Орден Матери — у жительницы Докшиц

Першы веснавы дзень Ганне Макатун прынёс радасную вестку: Указам Прэзідэнта яна разам з іншымі шматдзетнымі маці рэспублікі ўзнагароджана ордэнам Маці. Аб гэтым паведаміла БелТА,  і мы былі першымі, хто павіншаваў Ганну з дзяржаўнай узнагародай.

Маці пяцярых дзяцей – маладая і прыгожая, а яшчэ вельмі гасцінная і шчырая. Пакуль гатаваўся  чай, мы з неверагодным здзіўленнем даведаліся, што прыгожы, статны хлопец у ваеннай форме на фотаздымку —  гэта старэйшы сын Ганны Андрэй, які зараз служыць у арміі. А дачка Насця, якая вучыцца ў аграэканамічным каледжы, выйшла замуж,  і вось-вось Макатуны стануць бабуляй і дзядулем. Саша  вучыцца ў 11-м класе, Алінка ходзіць у чацвёрты, а малодшы Арцём пакуль з мамай дома, бо яму яшчэ толькі нядаўна споўніўся годзік. 

Гледзячы на Ганну, адразу разумееш праўдзівасць сцвярджэння, што нараджэнне дзяцей маладзіць жанчыну.

– І робіць яе шчаслівай, – дадае шматдзетная маці. – Перавагі вялікай сям’і можа зразумець толькі той, хто сам у ёй вырас. У мяне чатыры сястры. Тата вельмі хацеў сына, ды так яму і не парадаваўся, затое  калі ў мяне, самай старэйшай з сясцёр, нарадзіўся Андрэй, то дзядуля быў самы шчаслівы чалавек на зямлі. Мы дружна жывём з сёстрамі, дапамагаем адна адной,  і адзінота нам не пагражае. Спадзяюся, што так будзе   і  ў маіх дзяцей. Яны добрыя, працавітыя, некапрызныя і няспешчаныя.

Гэтым летам так атрымалася, што дома на некаторы час мы засталіся з Цёмкам удваіх. Я месца сабе не знаходзіла ад нязвыклай цішыні, ад таго, што не магу бачыць кожны дзень вочы сваіх дзяцей,  цалаваць іх нанач.

Пакуль мы размаўлялі з мамай, Цёмка ціхенька сядзеў у яе на каленях і ўважліва глядзеў на незнаёмых людзей дапытлівымі, разумнымі вочкамі, потым смела пайшоў да нас на рукі. І ні разу не заплакаў, не закапрызнічаў. Гэта акалічнасць  – вынік жыцця ў вялікай сям’і, побач з братамі і сястрычкамі.

Зараз Ганна знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за Арцёмам, а наогул, яна працуе прадаўцом у краме “Купалінка”. Работай сваёй даражыць, бо любіць людзей, зносіны з імі. Плануе пасля водпуску вярнуцца на месца працы. Вялікая сям’я – не перашкода для жанчыны, якая хоча жыць поўным жыццём.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: Ганна Макатун з меншым сынам Арцёмам.

Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *