В Докшицах состоялся торжественный пленум районного Совета ветеранов

Не стареют душой ветераны.

На мінулым тыдні адбыўся ўрачысты пленум раённага савета ветэранаў, прысвечаны 25-годдзю ветэранскага руху. На ўрачыстасць сабраліся прадстаўнікі ветэранскіх арганізацый  раёна, каб падвесці вынікі зробленага за чвэрць стагоддзя, падумаць пра тое, на што трэба будзе звярнуць увагу ў будучым.

У рабоце пленума прынялі ўдзел старшыня раённага выканаўчага камітэта А.Л. Пінчук, старшыня раённага Савета дэпутатаў В.У. Сівіцкая. На яго запрашаўся актыў ветэранскага руху Докшыччыны, а таксама кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў раёна, старшыні пассельвыканкамаў, кіраўнікі прафсаюзных, грамадскіх арганізацый.

Перш  чым пленум пачаў сваю работу, ад кіраўніцтва раёна, раённага савета ветэранаў былі ўскладзены кветкі да падножжа помніка Герою Савецкага Саюза І.С. Палявому. Падобным чынам была ўшанавана памяць загінуўшых воінаў ва ўсіх сельсаветах. Мерапрыемства праходзіла ў кінаканцэртнай зале “Іскра”, фае якой упрыгожыла выстава “Дзякуй за подзвіг і працу адданую…” Яе стваральнікі праз фота і артыкулы раённай газеты пастараліся расказаць пра 25-гадовую гісторыю ветэранскага руху раёна, нагадаць пра людзей, якія сваім жыццём, дзе было месца подзвігу і самаадданай працы, будавалі краіну.

Пра справы раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, той вялікі клопат, якім акружыла дзяржава гэтых людзей, расказаў у сваім дакладзе старшыня арганізацыі М.Ф.  Аўтух.

Успамінамі аб першых кроках ветэранскай арганізацыі падзяліўся яе першы старшыня В.І. Якушэўскі. Старшыня ветэранскай арганізацыі Тумілавіцкага сельсавета С.І. Кішэня нагадаў аб той вялікай увазе і дапамозе ў рашэнні ўсіх пытанняў, якія атрымліваюць ветэраны, што жывуць на тэрыторыі раёна.   «Залатым запасам» назвала ветэранаў культуры старшыня ветэранскай арганізацыі галіны Т.М. Мальчык. Аб шматлікіх грамадскіх справах ветэранаў адукацыі расказала старшыня ветэранскай арганізацыі Н.С. Шнітко. Ад імя супрацоўнікаў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, якія з’яўляюцца першымі памочнікамі пажылых людзей,  галоўных удзельнікаў урачыстасці вітала дырэктар цэнтра М.А. Курдзека.

Першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Дзмітрый Чувахоў у сваім выступленні запэўніў прысутных, што моладзь ведае сваю гісторыю, памятае і ганарыцца сваімі абаронцамі, тымі, хто падарыў ім сённяшняе шчаслівае жыццё.

Прыемны момант узнагароджвання распачаў А.Л. Пінчук, які ўручыў Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў ветэранам Валянціну Іванавічу Якушэўскаму, Веры Канстанцінаўне Якаўлевай і Кацярыне Цімафееўне Лакуцэвіч. Алег Леанідавіч павіншаваў прысутных са знамянальнай датай, выказаў ім шчырыя словы ўдзячнасці за ратны подзвіг і самаадданую працу па адраджэнні народнай гаспадаркі, стварэнні падмурка сённяшняга эканамічнага патэнцыялу краіны. Сярод задач, якія стаяць  перад ветэранамі, галоўнай, на думку кіраўніка раёна, з’яўляецца актыўнае садзейнічанне патрыятычнаму выхаванню маладога пакалення.

Ганаровымі граматамі абласной арганізацыі ветэранаў былі ўзнагароджаны Н.С. Шнітко і А.А. Малюжанец. Ганаровыя граматы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання атрымалі К.С. Навіцкая, К.С. Сіўко, Б.Ф. Шалемаў, П.І. Пашэвіч, Т.Г. Альхімёнак, К.Ф. Будзіч, П.В. Яленскі, М.С. Паўловіч, А.С. Чачуковіч. І.М. Пярэдня, Л.І. Кокар, З.П. Раманоўская, М.М. Януш, К.І. Краско, Т.І. Лазар, М.П. Глінская, А.І. Гарбачова, З.М. Малюжанец былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі аддзела адукацыі райвыканкама. Галоўны ўрач раёна С.Ф. Кубар уручыў узнагароды А.І. Юпатавай, М.І. Шыловіч. Ганаровыя граматы аддзела культуры атрымалі Т.М. Мальчык, Н.А. Шарох, У.К. Герасімёнак, С.І. Каляга.  Ганаровай граматай аддзялення Дэпартамента аховы адзначаны Л.Р. Гамановіч, а таксама былы першы сакратар райкама камсамола А.У. Салаўёў — Ганаровай граматай абкама ГА «БРСМ».

Самадзейныя артысты ГЦК, сярод якіх значацца такія заслужаныя ветэраны сцэны, як Тамара Мацкевіч, Уладзімір Пусташыла, Вера Ганчарова і іншыя, падрыхтавалі для  ўдзельнікаў пленума вялікі канцэрт.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *