Мастер из РУП ЖКХ «Докшицы-коммунальник»

На снимке: слесарь-сантехник И.В. Атрахимович.

Такіх людзей, як Іван Атрахімовіч, называюць майстрамі на ўсе рукі. Вадзіцель па прафесіі, Іван Уладзіміравіч па волі лёсу ў 2004 годзе стаў рабочым  прадпрыемства, якое займалася мантажом сантэхнічнага абсталявання. Новую прафесію засвойваў, што называецца, з налёту. Але, маючы інжынерны склад розуму, які дазваляе яму сёння нават чытаць чарцяжы, залатыя рукі і прыродную кемлівасць, ён праз вельмі кароткі час здолеў стаць незаменным работнікам у філіяле № 1 РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”. Атрымаў высокакваліфікацыйны 5-ы разрад слесара-сантэхніка. Калі не ў самыя лепшыя часы для прадпрыемства многія з тых, з кім пачынаў, у пошуках большага заработку кінуліся ў іншыя месцы, ён застаўся верным свайму калектыву.    

Іван Уладзіміравіч умее ўсё, што датычыцца мантажу сістэм ацяплення, водазабеспячэння, каналізацыі. Работу сваю заўсёды выконвае якасна, не любіць, каб людзі пра яго, як  спецыяліста, гаварылі дрэннае. Яго вопыт і веды незаменныя  ў час ліквідацыі розных аварыйных сітуацый.

Зараз Іван Атрахімовіч праводзіць работы па разводцы сістэмы водазабеспячэння водна-аздараўляльнага комплексу — і можна не сумнявацца, што яны будуць зроблены ў тэрмін і якасна. Для Атрахімовіча гэта  з’яўляецца прафесійным гонарам.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *