По дорогам Докшицкого района
Чысты ад снегу і лёду асфальт зімой – галоўная ўмова бяспекі руху на дарозе. Ці адпавядаюць гэтай умове дарогі ў раёне, правяралі ўдзельнікі рэйду, які арганізавалі супрацоўнікі ДАІ і рэдакцыя раённай газеты. У ім таксама прымалі ўдзел гаспадары дарог у асобе галоўнага інжынера ДРБУП № 180 Уладзіміра Місачэнкі.
У лютым зіма, як быццам, схамянулася, што не паспее даць людзям усё, што патрэбна, і стала сеяць снегам, мацнець маразамі, потым падкінула адлігу і зноў паціснула марозам. У дарожнікаў з-за гэтых зімовых эксперыментаў пачаліся ліхія дні, асабліва пасля адлігі. Снег падтаяў, на дарогах з’явіліся каляіны, а, калі ціскануў мароз, дарожнае палатно ператварылася ў шкло. Канечне, гэта не датычыцца дарог з інтэнсіўным рухам, так званага 3-га ўзроўню. На іх чыстае асфальтавае палатно, бо менавіта яны расчышчаюцца ў першую чаргу, пасыпаюцца пясчана-салянай сумессю. Як паказаў рэйд, такія дарогі адпавядаюць правілам утрымання. Гэта Багушэўск – Сянно, Ушачы – Вілейка, Глыбокае – Докшыцы.
Горшае становішча з дарогамі 4-га ўзроўню. Гэта, у асноўным, гравійкі. Гурбы снегу паабапал сведчаць аб тым, што яны своечасова расчышчаюцца. Але адліга з наступным марозам зрабіла іх небяспечнымі для аўтамабільнага руху. Такая карціна назіралася на дарозе Крыпулі – Параф’янава. У раёне вёскі Целяшы дарога нагадвала каток. Палепшыць становішча ў такім выпадку можа толькі падсыпка сумессю. У адпаведнасці з дырэктыўнымі тэрмінамі, на ўстараненне абледзянення пасля таго, як яно пачалося, адводзіцца 9 гадзін. За гэты час дарожнікі павінны навесці парадак.
Сказаць, што ДРБУП № 180 не звяртае ўвагі на гэтыя тэрміны і спіць у шапку, нельга. Праца была бачна паўсюдна. На дарозе Р-29 Ушачы – Вілейка аўтагрэйдар пашыраў абочыну дарогі, скідваючы снег у кювет. Праўда, паспеў гэта зрабіць толькі з правага боку і зламаўся. З тэхнікай у дарожнікаў бяда. Па-першае, яе вельмі мала. У адпаведнасці з нарматывамі, для абслугоўвання той колькасці дарог, якая значыцца на рахунку прадпрыемства, яе павінна быць у тры разы больш. Па-другое, тая, што ёсць, даўно прайшла ўсе магчымыя тэрміны эксплуатацыі. Напрыклад, з трох аўтагрэйдараў, толькі адзін экспуатуецца 2 гады (ён і працуе), астатнія – больш за 10 год. Яны больш стаяць на рамонце. З чатырох машын, якія займаюцца размеркаваннем пясчанай сумесі (на прафесійным сленгу дарожнікаў “плескачы”), не могуць нацешыцца адной. Гэты «пляскач» мае грузападымальнасць 20 тон, астатнія – напалову меншую. Гэтых 10 тон хапае на апрацоўку 10 — 12 кіламетраў дарогі. Запраўляюцца ва ўрочышчы Рабінавік, таму за светлавы дзень, хаця ў дарожнікаў працоўны дзень намнога даўжэйшы, у аддаленыя месцы раёна, напрыклад Валкалатчыну, такая машына трапляе не больш двух разоў.
Аб’ектыўныя ці суб’ектыўныя прычыны таму віной, але дарогі ўсё ж такі ў кожнага майстра выглядаюць па-рознаму, таму за непарадак на іх выдадзены прадпісанні, а майстар І.І. Ючкавіч прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Рэйдавая брыгада.
НА ЗДЫМКАХ: удзельнікі рэйду абмяркоўваюць стан сеткі дарог раёна; дарога – шкло.