Порплищенская школа зарабатывает пошивом постельного белья, благодаря профессионалу Людмиле Ступак

Кабінет працоўнага навучання для дзяўчынак (і для хлопчыкаў таксама) у Парплішчанскай сярэдняй школе знаходзіцца трошачкі наводшыбе, у асобным будынку. Але, можа якраз па гэтай прычыне, ён неяк адразу прымае ў сваю хатнюю атмасферу: з шырокімі вокнамі ў рубленых сценах, якія скрозь завешаны  шматлікімі работамі былых і цяперашніх вучаняў. З паліцы паглядае вастраносы вожык, тут скруцілася шыкоўная змяя – яны з тканіны, у задуменні разважлівая чарапаха з каляровых абрэзкаў – тут сярод самаробных цацак, вышытых карцін, падушак, прыхопак, ручнікоў, рулонаў і абрэзкаў тканіны 23 гады запар валадарыць настаўніца працоўнага навучання Парплішчанскай СШ Людміла Ступак.

– Гэта дакладна маё! – кажа Людміла Іосіфаўна, а я адзначаю, што такія шчаслівыя словы можа прамовіць далёка не кожны чалавек. – Шыю ўсё жыццё – і на рабоце, і дома – і мала!

Часцей за ўсё, тлумачэнне таго, чаму мы абіраем тую ці іншую справу жыцця, можна адшукаць у нашай радаслоўнай. У Людмілы Ступак гэта праглядаецца, як ні дзіўна, па мужчынскай лініі: дзед быў краўцом, меў сваю майстэрню, бацька таксама добра шыў і вышываў. Нягледзячы на тое, што маці якраз да іголкі і нітак не дакраналася, дзяўчынка з дзяцінства мела да краўцоўскай справы здольнасці: сама навучылася вязаць, а ў пятым класе сваімі рукамі пашыла летнюю сукенку. Такім чынам, прафесійная яе сцяжына была вызначана. І пралягла яна спачатку даволі далёка ад дома: па размеркаванні, пасля заканчэння Віцебскага швейнага вучылішча, а пасля – індустрыяльна-педагагічнага тэхнікума, Людміла была накіравана ў Палтаўскую вобласць. Мужам яе стаў украінец, але пазнаёміліся яны, што цікава, у Віцебску – жылі пасля нейкі час на яго радзіме ў Луганску, але вярнуліся ў Беларусь, дзе іх калісьці звёў лёс. І вось Порплішча стала іх домам, як і тутэйшая школа для Людмілы Іосіфаўны.

 І на платныя паслугі, і на  салёнае цеста хапае часу

– Нягледзячы на тое, што па ўзросце наша настаўніца працоўнага навучання зараз на пенсіі, адпускаць мы яе пакуль не збіраемся, – запэўнівае дырэктар Парплішчанскай СШ Аксана Палачаніна. – Такі спецыяліст нам вельмі патрэбны.

Тым больш, што сваім прафесіяналізмам Людміла Ступак прыносіць карысць не толькі сваім вучаніцам, але і роднай школе. Ужо колькі год Парплішчанская школа, дзякуючы пашыву пасцельнай бялізны, мае стабільны дадатковы даход на свае патрэбы. Лепшыя вучні тут яшчэ за школьнай партай могуць адчуць сябе трошачкі студэнтамі, бо атрымліваюць сапраўдную стыпендыю. Шэсць хлопчыкаў і дзяўчынак: два прадстаўнікі пачатковых класаў, па два – з 5 — 9 і з 10 — 11 класаў – за самыя добрыя вынікі ў чвэрці маюць узнагароду ў выглядзе пэўнай сумы грошай. На ўсіх выдзяляецца 200 тысяч рублёў. Зразумела, што гэта стварае добрую атмасферу спаборніцтва  ў школе і стымулюе дзяцей да высокіх  дасягненняў.  Акрамя таго, вучняў заахвочваюць за ўдзел у канцэртах і перамогі на алімпіядах, што таксама іх толькі радуе. Пяць парплішчанцаў сталі сёлета прызёрамі раённага этапу алімпіяд – 360 тысяч беларускіх рублёў было выдзелена на прэміі для іх.

Увогуле, бялізну на продаж тут шыюць ужо амаль 8 год. Раз у месяц набываецца тканіна на фірме ў Мінску: як правіла, гэта 100-працэнтная бавоўна, якая сама за сябе кажа пра найвышэйшую якасць. Двухспальны камплект  каштуе 223 тысячы беларускіх рублёў, між іншым у крамах такі камплект – мінімум 250 тысяч рублёў, і хутчэй за ўсё ён будзе з паркалю ці бязі. Прыбытак ад рэалізацыі пашытай прадукцыі складае 30 — 40 працэнтаў з кожнай закупкі матэрыялу.

– Акрамя пасцельнай бялізны мы таксама шылі шторы, карнавальныя касцюмы, – распавядае Людміла Іосіфаўна. – Маім пастаянным памочнікам, разам з вучаніцамі, з’яўляецца выхавацель групы прадоўжанага дня Людміла Ігнатаўна Зубарава. Яна рыхтуе выкрайкі, калі таго патрабуе выраб, дапамагае кроіць.      

Майстру на ўсе рукі Людміле Ступак хапае часу не толькі на ўрокі і пашыў бялізны дзеля  платных паслуг школы, але і на аб’яднанне па інтарэсах для дзяўчынак “Гаспадынька”. Там, апрача рукадзелля, настаўніца працоўнага навучання стварае разам з дзецьмі прывабныя карціны з салёнага цеста. Зноў жа сама выбрала гэты напрамак, набыла кнігу, з нуля асвоіла тэхніку – і зараз добрыя снегавічкі, дзядулі і іншыя персанажы ўсміхаюцца з твораў.

Унучка Насця, сямікласніца Парплішчанскай сярэдняй школы, мяркуючы па ўсім, адчувае сябе ў бабуліным кабінеце як дома. Спраўна шые – ахоплівае асновы швейнай навукі праз умелыя рукі Людмілы Іосіфаўны. Такім чынам, доўжыцца генетычнае палатно таленту і ўмення, вышываецца і надалей…

Таццяна МАЦЮШОНАК.

НА ЗДЫМКУ: лепшыя вучаніцы Насця Плыгаўка (7 клас), Наталля Залатуха (9 клас) і Анжаліка Ліпчык (5 клас) займаюцца любімай швейнай справай пад наглядам Людмілы Іосіфаўны Ступак.

Фота В. Чарвінскага.

Один комментарий для “Порплищенская школа зарабатывает пошивом постельного белья, благодаря профессионалу Людмиле Ступак

  • 08.02.2012 в 12:58 пп
    Permalink

    Могут когда захотят! Но почему хотят не во всех школах а идут по наименьшему сопротивлению.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *