Сев яровых культур в Докшицком районе открыт

 

Хоць на палях яшчэ снег усюды не сышоў, а ў аўторак нават сыпанула неба свежага, у раёне ўжо пачалася пасяўная кампанія яравых зерневых

Карціна плугамі

«Беларус» у счэпе з трохметровым “Лемкенам” плаўна рухаецца па полі. Прыблізіўшыся да невялікай нізіны, механізатар Леанід Матрашыла зніжае ход і бярэ ўправа. Мокрае месца застаецца ззаду. Яго засеюць пасля, калі на гэтым участку стане сушэй. Якасць сёння не менш важна, чым тэмпы. На гэта была сканцэнтравана ўвага дырэктара СГФ “Бягомльскі” ААТ “Віцебскдрэў” Анатоля Бальшунова перад тым, як пусціць тэхніку ў вясеннія работы.

Да веснавой сяўбы яравых зерневых культур у сельгасфіліяле прыступілі першымі ў раёне. Як звычайна, пачалі з сяўбы аўса, які любіць вільгаць, не баіцца холаду. Кажуць у народзе: “Сей у гразь – будзеш князь”. А таму ўжо  25 сакавіка выйшла тэхніка на падрыхтаваны ўчастак. Землі на Бягомльшчыне ў асноўным пясчаныя і супясчаныя, вільгаць тут доўга не затрымліваецца, а таму марудзіць з пасяўной нельга. Паспееш наталіць зерне вадой, пусціць яно парасткі, значыць, і на ўраджай высокі можна спадзявацца. А згубіш час – наракай на сябе.

Працаўніку сяла – давер і пахвала

За Бягомлем, непадалёк ад цэнтральнай дарогі Мінск – Віцебск на 12-гектарным полі, дзе выжылі свой ліміт шматгадовыя травы, пайшоў з плугамі малады механізатар Ігар Каросцік. За ім з культыватарамі ўключыўся ў палявыя работы таксама малады Павел Каляга. Сеяць збожжавыя культуры даверылі вопытнаму, з вялікім працоўным стажам  механізатару шырокага профілю Леаніду Матрашылу.

– Першым пачаць веснавую сяўбу –  не проста гонар, гэта яшчэ і вялікая адказнасць. У гэты час на табе сканцэнтравана ўся ўвага: як пайшоў пасяўны агрэгат, ці роўна кладзецца зерне, як ідзе задзел зямлі, – гаворыць механізатар. – Стараюся, аж рукі дрыжаць, хоць пасяўная кампанія на маім рахунку далёка не першая. Але побач галоўны аграном, тут жа і дырэктар прадпрыемства. У першы дзень пасяўной прыехаў і старшыня райвыканкама. Канечне, ад цябе чакаюць і якасці, і тэмпаў. Як папрацуеш вясной, такі і ўраджай збярэш увосень. Мы ж працуем на канчатковы вынік.

Добрая падрыхтоўка пры складаных умовах

Да веснавой кампаніі ў гаспадарцы рыхтаваліся загадзя. А таму тэхагляд сельгасмашыны вытрымалі. Паклапаціліся і пра стан здароўя кожнага члена калектыву: адправілі ў паліклініку на медагляд. Як звычайна, у перыяд пасяўной сваіх механізатараў не хапае, а таму да працы прыцягнуты памочнікі з бягомльскага аддзялення камунальнай гаспадаркі і раёна электрычных сетак. Практычна, на пасяўную ідуць ўжо вопытныя ў гэтай справе механізатары. Няма праблем з запасам і ўнясеннем угнаенняў. Пад яравую сяўбу зерневых уносяць 320 кілаграмаў дзеючага рэчыва мінеральных угнаенняў. У дастатковай колькасці назапашана арганікі. Пойдзе яна пад прапашныя, у асноўным пад кукурузу.

У чаканні новай тэхнікі

Нягледзячы на тое, што пасяўная пачалася  і будзе завершана, згодна з запланаваным, да 1 мая, у “Бягомльскім” чакаюць папаўнення машынна-трактарнага парку. Энерганасычаны “Беларус-3022” з сеялкай “АПП-6” – гэта не проста мара кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства, але і эліксір здароўя на душу кожнага механізатара. Першы ўзнос за трактар у памеры 56 мільёнаў рублёў ужо зроблены. Пачата і афармленне дакументацыі на ўстаноўку новага ачышчальна-сушыльнага комплексу, які, як кісларод, патрэбны філіялу.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

На здымку: механізатары (злева направа) Павел Каляга і Леанід Матрашыла. У цэнтры – галоўны аграном Міраслаў Юшкевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *