Падпалкоўнік запасу
Афіцэрская выпраўка А.Ц. Смірнова бачна ва ўсім: размеранай паходцы, разлёце плячэй, у манеры весці размову і нават павароце галавы. 31 год ваеннага стажу адлічыла жыццё Аляксею Цярэнцьевічу. Па словах афіцэра запасу, як адзін дзень. А ўсяго пройдзены ім жыццёвы адрэзак даўжынёй у 75 гадоў. Тым, хто яго ведае даўно, а ў Докшыцах ён з’явіўся ў пачатку васьмідзесятых гадоў, складана даць такі вось паважаны ўзрост былому ваенкаму. Хоць прыгод, непрадбачаных сітуацый, жыццёвых паваротаў і, зразумела, цяжкасцяў, якія маглі адбіцца на здароўі, агульным выглядзе, хапіла па вушы. Але толькі пасерабрыла інеем позняя восень жыцця галаву падпалкоўніка ў адстаўцы. Ясна глядзяць чорныя вочы з-пад чорных броваў, пры ўсмешцы блішчаць белыя зубы з-пад чорных густых вусоў. Ды і гады свае ён ніяк не адчувае. Кажуць жа, што душа ніколі не старэе. Вось і ў Аляксея Цярэнцьевіча яна па-ранейшаму маладая.
Дзяцінства Смірнова прыпала на ваенныя гады. Старэйшы брат, які быў прызваны на службу ў 1941 годзе, прызнаны без вестак прапаўшым. Дзве сястры сталі ўдзельнікамі вайны. Сябе ён лічыць дзіцем вайны. Памятае эвакуацыю, бамбёжку эшалона. Ён трымаецца за матчын падол і шырока раскрытымі вачыма глядзіць на тое, што адбываецца кругом. На яго вачах у роднай цёткі снарадам адарвала нагу. Такіх карцін ён пабачыў шмат.
Нялёгкім аказалася і юнацтва: служба ў арміі, падняцце цалінных зямель, затым вучоба ў вышэйшым ваенным вучылішчы, служба. Доўгі час за мяжой. Замест запланаванай Сірыі – В’етнам. Затым – Афганістан. Баявы афіцэр. Баявы ва ўсім сэнсе. Ён там, дзе трэба. І там, дзе цяжка. А там, дзе ён, здаецца лёгка. Нават самому.
Праўда, пра мінулае Аляксей Цярэнцьевіч гаварыць не хоча. Што казаць, калі ўжо ўсё прайшло. Толькі доўгім рэхам адклікаюцца яго здзяйсненні. Вось памяшканне ваенкамата. Некалі на гэтым месцы была раённая паліклініка. Менавіта пад кіраўніцтвам Смірнова ішла рэканструкцыя будынка і пераабсталяванне яго пад ваенны камісарыят. Толькі зараз райваенкамісар Пацэвіч дабудоўвае ў ім прапускны пункт, а ўсё астатняе засталося такім, якім было пры Смірнову.
Аляксей Цярэнцьевіч, а магчымасць была такая, не пакінуў нашы Докшыцы, якія і для яго сталі роднымі. У ціхім, спакойным горадзе ён жыве з камфортам. Раніцай дзесьці гадзіну займаецца тыбецкай гімнастыкай. Нягледзячы на надвор’е, абавязковае абліванне халоднай вадой. Хадзьба. Чытанне любімай перыёдыкі, прагляд тэлеперадач… У такім узросце чалавек можа дазволіць сабе жыць так, як таго патрабуе душа. Для сябе. Для іншых – таксама. Аляксей Цярэнцьевіч пэўны час узначальваў гурток шахматыстаў у Цэнтры дзіцячай творчасці. Пастаянна сустракаўся са школьнікамі раёна. Выхоўвае моладзь на прыкладзе свайго жыцця.
Дзень нараджэння падпалкоўніка А.Ц. Смірнова – раённага ваеннага камісара і воіна-інтэрнацыяналіста – не застаўся не заўважаным. Як сказаў Генадзь Вацлававіч Пацэвіч, былых ваенкамаў не бывае. Цеснае ўзаемадзеянне працягваецца. Таму ў гэты дзень – грамата ад раённага ваеннага камісарыята за актыўны ўдзел у ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі; памятны падарунак – ад грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў”. І цёплыя словы віншаванняў і пажаданняў. Каб было здароўе. Каб лад быў у доме. Каб цешылі дзеці і ўнукі. Каб ніколі не пакідала пачуццё душэўнай маладосці. Каб ва ўсім была гармонія.
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКАХ: 1. Тры падпалкоўнікі на адным мерапрыемстве: В.І Гмырак, А.Ц. Смірноў, Г.В. Пацэвіч. 2. Вядро вады – і ніякіх таблетак.