МТФ «Отрубок» — лучшая в Докшицком районе
Які раздой, такі і надой. Так лічыць адзін з лепшых начальнікаў жывёлагадоўчых комплексаў раёна Віктар Іванавіч Жалюбчык (на здымку). Працуе ён у Атрубку. Узначальвае калектыў жывёлаводаў з таго часу, як увялі ў дзеянне (а было гэта два з паловай гады таму) у ДП “Гняздзілава-Агра” ферму новага пакалення: з даільнай залай, камп’ютарызаваную. А да таго загадваў калектывам фермы “Жары”, якая на працягу дзесяцігоддзя лічылася лепшай у дзяржаўным прадпрыемстве і адной з лепшых у раёне. Час ідзе, усё мяняецца. Апрача змен, якія адбыліся ў тэхналогіі вырошчвання жывёлы, змяніліся ўмовы працы жывёлаводаў, а таксама іх адносіны да работы. Як сказала жонка Жалюбчыка, ён на рабоце знаходзіцца больш часу, чым дома. І нават дробязныя непаладкі там імкнецца выправіць адразу, а дамашнія праблемы вырашае ў апошнюю чаргу. У гэтым нельга бачыць негатыўнае, бо палітыка дзяржавы накіравана на тое, каб чалавек аддаваў сябе поўнасцю рабоце, і стварае ўмовы жыцця вяскоўцаў максімальна прыбліжаныя да гарадскіх.
На комплексе ў Атрубку дойны статак складаецца з 530 кароў. 120 цялушак стаяць на чарзе для яго папаўнення. Чатыры даяркі, сярод якіх віртуоз аператарскай справы Ала Губіева, спраўляюцца з пастаўленай задачай на выдатна. Па выніках мінулага года, імі надоена 2606 тон малака. Сярэдні надой ад каровы склаў 5677 кілаграмаў пры таварнасці 95 працэнтаў. Практычна, усё малако пайшло на рэалізацыю класам экстра. За кошт чаго атрымалі такія вынікі? Начальнік комплексу ўпэўнены, што справа гэта агульная. Падабраўся дружны калектыў. Кожны жывёлавод працуе на канчатковы вынік. Адказнасць высокая. Заработная плата – таксама. Ёсць зацікаўленасць, падтрымка з боку кіраўніцтва, агульнае паразуменне. А высокаўдойнымі атрымаліся каровы пасля таго, як іх правільна раздаілі і правільна накармілі. Генафон дойнага статка з Атрубка аналагічны ўсёй жывёле дзяржпрадпрыемства, бо вырашчаныя кароўкі на ферму “Атрубок” пайшлі ад сваіх кароў.
Нэлі Бяляўская.