Самородок из Докшицкой глубинки
Шчаслівае доўгае жыццё наканаваў Бог сям’і Івана Кузьміча і Адэлі Антонаўны Аніковічаў з Маставухі. Назва вёскі пайшла пасля таго, як выпраўлялі вусце ракі Бярэзіна і будавалі каля Чарнічкі мост. Хтосьці так ёмка ахрысціў заселеную хутарамі мясцовасць, што афіцыйную назву іншыя нават і не ведаюць: вёска за мостам. Вось у гэтай мясцовасці, побач з маляўнічай прыродай, дзе вясной сплятаецца ў квецені чаромха і вабіць да сябе салодкім пахам таполя, дзе шырока раскінулі свае разгалінаваныя кроны два магутныя дубы, стаіць дом былога брыгадзіра Івана Кузьміча. Некалі ў ім нарадзіліся трое дзяцей. Бацькоўскім гонарам з’яўляецца кожны: сыны-працаўнікі – перадавікі вытворчасці, дачка — настаўніца. Але ўсе разам – добрыя людзі: шчырыя, добрасумленныя, спагадлівыя.
Чарговымі прыгоршчамі крынічнай вады, якой наталілі душу бацькі, стала прызнанне іх малодшага – Вячаслава – “Чалавекам года Віцебшчыны-2011”. І хай сабе прыйшло ў звычку, што кожны год іх Чэсь выходзіць у пераможцы спаборніцтва ў розных намінацыях, што адзначаюць яго працу граматамі, дыпломамі, каштоўнымі падарункамі, гэта навіна – найбольш прыемная.
– На сваім прыкладзе выхоўваў дзяцей, – неяк крыху збянтэжыўся Іван Кузьміч. – Заўсёды гаварыў, што калі ўзяўся за справу, то давядзі яе да толку. Сумленне – гэта тое, што чалавек не павінен згубіць ні ў якім разе. З цяжкасцямі трэба спраўляцца, здароўе – берагчы, а да працы – адносіцца з душой. Які выбраць шлях у жыцці, я дзецям не прапаноўваў, а мець сумленне – раіў.
Добра засвоіў бацькоўскі ўрок Вячаслаў. Ні былое кіраўніцтва калгаса імя Гагарына, дзе пачынаў сваю працоўную дзейнасць В.І. Аніковіч, ні цяперашняе кіраўніцтва ААТ “Таргуны” не скажа дрэннае слова ў адрас перадавога вадзіцеля. Працавіты мужчына і адказны. Любую справу можна давяраць – з кожнай справіцца на выдатна: і на ўборцы зерневых выйдзе ў лідары, і на корманарыхтоўцы.
Цяга да тэхнікі праявілася ў Вячаслава яшчэ ў дзяцінстве. Хадзіў хлопец у школу і ведаў, што пасля яе заканчэння вывучыцца на шафёра. Дарэчы, першай узнагародай стала Грамата ДСААФ “Ураджай” за выдатныя поспехі курсанта Вячаслава Аніковіча, які скончыў аўташколу з адзнакай. Далей былі граматы сяржанта Аніковіча за баявую і палітычную падрыхтоўку ў час тэрміновай службы. Затым, больш чым 30, за працоўныя дасягненні.
– Я ніколі не ставіў мэты выйсці ў перадавікі, – дзеліцца сваімі думкамі Вячаслаў Іванавіч. – Проста працаваў ад душы, стараўся справіцца з даведзеным заданнем. Рабіць найлепшым чынам, перавыконваць нормы выпрацоўкі – для мяне гэта важна. Справа наша сялянская такая, што марудзіць нельга. Трэба “схапіць” вырашчанае: асыпецца зерне, прыб’е да зямлі каласы непагадзь – і пойдзе затрачаная праца людзей у нікуды.
– Жнівеньскую стому я люблю асабліва, – гаворыць Аніковіч. – Прыходзіш дамоў позна, здаецца, і ногі, і рукі трасуцца. Закрыеш павекі, а ў вачах нязжатая збажына стаіць. Чакаеш раніцы, каб хутчэй зноў сесці за штурвал камбайна.
За Вячаславам Іванавічам замацаваны зернеўборачны камбайн КЗС-10К і кормаўборачны –“Ягуар”. Практычна з вясны да позняй восені ён працуе на іх. Зімой – рамантуе. Таксама дае водпускі механізатарам, якія заняты на пагрузцы і раздачы корму жывёле. Значыць, не бывае без справы чалавек ні ў якую пару года, калі працаваць умее і хоча. І тым не менш, калі выпадае вольная гадзіна, абавязкова загляне на стаянку да сваёй тэхнікі, абыдзе кругом, падумае над тым, што і як трэба зрабіць.
Свой водпуск бярэ Вячаслаў Аніковіч толькі зімой. Трэба з дамашнімі клопатамі справіцца, парыбачыць. Зімовая рыбалка –– самы любімы від адпачынку. Тут асалода ад цішыні і спакою, прыгажосці прыроды. Тут жа і матэрыяльная зацікаўленасць: рыба, здабытая ўласнымі рукамі, лічы, нічога не каштуе.
Ды, увогуле, справа не ў гэтым. Аніковічы зарабляюць нядрэнна. Гаспадар – у полі, гаспадыня – у жывёлагадоўлі. Маюць і дамашнюю гаспадарку немалую. Сыны – Жэня і Іван – ужо дарослыя. Да працы прывучаныя. І зараз прыязджаюць з горада і адразу ўключаюцца ў работу. Пасля школы абодва былі ў бацькі памочнікамі камбайнера, а таму ведаюць, што лёгкай працы не бывае. Калі Жэня ўжо “на сваім хлебе”, то Ваня набывае прафесію эканаміста. Вячаслаў Іванавіч, як некалі і яго бацька, дзецям дарогу жыцця не выбірае, бо лічыць, што справа гэта асабістая.
Кожны дзень, летам звычайна раніцай, а зімой – увечары, едзе за два кіламетры на сваім аўто Чэсь да бацькоў. Пастарэлі яго продкі, паслабелі. Цяпер яны чакаюць дапамогі ад дзяцей, а таксама пяшчоты і душэўнай цеплыні. Не скупіцца на гэта Вячаслаў, па характары такі, ды і ў свядомасці яго трывала закладзена народная прымаўка: “Што пасееш, тое і пажнеш”.
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.