Берёзовый сок: правила заготовки
З надыходам вясны пачынаецца нарыхтоўка бярозавага соку, які здаўна славіцца сваімі карыснымі якасцямі. У адпаведнасці з заканадаўствам, нарыхтоўваць яго можна толькі ў насаджэннях, якія прызначаны для высечак галоўнага карыстання, але не раней чым за пяць гадоў да іх рубкі.
Пры ажыццяўленні нарыхтоўкі бярозавага соку юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі павінны мець лясны білет, выпісаны юрыдычнай асобай, якая вядзе лясную гаспадарку. У адпаведнасці з Лясным кодэксам і Законам Рэспублікі Беларусь “Аб раслінным свеце”, грамадзяне могуць ажыццяўляць нарыхтоўку дрэўных сокаў бясплатна на ўчастках лесу з захаваннем устаноўленых правілаў нарыхтоўкі. Для атрымання інфармацыі пра ўчасткі лесу, дзе магчыма нарыхтоўка бярозавага соку, грамадзянін павінен звярнуцца ў бліжэйшае лясніцтва па месцы жыхарства.
Звяртаем вашу ўвагу, што існуюць тэрыторыі, на якіх нарыхтоўка дрэўных сокаў забараняецца. Гэта гарадскія, курортныя лясы і лесапаркавыя часткі зялёных зон; прыбярэжныя палосы рэк, азёр, вадасховішчаў і іншых водных аб’ектаў; палосы адвядзення чыгуначных і аўтамабільных дарог, іншых транспартных і камунікацыйных ліній; населеныя пункты, дэндралагічныя паркі, батанічныя сады; месцы жыхарства дзікіх жывёл і росту дзікіх раслін, аднесеных да відаў Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь; зоны санітарнай аховы курортаў, гісторыка-культурныя запаведнікі, мемарыяльныя паркі, археалагічныя помнікі; тэрыторыя санаторыяў, дамоў адпачынку і ўстаноў аховы здароўя, месцы масавага адпачынку насельніцтва.
Пры нарыхтоўцы бярозавага соку важна захаванне тэхналогіі. Колькасць падсочных адтулін залежыць ад дыяметра дрэва (пры дыяметры 20 — 26 см – адна адтуліна, пры дыяметры 27 — 34 см – дзве, пры 35 — 40 см – тры і пры дыяметры больш за 40 см – чатыры адтуліны). Каналы для падсочных адтулін свідруюць адразу пасля пачатку сокаруху. Каналы высвідроўваюцца з некаторым ухілам уніз для лепшага стоку соку. Дыяметр канала – 1 см, глыбіня – 2 — 3 см без уліку тоўшчы кары. У падрыхтаваную адтуліну ўстаўляецца жалабок з нержавеючай сталі або са свежазрэзаных пабегаў арэшніку, клёна ці ліпы, даўжынёй 12 — 20 см. Пад жалабкамі павінны быць соказборнікі (шкляныя ці эмаліраваныя ёмістасці, поліэтыленавыя пакеты і інш.). Новая адтуліна павінна быць прасвідравана на адлегласці не менш за 20 см ад старой. Сок трэба збіраць не радзей чым раз за суткі. Пасля заканчэння соказбору жалабкі неабходна зняць, а адтуліны замазаць садовай маззю ці глінай з вапнай.
За парушэнне правілаў нарыхтоўкі соку існуе адміністрацыйная адказнасць згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Так, за нарыхтоўку соку на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях накладваецца штраф у памеры ад 4 да 35 б.в., на індывідуальнага прадпрымальніка – да 100 б.в., на юрыдычную асобу – да 500 б.в. За парушэнне тэхналогіі нарыхтоўкі і нарыхтоўкі на ўчастках, дзе яна забаронена, прадугледжаны штраф: на грамадзяніна – у памеры ад 20 да 50 б.в., на індывідуальнага прадпрымальніка – ад 20 да 200 б.в. (у лясах першай групы) і ад 10 да 150 б.в. (у астатніх лясах).
Алена Курныш,
намеснік дырэктара ДЛГУ “Бягомльскі лясгас”.