В Докшицком районе готовятся к посевной
Да пачатку вясенніх палявых работ засталіся практычна лічаныя дні. У сакавіку вядзецца падсеў шматгадовых траў, унясенне калію ў глебу, а там і ўнясенне арганікі не за гарамі, ворыва.
Арганічныя ўгнаенні лічацца найбольш таннымі і каштоўнымі для павышэння ўрадлівасці глебы. Самую вялікую колькасць назапасілі іх у ААТ “Таргуны”. З даведзеным заданнем справіліся на 93 працэнты. Пры заданні 83 тысячы тон вывезлі 77 тысяч, з якіх 32 тысячы былі вывезены і ўнесены ў глебу яшчэ ўвосень. Згодна з тэхналогіяй назапашвання, арганіку неабходна ўтрымліваць у буртах вышынёй 3 метры, каб поўнасцю прайшоў працэс гніення і ўсходы не засмеціла пустазелле. Па ўсіх правілах забуртавана яна на полі каля вёскі Вецяра, дзе мы сустрэліся з Паўлам Кішэнем (на здымку), які разгружаў свой «Беларус».
– За дзень раблю па 7-10 рэйсаў, – расказвае механізатар. – Вывожу арганіку, а тым самым вызваляю ад гною комплекс “Таргуны”. Адлегласць ад фермы да бурта каля 5 кіламетраў, а таму і атрымліваецца наматаць столькі кругоў. На гэтым 140-гектарным полі вясной пасадзім прапашныя: кукурузу, бульбу. Няхай растуць вялікімі. Салярка пакуль ёсць і працаваць хочацца. Водпуск свой я ўжо адгуляў, – хітра смяецца Кішэня і ўдакладняе: — Паспеў зрабіць запланаванае ў хатняй гаспадарцы, а зараз не грэх папрацаваць на грамадскім участку.
– Графік рабочага дня механізатараў змяніўся ў лютым, – уключаецца ў размову галоўны аграном акцыянернага таварыства Аляксей Каротчык. – Пакуль асноўнай работай механізатараў быў рамонт тэхнікі, то працавалі з 8 да 15 гадзін. Зараз трэба набіраць тэмпы. Вясна любіць рупліўцаў. Хутка кожная хвіліна будзе на рахунку.
Пакуль на назапашванні арганічных угнаенняў задзейнічана 15 трактароў. Гэта без уліку 7 адзінак, якія штодня вызваляюць комплекс “Гліннае” ад вадкай арганікі. Хутка да вывазкі арганікі далучацца яшчэ 3 трактары. Калі здарыцца затрымка з вывазкай, то толькі з-за гаручага, бо запасу яго няма. Практычна палову неабходнай колькасці, як сказаў губернатар вобласці на пасяджэнні аблвыканкама, давядзецца купляць за свае сродкі. Частку гаручага можна будзе набыць за льготныя крэдыты і з дапамогай спонсараў.
Сёлета валавы намалот зерневых у ААТ “Таргуны” павінен скласці 26 тысяч тон. Каб атрымаць запланаванае, лічыць галоўны аграном, неабходна ўнесці ў глебу на адзін гектар 30 тон арганікі і 360 кілаграмаў дзеючага рэчыва азоту, фосфару і калію. Зараз ідзе назапашванне мінеральных угнаенняў, закуп гербіцыдаў і фунгіцыдаў для правядзення хімпраполкі і барацьбы з расліннымі захворваннямі, а таксама рэгулятараў росту.
Штогод у ААТ “Таргуны” на пасяўной працуе 8 — 10 механізатараў, якіх выдзяляюць з падшэфных арганізацый. Не адмовяцца ад іх дапамогі і сёлета. Тэхнікі ў гаспадарцы хапае, пасяўныя агрэгаты і глебаапрацоўчыя машыны стаяць на лінейцы гатоўнасці.
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.