В деревне Липники Докшицкого района живут всего четыре жителя

Асаблівых нязручнасцей у дробных вёсачках
яны не адчуваюць: пенсію надбавілі, аўталаўка прыязджае, дзеці і сацработнікі наведваюцца.

Жыхары вёскі Ліпнікі, якая знаходзіцца на тэрыторыі Бярэзінскага сельсавета, а яшчэ дакладней, якраз у зоне Бярэзінскага біясфернага запаведніка, любяць паўтараць, што некалі іх населены пункт быў вялікі. Аж дванаццаць хат было! Людзей многа!   Гэта цяпер толькі два жылыя дамы засталіся, у якіх пражываюць дзве бабулі: Алена Пятроўна Агапонька і Вольга Іванаўна Кузняцова. Разам з Вольгай Іванаўнай жыве сын Лёнік з грамадзянскай жонкай Наталляй. Ён даглядае дзвюх бабуль. Дапамагае ім справіцца з жыццёвымі цяжкасцямі. Ён і пагутарыць з імі, і сум іх разгоніць.

– Я люблю сустракаць усход сонца, нягледзячы на пару года, а таму ўжо раненька бягу да бабкі Лены, каб дроў прынесці, вады свежай, а таксама сцяжынку расчысціць ад снегу, – гаворыць Леанід Кузняцоў (здымак 1). – З дзяцінства прывык падымацца рана, каб яшчэ прахалодай у лес схадзіць па грыбы ды ягады. Мы ж тут спакон вякоў кормімся дарамі лесу. І дзяды нашы так жылі, і прадзеды. Лес – наша багацце, наш сябар, месца адпачынку для душы і цела. Вы спрабавалі прыціснуцца плячыма да гонкай сасны пасля работы на спякоце і паглядзець у блакітнае неба? Адчувалі, як забірае дрэва тваю стому? А блакіт неба навяваў думкі высокія, чыстыя? Не адказвайце адразу, а наведайцеся ў лес, як выглянуць пралескі, зірніце  на божае хараство знізу ўверх, і вы адразу зразумееце, чаму мне не хочацца цывільнага гарадскога жыцця. Іншы раз у мяне нават пытаюцца, колькі я буду жыць сярод лесу, а мне здаецца, што заўсёды.

Вольга Іванаўна Кузняцова (на здымку 2, разам са старшынёй Бярэзінскага сельскага выканаўчага камітэта В.І. Кургей) родам з Варлані. Яна гадавалася ў шматдзетнай сям’і без бацькі. Маці-ўдава цягнула на сваіх плячах і мужчынскую, і жаночую работу. Як кажуць, ірвала жылы сама, з маленства працавалі і дзеці. Вольга Іванаўна сцвярджае, што ўсё жыццё прайшло ў горы, у працы. Дзесьці не задаволена сваімі паводзінамі, маўляў, маладая была, неразумная, іншае спісвае на іронію лёсу.

Яшчэ дзяўчынай уладкавалася ў Мінск на цагельню. Адразу выдзелілі пакой у інтэрнаце, была і далейшая перспектыва. Аднак замуж выйшла ў Ліпнікі. За ўдаўца з дваімі дзецьмі. Хлопчыку было 7 гадоў, дзяўчынцы – 4. Затым з’явіліся на свет і агульныя дзеці. Таксама двое. Па словах кабеты, даглядала іх, адносілася да іх  аднолькава, што свае, што ягоныя – былі роднымі. Аднак мамай аклікнуў мужаў сын толькі пасля таго, як прыйшоў з арміі. Назваў жанчыну самым цёплым словам, а ў яе ад нечаканасці мароз па плячах прабег. Дачакалася любві і прызнання. Сваёй працай, сваімі адносінамі. Зараз пры неабходнасці ўсе дзеці аказваюць ёй сваю дапамогу: то ў бальніцу звозяць, то добрым словам падтрымаюць. А яно вунь як патрэбна пажылому чалавеку, бо здароўе ўжо не тое, няма патрэбнага руху ў нагах. І вочы не глядзяць,  як у маладосці, і слых ужо згублены. Так што без пабочнай дапамогі ёй ужо не абысціся. Добра, што сын пераехаў з Украіны жыць да маці. З’яўляецца яе асноўнай апорай і падтрымкай. Прымаўка ёсць у народзе: “З сынам біся-мірыся і за печ трымайся, а з зяцем біся-мірыся ды за дзверы трымайся”. Бабуля дагледжаная, накормленая, у чыстай і цёплай хаце жыве, ды гора не ведае.

Праўда, састарэлыя людзі любяць пагаварыць пра хваробы. Яны расказваюць пра тое, як  дзе і што баліць, да якога “дохтара” звазіў сын ці дачка і што нічога не дапамагло. Любяць бабулі, каб іх паслухалі, паспачувалі, падтрымалі. Колькі такіх расказаў пачула Валянціна Іванаўна! Мабыць і не адзін раз слухала той ці іншы аповед. Галоўнае для старшыні сельсавета — быць уважлівай, памяркоўнай і  спагадлівай. А яшчэ дзейснай. Атрымліваецца трымаць сябе ў такіх рамках — значыць, ты на сваім месцы.  

Ой і каларытная натура  бабуля Алена! Яе дом у Ліпніках стаіць, як вартавы, у пачатку вёскі. Вялікі, прыгожы сваёй самабытнасцю, у свой час, пэўна, быў адным з лепшых. Вартавым жыццёвых нораваў  з’яўляецца і Алена Пятроўна Агапонька (здымак 3). Так, як сама разумела жыццё, так патрабавала разумець яго і ад блізкіх. Тры сыны, якіх выгадавалі з мужам, і цяпер баяцца матчынай ацэнкі. Скажа матуля, што не так зрабілі, значыць, трэба перарабіць. Між тым  яна не тое, што камандзір, а палкаводзец. Сама наперадзе ідзе, за сабой вядзе. Любіць мужчынскую працу. Для яе не праблема расчапіць калодку, запрэгчы каня ў аглоблі, стаць за плуг. Праўда, смяецца бабуля, вырашыла, што і жалезны конь ёй павінен падпарадкавацца (у гаспадарцы ёсць уласны міні-трактар). Села за штурвал, пацягнула на сябе рычагі, але на кургане трактар падскочыў, дык яна з яго і вывалілася. Пасля гэтага пакінула задумку “зацугляць жалязяку”. Няхай сыны спраўляюцца з механізацыяй. Яны да яе прыязджаюць часта. Дапамагаюць. А колькі прысмакаў навозяць, лекаў розных! Яна хуценька паднялася з канапы і падышла да стала, адчыніла скрыню-аптэчку. 

– Вось за гэта лякарства 47 тысяч заплацілі, а за гэтыя пігулкі –  90! – хваліцца бабуля. – Праўда, маладой ніякае лякарства ўжо не зробіць.

Мы слухаем аповед пра жыццё бабулі, глядзім на партрэт маладой прыгажуні з дзвюма доўгімі косамі, уяўляем тагачаснае жыццё. Прыехала дзяўчына з Бабруйска ў Бедзіна. Там працавала сястра фельчарам, і Лена павінна была падмяніць яе па гаспадарцы, каб тая магла з’ездзіць на курсы. Пайшла на танцы і пазнаёмілася з Фрэдзем. 

– Прыгожы  быў паляк, хай яму на тым свеце будзе добра,  – кажа бабуля, – далікатны ў адносінах. Падышоў да мяне на танец запрасіць, ды як пакланіўся нізка са словамі:  “Разрашыце вас”, — то я ледзь са смеху не памерла. Але хто з каго смяецца, таму і застаецца. Я затым яму 4 гады пісьмы слала ў армію, чакала яго, а пасля і замуж пайшла. Ён у мяне ветфельчарам працаваў, а я хатняй гаспадыняй была. Жылі добра, мелі ўсё неабходнае. Толькі вось ён памёр, а мне засталося без яго дажываць…

Зараз  акном у вялікі свет стаў для састарэлых тэлевізар. Асабліва ў пашане ў бабулек праграма “Жди меня”. Тут і парадавацца ёсць за каго, і паспачуваць заўсёды знойдзецца каму. А без гэтага як інакш? Жыццё не бывае, каб толькі весела альбо толькі самотна. Яно складаецца з цёмных і светлых палосак. 

Аддаленая ад райцэнтра і нават сельскага Савета вёска жыве сваім жыццём. Адно толькі, што людзей тут мала, а так усё добра. Кажуць бабулі, што весялосць ім ужо не патрэбна. А крама, што на колах, два разы ў тыдзень наведваецца  стабільна. Прадукты харчавання і заказы дастаўляе належным чынам. На вуліцы гарыць ліхтар. Медыкі раз у месяц прыязджаюць. Тэлефоны ёсць у кожнай хаце. Старшыня мясцовага выканаўчага камітэта наведваецца, вырашае іх праблемы па тэлефоне. Хаця што там асаблівага патрэбна пажылым? Дровы ды святло. Імі забяспечаны.

Мы развіталіся са шчырымі і гаваркімі жыхарамі Ліпнікаў, памахалі рукой на развітанне і па чыстай, белай, лічы, палявой дарозе накіраваліся ў цывілізацыю. За плячыма застаўся прыгожы краявід натуральнай прыроды Бярэзінскага біясфернага запаведніка і роздум пра мінулае і сучаснасць, бягучае і вечнае, пра каштоўнасці жыцця, галоўным з якіх з’яўляецца чалавек. Думалі пра тых, хто жыў і дажывае, хто стварае ўмовы жыцця і клапоціцца пра старых і нямоглых.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *