Гордость и слава Докшицкого края
Традыцыйнае свята працаўнікоў раёна сабрала лепшых прадстаўнікоў, якія сваёй добрасумленнай працай прымнажаюць славу нашага краю. Жывёлаводы і будаўнікі, настаўнікі і камбайнеры, электрыкі і вадзіцелі, бібліятэкары і спартсмены атрымалі на злёце перадавікоў сваю порцыю славы і ўдзячнасці за самаадданую працу і творчыя здабыткі. Раздзяліць радасць працоўнага подзвігу на свята прыехалі галоўны спецыяліст упраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Ганна Кастальцова, старшыня Лагойскага раённага Света дэпутатаў Пётр Вабішчэвіч, намеснік старшыні Лагойскага райвыканкама Ліяна Сучкова, начальнік аддзела эканомікі Глыбоцкага райвыканкама Алена Шалонька.
Атмасфера свята адчувалася ўжо ў фае кінаканцэртнай залы “Іскра”, дзе гучала вясёлая народная музыка, размясцілася выстава вырабаў народных майстроў і прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці раёна. Урачыстую частку адкрыў “Святочны марш” у выкананні зводнага аркестра выкладчыкаў дзіцячых школ мастацтваў раёна.
Пасля прывітальных слоў вядучыя мерапрыемства запрасілі на сцэну старшыню раённага выканаўчага камітэта Алега Пінчука.
– Наш рэгіён дастойна выглядае сярод раёнаў вобласці, – сказаў у прывітальным слове ўдзельнікам злёту кіраўнік раёна. – Унутраны валавы рэгіянальны прадукт за 2011 год склаў 361 мільярд рублёў. Аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі павялічыўся больш чым у два разы. Гэтага поспеху ўдалося дасягнуць дзякуючы дастойнай працы калектыву Бягомльскага завода “Ветразь”. Дзве вытворчасці па выпуску прадукцыі, якая ідзе на экспарт, стварыў летась Бягомльскі лясгас. Першыя працоўныя здабыткі значацца на рахунку торфаперапрацоўчага прадпрыемства РВУ “Докшыцырайгаз”, якое было пабудавана ў сціслыя тэрміны. Багатым на здабыткі быў мінулы год для працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Вырашчана і сабрана 70 тысяч тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 28,4 цэнтнера з гектара. Нарыхтавана 38 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную жывёліну. Надоена ў сярэднім 3673 кілаграмы малака ад кожнай каровы. У ДП “Гняздзілава-Агра”, ДП “Порплішча”, ААТ “Таргуны” гэты паказчык наблізіўся да 5000 кілаграмаў. Гэта тое, да чаго павінны імкнуцца ўсе сельскагаспадарчыя вытворцы.
Нягледзячы на скарачэнні выдаткаў, якія накіроўваюцца на сацыяльныя праграмы, у раёне летась пабудавана 10,5 тысячы квадратных метраў жылля. Працягваецца будаўніцтва спартыўна-аздараўляльнага комплексу ў Докшыцах, малочна- таварнай фермы ў в. Вецяра. Па-ранейшаму рамантуюцца тыя, што ёсць, і будуюцца новыя магазіны, завершана будаўніцтва кальцавой дарогі. Для паляпшэння медабслугоўвання насельніцтва ў раён прыехала 12 медработнікаў, яны ўсе забяспечаны жыллём. Радуюць поспехамі вучні школ, якія дастойна выступаюць на алімпіядах рознага ўзроўню, паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы.
На думку Алега Леанідавіча, усе гэтыя поспехі сталі магчымымі таму, што сярод працаўнікоў раёна вельмі шмат працавітых, мэтанакіраваных людзей. У заключэнне свайго выступлення ён шчыра павіншаваў са святам і падзякаваў за працу ветэранам, усім працаўнікам раёна.
Трапным дапаўненнем да выступлення старшыні стала прэм’ера відэафільма аб прыгажосці і своеасаблівасці ўнікальнай прыроды Докшыччыны, яе багатай гісторыі, аб добразычлівых, шчодрых душой людзях, іх працоўных здабытках.
Затым пачалася цырымонія ўзнагароджання, якое праходзіла па некалькіх намінацыях. Узнагароды і падарункі ўручаў старшыня райвыканкама А.Л. Пінчук.
Лепшыя калектывы
У галіне сельскай гаспадаркі перамога заслужана дасталася калектыву ААТ “Таргуны”, які ўзначальвае Аляксандр Тулоўскі. Лепшым сярод прамысловых прадпрыемстваў, безумоўна, стаў калектыў РУВП “Бягомльскі завод “Ветразь”(дырэктар А.В. Сіўко). Лепшымі сталі таксама калектывы філіяла ДРБУ № 180 (дырэктар А.В. Рамейка), Сітцаўскага сельскага Савета дэпутатаў (старшыня І.Ч. Януковіч), РВУ “Докшыцырайгаз” (дырэктар В.В. Няспляк), УА “Параф’янаўская ДАСШ” (дырэктар В.К. Каросцік), дзіцячай раённай бібліятэкі (загадчыца А.У. Гудзь), Параф’янаўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі (загадчыца Л.А. Зорычус). За лепшую пастаноўку ідэалагічнай работы быў адзначаны калектыў ДЛГУ “Бягомльскі лясгас” (дырэктар А.І. Пракопаў), за лепшую арганізацыю фізкультурна-масавай работы — РУП ЖКГ «Докшыцы-камунальнік» (дырэктар А.У. Хілько).
Лепшыя па прафесіі
Прозвішчы герояў гэтай намінацыі будуць занесены на раённую Дошку гонару. Пасведчанні “Лепшы па прафесіі” і грашовыя прэміі атрымалі сёлета трактарыст-машыніст ДП “Гняздзілава-Агра” Ю.Я. Ламановіч, старшы камбайнер У.П. Лаўцэвіч і вадзіцель С.В. Юшкевіч ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, аператар машыннага даення ААТ “Таргуны” Н.Л. Саковіч, загадчык МТФ “Атрубок” ДП “Гняздзілава-Агра” В.І. Жалюбчык, аператар па вырошчванні і адкорме свіней ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” С.У. Есаулкаў, галоўны інжынер ДП “Агра-Сітцы” П.С. Януковіч, дырэктар ДП “Гняздзілава-Агра “ С.У. Абірала, ветурач ДЛПУ “Докшыцкая раённая ветстанцыя” М.Б. Курцэвіч, дырэктар РВУ “Докшыцырайгаз” В.В. Няспляк, старшыня Сітцаўскага сельвыканкама І.Ч. Януковіч, галоўны спецыяліст апарата раённага Савета дэпутатаў Л.І. Ждановіч, майстар змены філіяла “Докшыцкі хлебазавод” А.Ф. Варанкевіч, цясляр ПМК -52 І.Б. Берднікаў, вадзіцель ДРБУ № 180 Я.В. Модаль, прадавец райста А.В. Касцюк, вадзіцель каапаўтабазы А.П. Аліноўскі, прыёмшчыца Сітцаўскага КПП К.М. Шарох, слесар-сантэхнік філіяла № 1 РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” І.У. Атрахімовіч, начальнік штаба РАУС А.А. Ставер, фельчар Вілейскага ФАПа І.Р. Гараніна, загадчыца аддзялення Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Д.В. Лявоха, паштальён РВПС І.Ф. Гмырак, начальнік сектара касавай работы разлікова-касавага цэнтра ААТ “Белаграпрамбанк” І.М. Мацюшонак, ляснічы Вітуніцкага лясніцтва А.І. Давідовіч, бібліятэкар Янкаўскай сельскай бібліятэкі А.М. Гаўрыловіч, загадчыца УА “Крулеўшчынскі сад-яслі” І.А. Бабіч, слесар РВУ “Докшыцырайгаз” С.В. Суднік, майстар РЭС П.І. Ючкавіч, трэнер-выкладчык дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы І.Д. Рацькавіч, фермер Л.І. Юхнавец.
На раённую Дошку гонару заносяцца таксама калектывы: ААТ «Таргуны», РУВП “Бягомльскі завод “Ветразь”, РВУ “Докшыцырайгаз”, УА “Параф’янаўская ДАСШ”.
Дасягненні года
Дасягненні працаўнікоў дадзенай намінацыі пацверджаны на абласным і рэспубліканскім узроўнях. На сцэну запрашаліся кіраўнікі, чые калектывы сталі пераможцамі розных аглядаў, конкурсаў, спаборніцтваў.
ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” (1-е месца ў аглядзе-конкурсе “Землекарыстанне высокай культуры земляробства”), Бягомльскі лясгас (1-е месца ў абласным спаборніцтве па вытворчых паказчыках і 2-е – у абласным спаборніцтве “Лесаруб-2011”), Вітуніцкае лясніцтва (1-е месца ў абласным спаборніцтве па вытворчых паказчыках), РВУ “Докшырайгаз” (2-е месца ў абласным аглядзе-конкурсе вытворчых баз, 3-е месца ў вобласці за арганізацыю работы па ахове працы, прызавыя месцы ў некалькіх намінацыях на абласным аглядзе мастацкай самадзейнасці), РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” (1-е месца ў абласной спартакіядзе і аглядзе-конкурсе мастацкай самадзейнасці), Янкаўская сельская бібліятэка (дыпламант абласнога тура рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”), Крулеўшчынскі дзіцячы сад-яслі (2-е месца на абласным конкурсе “Лепшая дашкольная ўстанова года”), РВЭС (2-е месца на абласных спаборніцтвах па шматбор’і), раённае аддзяленне Дэпартамента аховы (2-е месца ў рэспубліцы па выніках прафесійнай дзейнасці,1-е месца ў вобласці за арганізацыю прафесійнай падрыхтоўкі), Докшыцкае ПМС (2-е месца ў абласным конкурсе па добраўпарадкаванні тэрыторыі вытворчых баз), Докшыцкі хлебазавод (2-е месца на абласной зімовай спартакіядзе па лыжных гонках і міні-футболе), Параф’янаўскі СДК (дыплом за лепшую сцэнаграфію на абласным конкурсе аматарскіх тэатраў “Тэатральныя далягляды вёскі”), Бярозкаўскі СДК (дыплом на абласным конкурсе гульнявых праграм “Вясёлкавы карагод-2011”), аддзел бібліятэчнага маркетынгу ЦБС (дыплом на абласным конкурсе “Інавацыі ў рабоце бібліятэк-2011”), раённы Цэнтр дзяцей і моладзі (3-е месца на рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры і дзіцячай творчасці “Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне”), УА “Парплішчанская ДАСШ” ( 2-е месца ў абласным конкурсе малых архітэктурных формаў “Алімпійская гісторыя”, 3-е месца ў абласной культурна-экалагічнай акцыі “Зялёнае ўбранне школы”), УА “Тумілавіцкая ДАСШ-сад” (3-е месца на абласной выставе-конкурсе метадычных матэрыялаў “Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне”), Бягомльская міжраённая інспекцыя аховы расліннага і жывёльнага свету (2-е месца ў вобласці за высокія паказчыкі ў прыродаахоўнай дзейнасці).
На злёце яшчэ раз былі ўшанаваны С.У. Абірала, М.А. Курдзека, В.І. Аніковіч, якія атрымалі высокае званне “Чалавек года Віцебшчыны-2011”.
Найбольш шматлюднай атрымалася намінацыя, у якой ушаноўвалі ўладальнікаў ганаровых узнагарод і званняў рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў. Сярод іх былі пераможцы прафесійных аглядаў, конкурсаў, вучнёўскіх алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў.
Пасля заканчэння цырымоніі ўзнагароджвання А.Л. Пінчук яшчэ раз падзякаваў удзельнікам злёту за самаадданую працу. Удзельнікі мастацкай самадзейнасці парадавалі вялікім цудоўным канцэртам, у якім выступілі лепшыя самадзейныя артысты і калектывы раёна.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКАХ: А.Л. Пінчук віншуе з перамогай спецыялістаў РВУ “Докшыцырайгаз”; пераможцы намінацыі «Дасягненні года».
Фота В. Чарвінскага.