Шахматисты из Докшиц завоевали золото
На працягу трох дзён з 17 па 19 лютага ў горадзе Дуброўна праходзіла каманднае першынство вобласці па шахматах паміж сельскімі раёнамі. У ім узялі ўдзел каманды Докшыцкага, Лепельскага, Пастаўскага, Глыбоцкага раёнаў і дзве каманды выставілі гаспадары спаборніцтваў – дубровенцы.
Шахматысты змагаліся за першынство на трох дошках. Сама ж гульня праходзіла ў некалькі этапаў. 17 лютага адбыўся першы тур, 18 лютага – яшчэ чатыры, а 19 лютага праходзіў бліц-турнір.
Наш раён прадстаўляла каманда з трох удзельнікаў. Усе яны занялі прызавыя месцы.
На першай дошцы перамог Вячаслаў Жыткавіч, на другой – Сяргей Валодзькін узяў трэцяе месца, а бясспрэчным лідарам на трэцяй дошцы стаў Аляксандр Садоўскі. Асабістыя вынікі дазволілі нашай зборнай упэўнена заваяваць золата ў камандным заліку. Другое месца ў каманды Дуброўна-1, трэцяе месца заваявалі прадстаўнікі Глыбокага.
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) Сяргей Валодзькін, Аляксандр Садоўскі, Вячаслаў Жыткавіч.
Турнір па міні-футболе
Напярэдадні 23 лютага ў спартыўнай зале гарадской сярэдняй школы № 2 адбыўся традыцыйны турнір па міні-футболе, які быў прысвечаны Дню абаронцаў Айчыны. У спаборніцтвах удзельнічала 6 каманд: ДРСУ № 180, РПУ “Докшыцырайгаз”, РУП ЖКХ “Докшыцы-камунальнік”, ДП “Порплішча”, зборная Крыпульскага сельсавета і каманда Докшыцкага РЭС.
Гулялі ў дзвюх падгрупах па кругавой сістэме. Затым пераможцы абедзвюх падгруп згулялі ў стыкавых матчах. У выніку папярэдніх гульняў за трэцяе-чацвёртае месцы змагаліся каманды ДРСУ № 180 і “Крыпулі”. Перамогу і трэцяе месца ў турніры атрымалі “Крыпулі”. У фінале спаборнічалі каманды “Докшыцырайгаз” і “Докшыцы-камунальнік”, якія з’яўляюцца даўнімі сапернікамі. На гэты раз мацнейшымі аказаліся футбалісты з “Докшыцырайгаза”– у іх першае месца, другое – у РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”.
На абласной лыжні
Нядаўна ў Віцебску адбылося абласное культурна-спартыўнае свята “Віцебская лыжня”, якое праходзіла ў рамках рэспубліканскай “Беларускай лыжні-2012”. Лыжную каманду з Докшыц прадстаўляла 16 чалавек – школьнікаў і дарослых — на чале са старшынёй райвыканкама Алегам Пінчуком і яго намеснікам Вялянцінай Рандарэвіч. Пераможцы вызначаліся толькі ў асабістых заліках. Наш Сяргей Дзятлаў, які працуе ў Докшыцкім аддзяленні Дэпартамента аховы, заваяваў 2 месца.
С. КАШЧЭЕЎ,
начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама.