Путь прудникского ветврача

У постаці Мечыслава Антонавіча Забароўскага адчуваецца цвёрдасць характару, упэўненасць у сабе і, здаецца, веданне кошту жыцця. Спакойны погляд, разважлівае меркаванне, кампетэнтнасць у пытаннях сельскагаспадарчай вытворчасці зачароўвае і прыцягвае да сябе субяседнікаў. А прывычка рэагаваць на думку ці заўвагу суразмоўцы сведчыць пра далікатнасць у адносінах да яго і пэўную зацікаўленасць асобай. Думаецца мне, што гэта прыходзіць з гадамі. Праўда, не да кожнага.

Пасля заканчэння сямігодкі Мечыслаў Забароўскі з Хілаўшчыны вырашыў, што на яго жыццё адукацыі хопіць. Ён ужо шмат чаго ведае, можа нават іншым даць навуку. Уладкаваўся рабочым на працу ў калгас “Прагрэс”, ды неяк раптам перадумаў: трэба вучыцца далей. Паступіў у Бігосаўскі сельскагаспадарчы тэхнікум, а пасля яго заканчэння стаў працаваць ветурачом у Юхнаўцы. Крыху пазней яго запрасілі ўзначаліць ветэрынарную службу саўгаса “Вітуніцкі”, бо Забароўскі займаўся ў Віцебскім ветэрынарным інстытуце, меў добрыя вынікі на ферме. Канечне ж, пагадзіўся. Цягнула туды, дзе больш жывёлы, больш практыкі, хоць і менш вольнага часу. Праз тры гады, а было гэта ў 1969 годзе, у Добруні пабудавалі вялікі комплекс для ўтрымання буйной рагатай жывёлы. Аркадзь Канстанцінавіч Голуб, тагачасны старшыня калгаса “Іскра”, быў чалавекам прадбачлівым, вось і пераманіў да сябе галоўнага ветурача, які, як спецыяліст,  ужо адбыўся.

Сказаць, што страшна было пачынаць справу ў такім аб’ёме альбо ўзнікала пачуццё няўпэўненасці ў сваёй дасканаласці, Мечыслаў Антонавіч не можа. Ён і тады ведаў, што яму гэта па сіле. За работу ўзяўся з маладым запалам, напорыста, адказна. Стаў прымяняць новыя тэхналогіі лячэння кароў, якія засвоіў  у час вучобы. Доўга падтрымліваў сувязь з аднакурснікамі, дзяліліся паміж сабой новаўвядзеннямі. Вялікі давер меў да галоўнага ветурача старшыня калгаса. Заўсёды падтрымліваў яго, забяспечваў неабходным абсталяваннем, ветпрэпаратамі. У Дабруні, а затым і ў Глінным на комплексе па прыкладзе Забароўскага выкарыстоўвалі аэразольны метад лячэння і прафілактыкі захворванняў кароў. Урэшце і цяпер Мечыслаў Антонавіч лічыць, што галоўнае ў яго рабоце з жывёлай – гэта прафілактыка: прышчэпкі, вітаміны. Нездарма ў той час у “Іскры”, а там налічвалася каля 3 тысяч  галоў буйной рагатай жывёлы розных узроставых груп, паморак за год складаў толькі 12 галоў, і ніяк не больш. Хто з цяперашніх ветурачоў можа пахваліцца такімі вынікамі? Дарэчы, тады, як і цяпер, калгасныя спецыялісты лячылі насельніцкую жывёлу, а гэта значыць, што Забароўскі абслугоўваў значна большую за названую вышэй колькасць кароў і свіней. Усюды паспяваў галоўны ветурач разам са сваімі памочнікамі: фельчарамі ды санітарам. Але ніколі іх не пакідаў адных: заўсёды сам быў побач. Вынікі, якіх дабіваліся ў “Іскры”, цешылі не толькі мясцовае прадпрыемства ды раён, але і вобласць, рэспубліку. Неаднойчы іскраўцы былі ўдзельнікамі выставы дасягненняў народнай гаспадаркі. Адтуль прыязджалі жывёлаводы з каштоўнымі падарункамі, сярод якіх найбольш вялікім быў легкавы аўтамабіль.

Шчасціла М.А. Забароўскаму ў жыцці можа і таму, што яго другой палавінкай стала жанчына, з якой разам вучыўся ў тэхнікуме, затым інстытуце, а пасля і працавалі разам. Яна была загадчыцай фермы. Значыць, і дома, і на рабоце працавалі на адзін вынік, у адным кірунку. Гадаваць траіх дзяцей дапамагала цешча.

Зараз, як і належыць, разляцеліся дзеці з бацькоўскага гнязда. Маюць свае сем’і, свае клопаты. Але бацька з маці, якія вывелі іх у людзі, заўсёды на першым месцы.

Шкадуе крыху Мечыслаў Антонавіч, што ветэранская арганізацыя, якая створана ў Прудніках, існуе толькі на паперы. А магло б і ў пенсійным узросце жыццё біць жыватворнай крыніцай.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *