Добрае здароўе дадае жыцця

У 21-м стагоддзі адным з самых буйных сацыяльных працэсаў з’яўляецца старэнне насельніцтва. Хутка ў свеце пажылых людзей стане больш чым дзяцей. Таму тэма Сусветнага дня здароўя 2012 года “Старэнне і здароўе” з дэвізам “Добрае здароўе дадае жыцця да гадоў” заклікае звярнуць увагу на тое, што добрае самаадчуванне можа дапамагчы мужчынам і жанчынам пажылога ўзросту жыць паўнацэнным жыццём і быць актыўнымі членамі сям’і і грамадства.

Старэнне датычыцца кожнага з нас – маладых і старых, мужчын і жанчын, багатых і бедных — незалежна ад таго, дзе мы жывём. Гэты працэс непазбежны, але кожны чалавек старэе па-свойму. Агульнае тое, што, нават калі мы і маладыя сэрцам, нам неабходна падтрымліваць наш фізічны, псіхічны і сацыяльны дабрабыт, каб заставацца здаровымі і незалежнымі ў пажылым узросце. Пачынаючы з 1980 года, у Беларусі колькасць пажылых людзей стала большай у два разы. У нашым раёне іх налічваецца 7270 чалавек. Большасць гэтых людзей, калі не маюць вялікіх праблем са здароўем, то час ад часу кожнаму з іх нездаровіцца, і тады яны спяшаюцца ў бліжэйшую медустанову.

– Ранняе выяўленне хвароб, іх прафілактыка і своечасовая дапамога паляпшаюць фізічны стан пажылых людзей, – зазначае ўрач-герыятр ЦРБ Зінаіда Аксновіч. –  Таму гэта катэгорыя пацыентаў заўсёды пад пільнай увагай медработнікаў участковых бальніц, ФАПаў. Пад асаблівым кантролем знаходзіцца льготная катэгорыя і адзінокія пажылыя людзі. Гэта крыху больш за 1000 чалавек. У кожнага пажылога чалавека медработнікі рэгіянальнай медустановы пабывалі дома, высветлілі, якая яму патрабуецца дапамога. Не выходзячы з дому, састарэлыя прайшлі поўнае медыцынскае абследаванне, у тым ліку і ў спецыялістаў вузкага профілю, са здачай аналізаў.  Пры неабходнасці іх накіроўвалі на абследаванне ў райцэнтр.

– На якія моманты трэба звяртаць увагу ўсім пажылым людзям, якія хочуць з годнасцю старэць?

— У першую чаргу, пажылыя людзі павінны адчуваць, што яны яшчэ патрэбныя, што іх цэняць: грамадства, сям’я, сябры. Яшчэ адзін важны момант — гэта фізічная актыўнасць. Ёсць пераканаўчыя доказы таго, што актыўныя фізічна пажылыя людзі маюць ніжэйшы паказчык смяротнасці ад ішэмічнай хваробы сэрца, высокага крывянога ціску, інсульту, дыябету 2-га тыпу, раку тоўстай кішкі і малочнай залозы, больш высокі ўзровень сардэчна-сасудзістага, дыхальнага і мышачнага здароўя, больш здаровую масу цела і склад тканак. Таму людзям ва ўзросце 65 год і старэйшым неабходна надаваць фізічнай актыўнасці ў агульнай складанасці 150 хвілін на тыдні. Калі раўнамерна размеркаваць, то прыкладна па 30 хвілін фізічнай актыўнасці 5 разоў на тыдні. Можна рабіць гімнастыку, хадзіць, выконваць пасільную фізічную работу. Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендуе танцаваць, прычым танга. Гэта лепшы спосаб прафілактыкі астэапарозу – захворвання, якое звязана з пашкоджаннем косных тканак, што выклікае найбольш распаўсюджаны пералом шыйкі сцягна. Пасля гэтага пералому 20 працэнтаў пацыентаў паміраюць на працягу года, а яшчэ 50 працэнтаў — застаюцца інвалідамі. Таму танцуйце і правільна пры гэтым харчуйцеся, пастаянна ўжывайце кісламалочныя прадукты. Без апошняй умовы танец ад астэапарозу не ўратуе. У чалавеку павінна быць усяго ў меру: і фізічнай актыўнасці, і адэкватнага харчавання, якія дапаўняюць адно другое. З гэтым можна ўпэўнена рухацца па жыцці наперад – да актыўнага даўгалецця.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: на абследаванне ў райцэнтр Таісія Граблеўская прыехала з в. Валкалата. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *