Апошняя стадыя падрыхтоўкі насення

Цэх пратручвання насення на складах у Варганах ДП “Порплішча” працуе вось ужо тыдзень. Згодна з тэхналогіяй вырошчвання зерневых і зернебабовых культур, каб мець станоўчы вынік, у глебу трэба пакласці зерне пасля 10-14 дзён з моманту яго пратручвання. У чаканні пацяплення, а яно ўжо не за гарамі па прагнозах сіноптыкаў, парплішчанскія хлебаробы прыступілі да апошняй стадыі падрыхтоўкі насеннага матэрыялу. На працягу зімы ішла яго ачыстка, сартаванне, закуп эліты, сортаабмен. А цяпер пусцілі ў дзеянне набытую ў мінулым годзе машыну ПСК-15М. Працуе на ёй рабочы склада Аляксандр Пілкоўскі.

– За змену пры неабходнасці лёгка можам абараніць ад хвароб 30 тон насення збожжавых, – гаворыць А. Пілкоўскі. – Пакуль што не спяшаемся і апрацоўваем крыху меншы аб’ём: загружаем па два “КЗРы”, бо з практыкі бачна, што тое, што задужа, не зусім добра. Хаця ўжо зразумела, што тэрміны пасяўной будуць сціслымі, і на нас ускладзена вялікая адказнасць.

Да працы з ядахімікатамі рабочых прадпрыемства падрыхтавалі загадзя. Па-першае, правялі інструктаж па тэхніцы бяспекі, нагадалі правілы аховы працы і, зразумела, забяспечылі спецадзеннем, расператарам, рукавіцамі. На месцы ёсць і медыцынская аптэчка.

Сёлета пад яравыя збожжавыя і зернебабовыя ў ДП “Порплішча” адведзена 1090 гектараў. На насенныя мэты набылі 10 тон элітнага ячменю і 5 тон  элітнай пшаніцы. Астатняя плошча будзе засеяна насеннем першай і другой рэпрадукцый.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: рабочыя склада Валянціна Леанюк і Аляксандр Пілкоўскі. У цэнтры – аграном-насеннявод Мікалай Чачуковіч.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *