Аднойчы ён атрымаў загад: пайсці за лінію фронту за рацыяй, бо яна на вайне рашала многае. Заданне было вельмі складаным, але ён яго выканаў. І вось хлопец ужо вяртаецца дадому, не ідзе, а ляціць у атрад як на крылах. Засталося прайсці невялікую заснежаную палянку, затым перайсці вузкакалейку і за ёй – родны лес, які кантралююць партызаны. І раптам зусім блізка ён пачуў гул дрызіны. Куды кінуцца? Дзе схавацца? Скокнуў да бліжэйшай капешкі, скінуў рукавіцы, паскуб сена, каб уціснуцца ў яго, як мага глыбей, але не атрымалася. Дрызіна тым часам спынілася, двое немцаў саскочылі, а астатнія пачалі нечага корпацца ў ёй. Валодзя сеў на снег за капешкай і замёр. Хутка стала холадна, мароз жа не малы, а дрызіна ўсё не ад’язджала. Ад стомленасці стала хіліць да сну. Задрамаў. Схамянуўся ад гуку дрызіны, якая ўжо была ўдалечыні. Схапіўся за грудзі, каб праверыць рацыю, якая была замацавана на іх. Але што гэта? Рукі не слухаюцца, яны як драўляныя. Сяк-так устаў і ўбачыў, што рукавіцы ляжаць на снезе! Рукі ён адмарозіў, пакуль спаў. Пабег хутчэй у атрад. Раптам стала ўсяго калаціць, потым кінула ў гарачку, стала блытацца памяць, і Валодзя зразумеў, што не дойдзе да сваіх. Ішоў па інерцыі, стукаючы рукамі аб елкі, як косткамі. Потым усё перавярнулася дагары нагамі: ён страціў прытомнасць.

Яго знайшоў ляснік. Разам з жонкай яны ўцягнулі хлопца ў хату, расцёрлі, адпаілі травамі. Калі пакінуў хату, у кішэні знайшоў шклянку з гусіным тлушчам, старыя паклалі гаіць рукі. З таго часу кісці рук у Валодзі на ўсё жыццё засталіся ненатуральнага белага колеру.

Пасля вызвалення Беларусі, Уладзімір Паруль ваяваў у танкавых войсках. Узнагароджаны ордэнамі Баявога Чырвонага Сцяга, Чырвонай зоркі, Айчыннай вайны і многімі медалямі.

Пасля службы ў Савецкай арміі скончыў Вышэйшую партыйную школу, педагагічны інстытут. Працаваў у савецкіх і партыйных органах, дырэктарам школы працоўнай моладзі, Докшыцкай сярэдняй школы, а калі выйшаў на пенсію – настаўнікам гісторыі. Доўгі час быў лектарам, узначальваў раённую ветэранскую арганізацыю. Пра баявое мінулае свайго партызанскага атрада напісаў нарыс “Сям’я Нескароных”.  

Уладзімір Францавіч быў вельмі неардынарным чалавекам – вялікім знаўцам, цудоўным аратарам, які сілай свайго слова мог павесці за сабой. Праводзіў вялікую грамадскую работу, сярод якой асноўнае месца займае яго дзейнасць па захаванні памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. Яго намаганнямі сабраны вялікі матэрыял пра Героя Савецкага Саюза І.С. Палявога, які стаў асновай для ўвекавечання памяці пра  лётчыка, які загінуў, і стварэння музея ў сярэдняй школе. Ён вельмі любіў сваю работу дырэктара. Шмат сіл аддаваў ёй і меў бясспрэчны і непахісны аўтарытэт у вучняў. Арганізоўваў для дзяцей працоўныя лагеры, паездкі па Чарнаморскім узбярэжжы, Прыбалтыцы. З гонарам насіў званне артыста народнага тэатра. Нават у сталым узросце ў яго было безліч нерастрачанай энергіі, запалу, смагі пазнання ўсяго новага. Ён выхоўваў у вучнях, сваіх дзецях павагу да ўсіх людзей, бязмерную любоў да Радзімы, смеласць і адвагу. На помніку на яго магіле надпіс: “Он был комиссаром в 17 мальчишеских лет”. Гэта было адзінае, што ён папрасіў у сваіх дзяцей для сябе.

Вольга КАЛБАСІЧ,
загадчыца музея  Докшыцкай СШ № 1.

Один комментарий для “Геройский комиссар жил в Докшицах

  • 05.02.2012 в 12:54 пп
    Permalink

    а что ж музеевед не расскажет как партизаны тут делов наделали? и как жители немца спасли? и как город благодаря этому уничтожен не был?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *