Верхнедвинская «Двина» на докшицких землях
Яшчэ зусім нядаўна даводзілася чуць скаргі аграномаў на тое, што вясной на палі нельга ўз’ехаць па прычыне пераўвільгатнення глебы, і таму затрымліваецца пачатак вясенніх палявых работ. У глебе, якая раскісла ад вільгаці, садзяцца нават самыя магутныя трактары, а яшчэ яны рэжуць каляіны, топчуць парасткі збажыны, шматгадовых траў. А пры гэтым праходзяць аптымальныя тэрміны для агратэхнічных аперацый, парушаюцца патрабаванні інтэнсіўных тэхналогій, што ў канчатковым выніку прыводзіць да недабору ўраджаю.
На выручку хлебаробам прыйшла новая тэхніка. Вось ужо гады тры гаспадараць на палях раёна самаходныя апырсквальнікі на пнеўматычных колах “Раса”. Тэхніка добра зарэкамендавала сябе на нашых палетках. Але набыць яе мела магчымасць не кожная сельгаспадарка. Таму качавала “Раса” з аднаго прадпрыемства ў другое. І зноў жа, паспець усюды было складана.
На падтрымку “Расе” прыйшла “Дзвіна”, якая стала самым буйным інавацыйным праектам апошніх гадоў Верхнядзвінскага райаграсэрвісу. Універсальны апырсквальнік “Дзвіна” на шынах-абалонках звышнізкага ціску мае магчымасць ісці па самых пераўвільготненых палях, што немагчыма для іншай тэхнікі. У нашым раёне набылі яго дзве гаспадаркі: “АграБераснёўка” і “АграСітцы”. Вясна-2012 пачалася з іх удзелу.
– Поўны блок кіравання “ўсюдыхода” знаходзіцца ў кабіне, – гаворыць галоўны інжынер дзяржпрадпрыемства “АграБераснёўка” Аляксандр Стрыжонак. – Увесь працэс рэгулюецца камп’ютарам. З дапамогай ультрагукавога лічыльніка сістэма сама ў залежнасці ад хуткасці дакладна дазіруе падачу рабочай вадкасці на распыляльнік. Машына надзейная і практычна неабходная. На сённяшні дзень падкормлена ўжо 350 гектараў азіміны.
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: механізатар ДП “АграБераснёўка” Вадзім Ляўко за вёскай Краснае вядзе падкормку азімых збожжавых культур.
Фота В. Чарвінскага.