Воспитанники Ситцевского детсада растут здоровыми и смышлёными

На старонках аднаго з перыядычных выданняў давялося пазнаёміцца з дыскусіяй наконт неабходнасці існавання сістэмы дашкольных устаноў. Большасць з тых паважаных людзей, якія прымалі ў ёй удзел выказваліся, канечне, за неабходнасць садкоў і ясляў, але ў іх былі і апаненты. Галоўным аргументам у апошніх было тое, што дома ў цёплай кватэры малыя акружаны любоўю і пяшчотай, якія можа даць толькі маці. Гэта, безумоўна, так, але, па-першае, пераважная большасць жанчын працуе, і, па-другое, самая любячая маці, калі яна не педагог, не зможа як след падрыхтаваць дзіця да школы. У наш час гэты аргумент немалаважны. Што датычыцца дашкольных устаноў, то, напрыклад, у Сітцаўскі садок бацькі аддаюць сваіх дзетак з ахвотай. Тут падабраўся добры калектыў разам з загадчыцай Ірынай Шарох. Жанчыны, канечне, не імкнуцца замяніць сваім выхаванцам маці, але стараюцца, каб дзеці былі здаровымі, накормленымі, навучанымі.

Ад бацькоў дзяцей, якія наведваюць садок, давялося пачуць толькі ўдзячныя словы ў адрас работнікаў дашкольнай установы. Загадчыца з радасцю паведамляе, што пасля рамонту і перадачы кацельняй ДП “АграСітцы” ў памяшканні стаў пастаянна вытрымлівацца аптымальны тэмпературны рэжым. Ацяпляльны сезон тут пачынаюць, як толькі пахаладнее на вуліцы. Гэта вельмі важна ў міжсезонне восенню і вясной, калі дзеці часцей за ўсё хварэюць. Дадзеная акалічнасць станоўча паўплывала на зніжэнне захворваемасці выхаванцаў. Летась яна скарацілася да 3,5 дзён, менавіта столькі дзён не наведвала садок адно дзіця па прычыне хваробы. У 2010 годзе такіх дзён налічвалася 9,8.

Для ўмацавання здароўя дзяцей многа значаць працэдуры загартоўвання, штодзённыя прагулкі на свежым паветры з рухомымі гульнямі, збалансаванае харчаванне, яго вітамінізацыя. Дзеці ў садку харчуюцца тры разы з разлікам на суму 11430 рублёў на адно дзіця. Гэтай колькасці дастаткова, каб і на падвячорак была прыгатаваная страва. Штодзень у меню значыцца гародніна, і не толькі бульба, а і морква, буракі, капуста, агуркі. Час ад часу дзяцей радуюць ёгуртам, яблыкам, мандарынам.

Наяўнасць і добрага падвячорка, і ласункаў вельмі шмат значыць для дзяцей, асабліва тых, якія выхоўваюцца ў праблемных сем’ях. Такіх дзетак у садку двое, але, дзякуючы вялікім сумесным намаганням сельвыканкама, сацыяльнага педагога, загадчыцы садка, якія трымаюць пад пастаянным пільным кантролем абстаноўку ў гэтых сем’ях, там пакуль больш-менш спакойна. Бацькі плацяць за садок, даглядаюць дзяцей.

Рознабаковае развіццё выхаванцы атрымліваюць у адпаведнасці з праграмай “Пралеска”. Летась па жаданні бацькоў былі арганізаваны новыя формы дашкольнай адукацыі. Гэта група кароткачасовага прабывання дзяцей па падрыхтоўцы да школы. Працаваў платны гурток. Ужо некалькі год паспяхова дзейнічае пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Дзякуючы заняткам у ім, у асобных дзяцей выпраўлены парушэнні маўлення. Ва ўсіх справах актыўны ўдзел прымаюць бацькі выхаванцаў, бо выхаваўча-адукацыйны працэс немагчымы без сумеснай работы педагогаў і бацькоў.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: дзяцей у час абеду даглядае выхавацель Людміла Чурко.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *