У “Кацюшы” заўсёды весела
Лютаўская сустрэча клуба ветэранаў “Кацюша” была прысвечана Дню святога Валянціна і дням нараджэння Марыі Працукевіч, Францішкі Гінько і Валянціны Катэйка. За сталом у аддзяленні дзённага прабывання Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва сабраліся жанчыны, якія пайшлі на пенсію даўно і зусім нядаўна. Алена Сарокіна – загадчыца аддзялення ТЦСА – павіншавала імяніннікаў з нагоды, у вершаванай форме выказала пажаданні – шчырыя, душэўныя. Ад іх засвяціліся твары ўсмешкай у тых, каму яны былі прысвечаны, і ў тых, хто чуў і радаваўся за сябровак. Між тым у клубе збіраюцца аднадумцы, а таму інакш, як сяброўкамі, іх называць нельга. А сабраўшыся, абмяркоўваюць набалелыя пытанні, дзеляцца радасцямі, плануюць “залатую пару”. “Кацюшаўцы” здзейснілі шэраг паездак па гістарычных месцах краіны, наведалі жывапісныя куткі Беларусі. На іх рахунку і лінія Сталіна, і Нясвіжскі замак, і даліна цвярозасці – вёска Мосар, і шматлікае іншае. А пачыналася “Кацюша” 7 гадоў таму з мэтай аб’яднання ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Час прайшоў, удзельнікі тагачаснай вайны пастарэлі, сталі весці менш актыўны лад жыцця, а таму ім на змену прыйшлі ветэраны працы. Назву пакінулі былую, каб не згубіць сувязь пакаленняў, каб не засталося ў забыцці і тое добрае пачынанне для яднання людзей пенсійнага ўзросту. Члены клуба на сваіх сустрэчах абавязкова спяваюць славутую “Кацюшу”, як, дарэчы, і шматлікія іншыя песні. Сучасныя. Даўнія. І тут галоўнае, каб хтосьці заспяваў, а іншыя падхопяць, падцягнуць. Залатым голасам лічыцца ў клубе ветэранаў Францішка Гінько. Гэта яна і пра рамонак белы спявае, і пра дзень нараджэння, які стаў самым запамінальным.
Жыццё людзей, аб’яднаных у супольнасць, працякае насычана і цікава. У час лютаўскага пасяджэння давялося пачуць пра тое, што члены клуба “Кацюша” аб’ехалі ўсе бальніцы, дзе ёсць сацыяльныя ложкі і дзе пражываюць адзінокія састарэлыя грамадзяне. Наведаліся ў Сітцаўскае аддзяленне кругласутачнага прабывання. Канцэрт самадзейных артыстаў вельмі пацешыў пажылых людзей. Атрымалі асалоду ад зробленага і самі арганізатары, і ўдзельнікі мерапрыемства.
Кожнае пасяджэнне клуба адпавядае плану мерапрыемстваў, які складаюць на год, і стараюцца не адыходзіць ад яго пунктаў. На гэты раз была сустрэча з супрацоўнікамі раённай газеты “Родныя вытокі”. Прыемна, што людзей цікавяць разнастайныя пытанні, жыццё раёна, краіны. Гэта не дае застацца адзін на адзін з сабой і смуткаваць аб пражытым. “Нам рано жить воспоминаниями”, — спяваюць “кацюшаўцы”, і ў гэта шчыра верыцца.
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: пірог сваімі рукамі спякла Валянціна Катэйка і дзеліць яго сяброўкам. Вельмі смачна есці разам.
Фота аўтара.