У Докшыцкім раёне зноў “хварэюць” вежы

Сімптомы “хвароб” воданапорных вежаў асабліва праяўляюцца зімой. Толькі паціснуць першыя маразы – і “прастуда” ў выглядзе вялікіх вісячых шапак намерзлага лёду лёгка паддаецца вызначэнню дыягназу. У большасці, вежавыя хваробы носяць хранічны характар: з-за  паломак, якія не рамантуюцца або рамантуюцца няякасна, а часцей – проста з-за халатнасці адказных асоб, якія няўважліва сочаць за ўзроўнем вады ў вежах і дапускаюць яе пераліў.  А  між іншым, усе мы ведаем, што калі не лячыць і не праводзіць прафілактыку хранічных захворванняў, то няма чаго спадзявацца на адсутнасць рэцыдываў.

Для таго, каб папярэдзіць парушэнні здабычы падземных вод і нерацыянальнае іх выкарыстанне, Докшыцкая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пачала праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы яшчэ ў снежні мінулага года. Усім суб’ектам гаспадарання, якія знаходзяцца ў спісе рызыкантаў, накіравала паведамленні-прадпісанні аб правілах здабычы падземных прэсных вод. У іх нагадвалася, на падставе артыкула 32 Воднага кодэкса, пра абавязковае забеспячэнне ўліку здабываемай вады, для чаго на водазаборах павінны быць адрамантаваныя паломкі, устаноўленыя і папраўленыя лічыльнікі вады і прыборы аўтаматычнага рэгулявання яе ўзроўню.  Адрэагавалі на такое папярэджанне, на жаль, не ўсе. І ў выніку з 18 суб’ектаў гаспадарання раёна, якія здабываюць падземную ваду, 7 дапусцілі парушэнні.

Па выніках рэйдавых праверак высветлілася, што ў ДП “Гняздзілава-Агра” на ферме “Вітунічы” і ў ДП “АграБераснёўка” на ферме “Дабрунь” намярзанне лёду адбываецца з-за ўцечкі вады са шчылін у воданапорных вежах, якія своечасова не ліквідавалі ці адрамантавалі няякасна. У астатніх – КУСГП імя Чэрныша, ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. ДП “АграСітцы”, ААТ “Барсучанка” і РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” – парушэнні адбываюцца з-за халатных адносінаў адказных работнікаў да эксплуатацыі водазабораў, іх  няўважлівасці, а яшчэ – з-за няспраўнасці аўтаматычных рэгулятараў узроўню вады.

Да адміністрацыйнай адказнасці  ўжо прыцягнуты адказныя асобы КУСГП імя Чэрныша і ДП “Гняздзілава-Агра”. Астатнія справы знаходзяцца на разглядзе. Трэба адзначыць, што парушальнікі атрымліваюць немаленькія штрафы – ад 6 да 10 базавых велічынь. Некаторыя плацяць іх па некалькі разоў, але чамусьці не імкнуцца паправіць сітуацыю.  Разам з тым за паўторныя парушэнні інспекцыя ПРіАНА ўпаўнаважана прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці не толькі адказных работнікаў, але і кіраўнікоў, і само прадпрыемства, як юрыдычную адзінку. У дадзеных выпадках штрафы яшчэ большыя.  І іх ужо не раз плацілі асобныя кіраўнікі. Можа, ім усё ж варта задумацца і  замест таго, каб кожны год звяртаць на сябе  ўвагу і пазбаўляцца грошай, лепш пераняць вопыт тых прадпрыемстваў, дзе не бывае падобнага негатыву, – ДП “Порплішча” і СГФ “Бягомльскі”. Так, напрыклад, зрабілі ў ААТ “Таргуны”, КУП “Докшыцкі”, ААТ «Замастачанскі» і ў гэты зімні сезон не дапусцілі парушэнняў.  Нядрэнная звычайна абстаноўка ў ААТ “Барсучанка” і РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”. Але ўсё ж такі ў “Барсучанцы” на адной з пяці воданапорных вежаў прагледзелі  пераліў вады, а ў РУП ЖКГ з 42 эксплуатуемых свідравін не дагледзелі Бягомльскую. Праўда, становішча хутка выправілі.

Хочацца задаць пытанне: чаму, пры такой прафілактычнай рабоце, пры сістэматычным кантролі ўсё ж дапускаюцца парушэнні?  За год інспекцыяй ПРіАНА за парушэнні воднага заканадаўства складаецца больш за 40 пратаколаў, агульная сума штрафаў перавышае сем з паловай мільёнаў рублёў. Чаму гэта не дзейнічае? Якое ёсць выйсце? З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктара Апанасевіча.

– Галоўная прычына ў тым, што не ўсе аднолькава разумеюць сур’ёзную патрэбу ў эканоміі падземных вод, а яшчэ  – у нядобрасумленных адносінах некаторых работнікаў да сваіх службовых абавязкаў, – адказаў ён. – Выйсце бачу ва ўзмацненні кантролю, больш жорсткім пакаранні і меншай лаяльнасці – сітуацыя паўторных парушэнняў паказвае, што па-іншаму не атрымліваецца. Неабходна абавязкова ліквідаваць усе няспраўнасці на водазаборах, сачыць за парадкам на тэрыторыях зон першага поясу санітарнай абароны падземных вод. Кіраўнікам прадпрыемстваў трэба надаваць належную ўвагу пытанням рацыянальнага выкарыстання вады і настойліва кантраляваць выкананне службовых абавязкаў асоб, якія адказваюць за стан водазабораў.

Інспекцыяй  наладжана супрацоўніцтва ў дадзеным кірунку з раённым Цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі і насельніцтвам раёна, але ўсё гэта не будзе працаваць без разумення людзьмі неабходнасці берагчы і эканоміць прыродныя рэсурсы.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *