На службе у Господа и людей

У сакавіку 1987 года ў кафедральным саборы г. Мінска Георгій Мялешка быў рукапаложаны ў іерэі і прызначаны настаяцелем храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Докшыцах. З таго часу ўжо 25 год гэты храм Божы з’яўляецца для яго духоўным домам.

Айцец Георгій з духоўнай сям’і. Свяшчэннікам быў яго бацька айцец Уладзімір Мялешка. Служыў Госпаду дзядзька Мікалай Бажко. Настаяцелем царквы ў Слуцку быў малодшы брат Васіль.

Настаяцелем Свята-Пакроўскай царквы іерэй Георгій стаў пасля свайго бацькі. З першых дзён служэння ён стараўся захаваць той малітоўны дух, праз які нёс Слова Божае сваёй пастве айцец Уладзімір, і ўнесці сваё бачанне пастырскага служэння Госпаду. Энергічны рэфарматар, айцец Георгій напачатку меў славу строгага і патрабавальнага пастыра, які быў нецярпімы да тых, хто не ўмеў паводзіць сябе на богаслужэнні. Потым да людзей прыйшло разуменне, што гэтым ён імкнуўся прымусіць іх захоўваць царкоўнае правіла, растлумачыць, што храм – гэта зямное неба. У ім нельга  правіць свае мірскія справы, у ім трэба размаўляць з Богам.

З першых жа дзён служэння настаяцель пачынае ўпрыгожваць царкву. Прадоўжыў пазалоту іканастаса, якую распачаў бацька, затым правага і левага клірасаў. Абнавіў роспіс фрэсак. Дабудаваў агароджу і зрабіў у храме ацяпленне, спачатку электрычнае, потым газавае. Некалькі год таму царкву ўпрыгожылі адрэстаўрыраваныя купалы з пазалочанымі крыжамі. Дзякуючы айцу Георгію, Докшыцы ахоўвае вялікі праваслаўны крыж, што ўстаноўлены на ўездзе ў горад. Не без яго ўдзелу рамантуюцца і будуюцца іншыя святыні акругі. Песнапенні ў царкве – неад’емная частка богаслужэння. Дзякуючы намаганням настаяцеля, слухаць  царкоўны хор зараз у храм прыходзяць спецыяльна.

Гасподзь падараваў яму голас і ўменне гаварыць пропаведзі проста і даходліва. Тыя, хто іх слухае, беспамылкова распазнаюць волю Божую, вызваляюцца ад палону набытых жыццём уяўленняў, пачынаюць бачыць свой шлях, разумеюць сваю няпраўду перад Богам, самім сабой і іншымі людзьмі.

Больш за 10 год пры храме працуе нядзельная школа, у якой за гэты час да вывучэння Закона Божага і асноў праваслаўнай веры далучылася некалькі соцень дзяцей. Па благаславенні  і пры дапамозе айца Георгія дзеці ў час паломніцкіх паездак наведалі многія праваслаўныя святыні Беларусі. На прадстаўленні, якія паказваюць навучэнцы на Каляды і Вялікдзень, заўсёды збіраецца шмат гледачоў. Няма сумнення, што з выпускнікоў нядзельнай школы вырастуць сапраўдныя праваслаўныя хрысціяне.

Усмешка, добрае слова і непадробная ўвага да таго, чым жыве душа  чалавека, які стаіць перад ім, – вось тое, што чакаюць ад свяшчэнніка выхаванцы карэкцыйна-выхаваўчага цэнтра і наведвальнікі дзённага прабавання інвалідаў. Айцец Георгій там часты госць. Разам з ім амаль заўсёды прыходзіць матушка Тамара, верная яго спадарожніца жыцця. Прыходзяць не з пустымі рукамі. Для хворых дзетак у іх заўсёды ёсць падарункі. Настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы вядомы многімі справамі, духоўнікам якіх ён, безумоўна, з’яўляецца. Напрыклад, арганізоўвае хрышчэнскае акунанне ў ваду на гарадскім возеры, на якое збіраюцца вернікі з усёй акругі,  спансіруе дабрачынны канцэрт, літаратурныя сустрэчы праваслаўных пісьменнікаў з чытачамі. Да яго звяртаюцца па дапамогу хворыя, якім патрэбны сродкі на аперацыю, і ён нікому, нават зусім незнаёмым людзям, ніколі не адмовіў. Ва ўсіх божых справах на працягу ўсяго гэтага часу яго падтрымлівае і суцяшае маці Аляксандра Мікалаеўна.

За сардэчнае служэнне Царкве Божай айцец Георгій Мялешка быў прызначаны благачынным Докшыцкай акругі. У 2003 годзе атрымаў сан протаіерэя. Быў дэлегатам Памеснага Сабора на выбарах Свяцейшага Патрыярха ў Маскве. Узнагароджаны крыжам з упрыгожаннем.

Заўтра нядзеля – дзень, які кожны веруючы прысвячае малітве ў храме. У Свята-Пакроўскай царкве нядзельную літургію, як заўсёды, будзе правіць айцец Георгій, які нястомна заклікае прыхаджан да духоўнага самаўдасканалення праз малітву ў славу Божую.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *