«Крыштальная сава» прыляцела ў Докшыцы
Докшыцкае раённае аддзяленне Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь, якое ўзначальвае маёр міліцыі Аляксандр Палідавец, па выніках працы за 2011 год заняло другое месца ў рэспубліцы. З гэтай нагоды аддзяленню, акрамя дыплома, была ўручана «Крыштальная сава», бо менавіта гэта птушка, як сімвал начнога дазору, упрыгожвае эмблему аховы.
Аддзяленне, у якім працуе 97 чалавек, ажыццяўляе ахову грамадскага правапарадку і аб’ектаў розных форм уласнасці. Арганізацыя самаакупная. Грошы для свайго існавання зарабляе ахоўнай дзейнасцю. Зараз пад аховай знаходзіцца 329 аб’ектаў розных форм уласнасці. Гэта гандлёвыя прадпрыемствы, адміністрацыйныя будынкі, а таксама 194 уласныя кватэры. Ахова маёмасці ажыццяўляецца з дапамогай сучасных тэхнічных сродкаў: аўтаматызаваных сістэм “Алеся” і “Наватэх-РДО”, а там, дзе адсутнічае стацыянарная тэлефонная сувязь, выкарыстоўваецца навейшая сістэма “Аларм-GCM”. Захавалася і вартаўніцкая ахова, якую прадстаўляе 35 вартаўнікоў. Летась аддзяленнем аказана паслуг на 2,5 мільярда рублёў.
Даходы ад ахоўнай дзейнасці дазваляюць не толькі поўнасцю забяспечваць патрэбы ў матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні, але і мець тры групы затрымання, якія патрулююць Докшыцы кругласутачна, Бягомль — з 18.00 да 9.00 гадзін. Дарэчы, аддзяленняў, якія не могуць сабе гэтага дазволіць у сілу недахопу фінансаў, у рэспубліцы, у тым ліку і ў нашай вобласці, далёка не адзінкі. А між іншым, пасля таго, як спыніла сваю дзейнасць патрульна-паставая служба аддзела ўнутраных спраў, менавіта групы затрымання аддзялення аховы з’яўляюцца самай хуткай і самай мабільнай дапамогай, калі трэба не толькі спыніць крадзеж маёмасці, схапіць злачынцу па гарачых слядах, але і ўціхамірыць хулігана, супакоіць сямейнага дэбашыра, спыніць бойку на дыскатэцы ці ў іншым грамадскім месцы. Моцных узброеных хлопцаў прадстаўнікі вызначанага кантынгенту ведаюць у твар і адразу пры іх з’яўленні становяцца законапаслухмянымі грамадзянамі. Летась на месца здарэння па загадзе дзяжурнага РАУС група затрымання выязджала 381 раз. Супрацоўнікамі аховы выяўлены 732 адміністрацыйных правапарушэнні, спынена раскраданне прадукцыі на суму 12286 тысяч рублёў. Асабовым саставам раскрыта 16 злачынстваў, у тым ліку і па лініі крымінальнага вышуку. Праведзены 42 рэйды па выяўленні фактаў парушэння патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта № 18. У час іх знойдзены і знішчаны 1991,4 літра алкагольнай прадукцыі. У райаддзел міліцыі перададзена 9 інфармацый пра кропкі самагонаварэння.
Трапіць на службу ў аддзяленне – задача не з простых. Каб стаць міліцыянерам-ахоўнікам, трэба мець добрую фізічную падрыхтоўку, адпаведныя маральныя якасці, быць мужным і рашучым у барацьбе са злачыннасцю. Менавіта такімі байцамі з’яўляюцца міліцыянер-вадзіцель прапаршчык міліцыі Міхаіл Крывадубскі, міліцыянер-кінолаг сяржант міліцыі Аляксандр Юхнавец, міліцыянер узвода міліцыі прапаршчык Валерый Мандрук. Добрасумленна нясуць сваю службу вартаўнік Уладзімір Ярошаў, ахоўнік Марына Мячыла, электрык Віталій Яцкоўскі, дзяжурная пульта Фаіна Козел.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.