Стал отцом — будь им
Сучасны тата для свайго дзіцяці часта становіцца недаступным, аддаленым, няўлоўным. Роля кармільцы прымушае яго шмат працаваць і траціць час на вырашэнне дзелавых пытанняў. Бачаць тату дзеці, як правіла, толькі вечарам і тое змораным і хмурым. Яго найчасцей хапае на газету і тэлевізар. Праца, захапленні, жыццё таты праходзіць міма выхавання дзяцей. Ён – не партнёр, не сябар, а нейкая каральная інстанцыя. Мамы часта пужаюць непаслухмяных дзяцей: “Вось скажу тату, ён табе пакажа!” А між іншым, роля бацькі ў сям’і зусім іншая і вельмі важная. У гэтым запэўнівала псіхолаг раённай цэнтральнай бальніцы Валянціна Каляда:
– Бацька для дзіцяці – не проста родны чалавек, а ўзор мужчыны, сімвал мужнасці, прыклад для пераймання, увасабленне дысцыпліны і парадку. Менавіта тата ўплывае на фарміраванне ў дзіцяці такіх якасцяў, як стрыманасць, няспешнасць, эмацыйная ўраўнаважанасць, спакой, аптымізм, выканальнасць, адказнасць, здольнасць да ініцыятывы, адаптацыі да сацыяльных умоў, процістаяння агрэсіі.
– Каб бацька меў станоўчы ўплыў на дзяцей, якімі якасцямі ён сам павінен валодаць?
– Самае важнае – бацька павінен быць даступным для дзіцяці, мець жаданне і цярплівасць растлумачваць незнаёмую з’яву, прадметы, вопыт. Ён павінен хваліць за поспехі, уключацца ў сумесную дзейнасць з дзіцем, не толькі гульні, але і вучобу, са шчырай цікавасцю сачыць за развіццём дзіцяці, несці адказнасць за матэрыяльнае забеспячэнне яго патрэб.
– Якія памылкі робяць бацькі ва ўзаемадзеянні са сваімі дзецьмі?
– Першае – гэта кантактная адсутнасць па розных прычынах, што становіцца крыніцай непаразумення, недаверу, канфліктаў. Другое – гэта няўменне ці нежаданне знешне праяўляць любоў, пяшчоту. У нашы дні любоў таты да дзіцяці часцей за ўсё выражаецца ў пакупцы дарагой цацкі, тэлефона, камп’ютара ці іншай рэчы. Але значна больш дзіцяці патрэбны бацькоўская ўвага, спагадлівасць, разуменне, сяброўства, зацікаўленасць яго справамі і захапленнямі. Трэцяя памылка – гэта перавага ганьбавання над пахвалой. Многія таты мяркуюць, што выхоўваць – значыць даваць заўвагі, забараняць, караць. У выніку дзіця становіцца няўпэўненае ў сабе, чакае ад акаляючых негатыўнай ацэнкі сваіх здольнасцяў і ўменняў. Яшчэ адна небяспечная памылка мужчын – аўтарытарны стыль выхавання. Адсюль у дзіцяці з першых гадоў жыцця расце ўпэўненасць у тым, што яго не прымаюць, не адабраюць. Гэта прыводзіць да адчування сваёй малакаштоўнасці і непатрэбнасці.
– Чым страшная безбацькоўшчына?
– Дзеці, якія з маленства былі пазбаўлены зносінаў з татам, могуць быць залішне агрэсіўнымі, недысцыплінаванымі, мець пачуццё непаўнацэннасці, безабароннасці.
Недастатковы вопыт зносін з татам паслабляе фарміраванне бацькоўскіх пачуццяў у хлопчыка. Дзяўчынкі, якія выхоўваюцца ў няпоўных сем’ях, адчуваюць недахоп мужчынскай увагі, не ведаюць, як правільна сябе паводзіць з процілеглым полам.
– Самыя важныя, на ваш погляд, практычныя рэкамендацыі сем’ям, у якіх выхоўваюцца дзеці.
– Мамам трэба прадастаўляць магчымасць татам узаемадзейнічаць з дзіцем ужо з першых дзён жыцця. Няхай ён дапамагае даглядаць за малышом: корміць, пераапранае, забаўляе, дапамагае рабіць урокі. Пры гэтым няхай ён не скупіцца на ласкавыя словы, усмешку. Важна, каб тата ўдзельнічаў у гульнях дзяцей. У адрозненне ад мамы, таты здольныя ўстройваць незвычайныя, энергічныя, непрадказальныя гульні, якія асабліва падабаюцца дзецям. Трэба прад’яўляць дзецям разумныя патрабаванні, настойваць на іх выкананні і быць паслядоўнымі. Трэба сканцэнтроўваць намаганні на падтрымцы жаданых паводзінаў, а не на выкараненні нежаданых. Вельмі асцярожна трэба карыстацца заўвагамі і забаронамі. Калі і выказваць іх, то мякка, добразычліва, не кранаючы асобу маленькага чалавека, а адрасаваць толькі асобным яго дзеянням. Напрыклад, казаць: не “ты дрэнны”, а “ты дрэнна зрабіў”. Часцей хваліце дзяцей за поспехі і добрыя ўчынкі, але не беспадстаўна, бо залішняя і неапраўданая пахвала можа негатыўна адбіцца на іх самаацэнцы і сказіць крытэрыі паспяховасці.
Гутарыла Таццяна СТАДОЛЬНІК.