Уверенные шаги директора ГП «Гнездилово-Агро»

У пачатку гэтага года ў нашай вобласці ўшаноўвалі лепшых працаўнікоў, якія дасягнулі поспехаў у розных сферах дзейнасці. Як вядома, у ліку лаўрэатаў і тры прадстаўнікі ад Докшыцкага краю. Гэтыя людзі сваёй працай унеслі дастойны ўклад у развіццё нашага рэгіёна, стварылі яму станоўчы імідж. У намінацыі “Аграпрамысловы комплекс” чалавекам года Віцебшчыны стаў дырэктар ДП “Гняздзілава-Агра” Сяргей Абірала.

 

Сяргей Уладзіміравіч пасля заканчэння Беларускай сельгасакадэміі пачаў працаваць аграномам у былым калгасе “Чырвоны Сцяг”, потым быў галоўным аграномам (таксама ўжо ў былым) калгасе “Памяць Ільіча”, затым намеснікам старшыні, а потым ужо і старшынёй калгаса “Усход”, які пазней быў перайменаваны ў дзяржпрадпрыемства “Гняздзілава-Агра”. З 2003 года з’яўляецца кіраўніком гэтай гаспадаркі.

Нарадзіўся і вырас С.У. Абірала ў Магілёўскай вобласці (Чэрыкаўскі раён). Мабыць, і ў гэтым краі ён дабіўся б пэўных поспехаў у рабоце, жыў і працаваў на карысць сваёй сям’і і родным мясцінам. Але, па волі лёсу, другой радзімай Сяргея Уладзіміравіча стаў Докшыцкі раён. Тут ён знайшоў сваю другую палавінку, тут нарадзіліся дзве яго дачушкі і менавіта тут сёння ён патрэбен людзям.

Яшчэ ў юнацтве пры выбары прафесіі Сяргей ніколькі не сумняваўся, што яна будзе звязана з сельскай гаспадаркай.

– Я пайшоў па слядах  свайго бацькі, які мае адукацыю агранома. З дзяцінства “круціўся” каля яго, цікавіўся яго справамі. Любіў  вёску, з павагай глядзеў на  працавітых, сціплых, адданых сваёй справе людзей. Дзякуючы спецыялістам, з якімі потым  мне давялося працаваць разам,  я набіраўся вопыту, многаму ў іх навучыўся, – прыпамінае ён штрыхі сваёй біяграфіі.

На сённяшні дзень з далучэннем сельгаспрадпрыемства “Вітунічы” да ДП “Гняздзілава-Агра” зямельныя плошчы гаспадаркі павялічыліся ў 2,5 раза, на прадпрыемстве занята 176 чалавек. Спецыялістамі гаспадарка забяспечана  на 100 працэнтаў.

– Хто пасля заканчэння школы свядома выбірае ўстанову, якая спецыялізуецца па выпуску ветурачоў, заатэхнікаў, інжынераў, аграномаў, той і застаецца назаўсёды працаваць ў гэтай сферы, – упэўнены Сяргей Уладзіміравіч. – Маладыя людзі прыязджаюць да нас па накіраванні, адпрацоўваюць патрэбны тэрмін, але не спяшаюцца пакідаць нашы мясціны. Наадварот, пускаюць тут свае карані: ствараюць сем’і, выхоўваюць дзяцей, душой прырастаюць да сваёй работы.

Той, хто любіць справу, якой займаецца, не згадзіцца памяняць яе на іншую, а стараецца памножыць у некалькі разоў дасягнутыя поспехі калектыву. У мінулым  годзе гняздзілаўцы выдатна папрацавалі па нарыхтоўцы кармоў для жывёлы. Прыкметныя зрухі адбыліся ў малочнай жывёлагадоўлі: ад кожнай каровы  атрымана 4600 кілаграмаў малака, таварнасць  склала больш за 90 працэнтаў. Прыемна адзначыць кіраўніку прадпрыемства, што ўсе прагнозныя паказчыкі за 2011 год  выкананы. Але гэта не значыць, што ўжо няма над чым працаваць. Трэба яшчэ і ўраджайнасці большай дабівацца, і пашы пашыраць, і пра далейшае павышэнне надояў клапаціцца, паляпшаць іншыя эканамічныя паказчыкі.  Сяргей Абірала ўпэўнены, што не ўсе яшчэ грошы зароблены на палях і фермах. Сёння заработная плата ў людзей, занятых у сельскай гаспадарцы, можа быць 500 і нават 1000 долараў, аднак пры ўмове, калі працаваць плённа, з зацікаўленасцю.

На сёлетні працоўны год ДП “Гняздзілава-Агра” паставіла перад сваім калектывам галоўную задачу: надаіць больш як 5000 кілаграмаў малака ад каровы, атрымаць больш высокі вал зерня, павялічыць пагалоўе жывёлы і дабіцца яе вышэйшых прываг. Калі ўсе гэтыя пастаўленыя задачы ўвянчаюцца поспехам, тады і людзі змогуць прынесці ў свае сем’і большыя зарплаты, палепшыць свой дабрабыт,  якасць жыцця. А гэта сёння першае і самае галоўнае жаданне кіраўніка гаспадаркі Сяргея Уладзіміравіча Абіралы, які свае працоўныя заслугі не лічыць пакуль вялікімі, і ў той жа час яму прыемна, што яны ўжо заўважаны кіраўніцтвам  раёна, якое вылучыла яго на атрыманне гэтага  ганаровага звання – “Чалавек года Віцебшчыны”.

Таццяна Падбярэзкая.

Фота А. Варанковіча. 

Один комментарий для “Уверенные шаги директора ГП «Гнездилово-Агро»

  • 18.05.2012 в 7:51 пп
    Permalink

    Напишите, пожалуйста про бывшего директора совхоза Витуничи Синицу Станислава Иосифовича. Очень хороший специалист и интересный человек!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *