Пра дэбет, крэдыт і маладосць

Алеся Клімко (на здымку) з Глыбоцкага раёна пераехала ў Докшыцкі і засталася задаволеная рашуча зробленым крокам. Пасля адзінаццацігодкі яна паступіла ў Маладзечанскі сельскагаспадарчы тэхнікум, набыла прафесію бухгалтара, а пасля шукала сабе работу, бо вучылася на платнай аснове. Цёця з Крулеўшчыны прапанавала паспрабаваць шчасця тут, што дзяўчына і зрабіла. Яе прынялі ў КУП “Докшыцкі” другім бухгалтарам і праз паўтара года выдзелілі дом з усімі выгодамі. Да таго кожны дзень бацька вазіў дачку з вёскі Ураджайная ў Крулеўшчыну і назад. Кажа жанчына, што гэта недалёка – кіламетраў 13.  Хаця, канечне, нязручнасці адчуваліся, і быў час знайсці новую работу. Каб хацела. Але пасёлак торфабрыкетчыкаў ёй вельмі да спадобы прыйшоўся. Работа таксама прыносіла задавальненне. Населены пункт, альбо новае месца жыхарства дзяўчыны, зручны з усіх бакоў. Тут і чыгунка на месцы, і да райцэнтраў блізка: Глыбокага гэта тычыцца ці Докшыц – практычна аднолькава. А таму за пакупкамі – у горад, а адпачыць душой, працаваць – у вёску. Любіць Алеся агарод, вырошчваюць з мужам капусту, буракі, памідоры пад плёнкай, агуркі. І канечне ж, кветкі. Іх у яе шмат: экзатычных і звычайных, якія запаўняюць кветнікі на працягу вясны – восені.

Па натуры Алеся – чалавек спакойны, не публічны. Яна не патрабуе вялікай увагі з боку іншых, не любіць быць на віду ва ўсіх. А таму спакойна і размерана жыве ў Крулеўшчыне. Завочна скончыла сельгасакадэмію і атрымала пасаду галоўнага бухгалтара камунальнага прадпрыемства. Калі сказаць адкрыта, то не рвалася падымацца па кар’ернай лесвіцы. Яна ўпэўнена, што да ўсяго трэба ісці паслядоўна, без рэзкіх скачкоў наперад. Хаця ў дадзенай сітуацыі ўсё атрымалася правільна. Сельскагаспадарчы тэхнікум даў належную падрыхтоўку, а акадэмія  адшліфавала ўжо набытае. Была канкрэтная дапамога і з боку спецыялістаў райсельгасхарчу.

Калектыў бухгалтэрыі КУП “Докшыцкі” практычна малады. Узрост эканамістаў і бухгалтараў абмяжоўваецца 23-35 гадамі. Таму проста ў зносінах між сабой, хутчэй можна звесці дэбет з крэдытам, цікавей бавіць вольны час.

8 Сакавіка – любімы дзень у календары для кожнай жанчыны. Букет на рабочым стале і дома – абавязковы яго атрыбут. Самым лепшым падарункам лічыць кветкі і галоўны бухгалтар КУП “Докшыцкі” Алеся Клімко. Як звычайна, напярэдадні свята кіраўнік прадпрыемства дорыць кожнай супрацоўніцы па гваздзіку. Гэта тое, што падымае настрой і ўносіць радасць у працоўную дзейнасць.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Фота аўтара. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *