Правільны «трап» для «самалёта» твайго жыцця

Кажуць, калі не верыш у лёс, тады мусіш сам яго стварыць. “Трапам” для “самалёта” свайго жыцця з’яўляецца выбар прафесіі, уласнай справы, якой маеш прызначэнне аддаць сябе цалкам. Бо калі гэты “трап” абраць няправільна, то можна так і не ўзняцца на “самалёт”, можна пражыць звычайнае жыццё, але так і не “ўзляцець”. Менавіта дзеля таго, каб кожны школьнік раёна абраў свой працоўны шлях, мясцовым кіраўніцтвам удзяляецца асобая ўвага пытанню прафарыентацыі ў сістэме навучання. На апошняй нарадзе аддзела адукацыі райвыканкама была  падрабязна разгледжана названая тэма і прынята рашэнне па правядзенні тэматычнага семінара ў Бярэзінскай і Глінскай сярэдніх школах. Семінар пад назвай  “Сучаснае адукацыйна-прафесійнае асяроддзе ў сістэмным станаўленні  прафарыентацыйнай дзейнасці” адбыўся на мінулым тыдні.

Кажуць, калі не верыш у лёс, тады мусіш сам яго стварыць. “Трапам” для “самалёта” свайго жыцця з’яўляецца выбар прафесіі, уласнай справы, якой маеш прызначэнне аддаць сябе цалкам. Бо калі гэты “трап” абраць няправільна, то можна так і не ўзняцца на “самалёт”, можна пражыць звычайнае жыццё, але так і не “ўзляцець”. Менавіта дзеля таго, каб кожны школьнік раёна абраў свой працоўны шлях, мясцовым кіраўніцтвам удзяляецца асобая ўвага пытанню прафарыентацыі ў сістэме навучання. На апошняй нарадзе аддзела адукацыі райвыканкама была  падрабязна разгледжана названая тэма і прынята рашэнне па правядзенні тэматычнага семінара ў Бярэзінскай і Глінскай сярэдніх школах. Семінар пад назвай  “Сучаснае адукацыйна-прафесійнае асяроддзе ў сістэмным станаўленні  прафарыентацыйнай дзейнасці” адбыўся на мінулым тыдні.

– Мы вырашылі ўзяць дзве вясковыя школы з найбольш моцнай (Глінская СШ) і найбольш слабай пазіцыяй (Бярэзінская СШ) у прафарыентацыйнай рабоце, – распавядае выконваючая абавязкі начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Рыма Ульская. – Менавіта іх – яшчэ і па той прычыне, што, на жаль, невялікі працэнт выпускнікоў вяртаецца жыць і працаваць у вёску.

Верагодна з гэтым звязана таксама і памяншэнне колькасці вучняў у Бярэзінскай  школе – зараз тут 46 дзяцей, 10 наведваюць дзіцячы садок. І хоць дагэтуль вынікі плённай прафарыентацыйнай работы школы не былі надта заўважаны ў раёне, у рамках семінара было падрыхтавана насычанае і цікавае мерапрыемства “Свет прафесій  і маё месца ў ім”. Спачатку цёплымі апладысментамі госці былі прыняты ў школьную сям’ю, колькі хвілін пасля адбыўся “парад прафесій”. Паказалі, на што здольныя ў якасці “прафесіяналаў” будаўніка, доктара, выхавацеля і гэтак далей – самыя маленькія. Прыйшлі дзеля інтэрв’ю са старшакласнікамі прадавец мясцовай крамы Г.П. Сарока і галоўны ўрач Бярэзінскай бальніцы Г.М. Сяцко. Праца земляроба і значэнне хлеба ў нашым жыцці былі добра “праілюстраваны” вершам “Хлеб” М. Танка. Слайды, якія прадэманстравалі славутых працаўнікоў вёскі, дапоўнілі і завяршылі разнастайную  карціну мерапрыемства.

У Глінскай сярэдняй школе парадавала вока выстава-экскурс, якая паказала працу творчых гурткоў. Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Т.М. Загорская выступіла з прэзентацыяй “Падрыхтоўка школьнікаў да асэнсаванага выбару прафесіі праз сістэму прафарыентацыйнай работы”, у якой падзялілася карыснай інфармацыяй і здабыткамі школы ў гэтым  кірунку.  Лепш за ўсё, як правіла, пра гэта кажуць вынікі, увасобленыя ў сухія лічбы. Такім чынам, большы працэнт вучняў Глінскай СШ за перыяд з 2006 па 2011 гады выбралі педагагічныя спецыяльнасці (25 %), затым – тэхнічныя (21 %) і сельскагаспадарчыя (18 %). Працаўладкаванне глінскіх выпускнікоў пасля заканчэння ВНУ мае стабільна высокія паказчыкі, з 2006 года яны відавочна пераважаюць колькасць працаўладкаванняў пасля ССНУ і ПТВ.  

Пасля госці з дырэктараў школ раёна і іх намеснікаў раздзяліліся на тры групы і накіраваліся – хто ў падарожжа ў краіну прафесій “Цудоўнае далёка: кім быць?” у чацвёрты клас, хто на карэкцыйна-развіваючы занятак “Я ў свеце прафесій” да школьнага псіхолага Т.В. Гмырак. Апошняя група наведала інтэрактыўную прэс-канферэнцыю “Калейдаскоп прафесій” з вучнямі сярэдняга і старэйшага звяна на чале з класным кіраўніком 8 класа Л.У. Дранковіч. У актавай зале былі падрыхтаваны пазнавальныя прафесійныя сустрэчы “Дзеля жыцця на зямлі” з працаўнікамі глінскага краю. Завяршылася мерапрыемства падвядзеннем вынікаў з удзелам старшыні райвыканкама А.Л. Пінчука, яго намесніка па сацыяльных пытаннях В.Ю. Рандарэвіч, в.а. начальніка аддзела адукацыі Р.Ф. Ульскай. 

Вынікі, задачы,
крытэрыі работы

– Перад школамі раёна стаіць задача – найбольш поўна і якасна інфармаваць вучняў, пачынаючы з першага класа, пра карысныя прафесіі вёскі і горада, убачыць у кожным школьніку асаблівыя здольнасці да той ці іншай справы, падказаць, накіраваць, – выказаў пазіцыю старшыня райвыканкама Алег Пінчук. – Калі настаўнік да дзіцяці ставіцца са шчырасцю і чуласцю, то і вучань цягнецца да яго, мае інтарэс да прадмета гэтага выкладчыка. Патрэбна аддача кожнага: дырэктара, яго намесніка, настаўніка, каб своечасова зарыентаваць, растлумачыць, развіць у вучня схільнасці да справы, якая яму даспадобы. Тады яна ў будучыні будзе прыносіць карысць і яму, і нам з вамі.

Галоўным вынікам працы педагогаў былі  названы  два крытэрыі: гэта перамогі на раённых і абласных алімпіядах, і паступленні ў ВНУ, і далейшае працаўладкаванне выпускнікоў. Зараз ужо можна падвесці вынікі па першым крытэрыі. Кіраўніцтвам раёна, як лепшыя ў гэтым кірунку, былі адзначаны Параф’янаўская СШ (сёлета 4 пераможцы абласных алімпіяд), Бягомльская СШ (тры дыпломы абласнога этапу) і Глінская СШ (2 пераможцы на вобласці). Нездавальняючая работа ў гэтым годзе назіралася ў дзвюх гарадскіх школах – пры вялікай колькасці вучняў яны маюць толькі па адным пераможцу абласнога этапу алімпіяд, Крулеўшчынская сярэдняя школа – адна з буйнейшых школ раёна, якая таксама штогод мела не аднаго пераможцу – сёлета не мае ніводнага дыплома.

Такім чынам, кірунак дзейнасці ў прафарыентацыйнай рабоце абазначаны. І кожны вучань ужо сёння чакае годнай парады і падтрымкі ў вызначэнні свайго лёсу, і гэта справа не аднаго дня. Настаўнікі, наперад!

Тэкст і фота Таццяны МАЦЮШОНАК.
   
НА ЗДЫМКУ: вучні 9-га класа Глінскай сярэдняй школы распавядаюць аб  прафесіі  повара-кандытара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *