Докшицкий парень на службе у Космоса

Сённяшняму пакаленню маладых такія паняцці, як космас, месяцаход, ракета, касманаўт, калі і знаёмы, то  бязмернага захаплення не выклікаюць. Бяздумныя дзеянні, што прывялі да развалу магутнай дзяржавы пад назвай СССР, нанеслі непапраўную шкоду арміі, флоту, разведцы і, канечне, развіццю касмічных даследаванняў, якімі ганарыўся Савецкі Саюз. Гэта адмоўна паўплывала на маральныя каштоўнасці новага пакалення. Быць мужным, служыць Радзіме, не шкадуючы сябе, стала не модным. Але тыя людзі, што стваралі сусветны імідж непераможнаму і магутнаму СССР, яшчэ жывыя і здаровыя. У сілу свайго загартаванага характару паспяхова працуюць і зараз. Да іх,  без ніякага сумнення, можна аднесці і нашага земляка Аляксандра Шыловіча.

З Аляксандрам Міхайлавічам мы сустрэліся ў час яго прыезду да бацькоў у Докшыцы. Размова была не вельмі працяглай (бо ў гэты дзень ён ужо ад’язжаў у Расію), але вельмі і вельмі цікавай. Складана было паверыць, што перад намі сядзеў чалавек, наш зямляк, які меў адну з самых рамантычных і сакрэтных прафесій у свеце. Каб усё стала больш зразумелым, адразу назавём званні, узнагароды – усё, што сведчыць аб вялікіх заслугах гэтага чалавека перад Радзімай.

Палкоўнік у адстаўцы Аляксандр Шыловіч з’яўляецца заслужаным выпрабавальнікам касмічнай тэхнікі, ветэранам касманаўтыкі Расіі. За заслугі перад Радзімай узнагароджаны ордэнам Пашаны, ордэнам Гагарына, медалём “За бездакорную службу ў касмічных войсках”, знакам касмічных войскаў “За заслугі” і яшчэ 12 узнагародамі рознага кшталту.

Нельга сказаць, што дзесяцікласнік – выпускнік Докшыцкай сярэдняй школы – марыў аб касманаўтыцы. Ён хацеў быць ваенным. Тады гэта прафесія была адной з самых запатрабаваных у моладзі.  З  класа, дзе вучылася 7 хлопцаў, двое сталі афіцэрамі. Пасля заканчэння ваеннага вучылішча, Шыловіч быў накіраваны на службу ў ракетныя войскі. Гэта акалічнасць стала вызначальнай. Вырашыў паспрабаваць свае сілы далей і паехаў паступаць у Акадэмію імя Дзяржынскага. Там  з’явілася магчымасць паспрабаваць паступіць на поўнасцю сакрэтны 3-і факультэт, дзе рыхтавалі спецыялістаў касмічных даследаванняў. У хуткім часе ён ужо быў слухачом менавіта гэтага факультэта, і з таго часу яго жыццё стала поўнасцю належаць дзяржаве.

Аляксандр Міхайлавіч 36 год праслужыў у Галоўным выпрабавальным касмічным цэнтры імя Германа Цітова, які знаходзіцца ў Падмаскоўі ў горадзе Чырваназнаменску, які яшчэ называюць касмічнай гаванню Расіі. Пачынаў інжынерам-выпрабавальнікам. У адстаўку пайшоў начальнікам упраўлення. Займаўся выпрабаваннем касмічнай тэхнікі, у тым ліку ракетаносьбіта “Зяніт – 2”, апаратаў украінскага канструктара Янгеля. Упраўленне, дарэчы, выводзіла на касмічную арбіту беларускі касмічны апарат “Белка”. Аляксандр Міхайлавіч працуе і зараз, толькі ўжо без пагон, у сектары натурных выпрабаванняў канструктарскага бюро “Арсенал”. З’яўляецца старшынёй Савета ветэранаў касмічных войскаў Расіі.

Асяродак зносін Аляксандра Міхайлавіча – касманаўты, канструктары, выпрабавальнікі. Былы Прэзідэнт Украіны Леанід Кучма быў тады калегам-інжынерам па Цэнтры. Сяброўскія зносіны звязваюць Шыловіча з былым касманаўтам, беларусам Уладзімірам Кавалёнкам. Можна яшчэ прывесці з дзясятак вядомых, нават легендарных прозвішчаў, за якімі значацца калегі, сябры нашага земляка. Гэтым людзям Аляксандр Міхайлавіч удзячны, як і сваім бацькам, за жыццёвую навуку быць верным сваім ідэалам, любіць Радзіму і служыць ёй пакуль хопіць сіл. У час скасавання выдаткаў на касмічныя даследаванні, як і на армію ў цэлым, многія афіцэры, не вытрымаўшы, развіталіся з пагонамі. Шыловіч выстаяў і гэтым ганарыцца. Дачакаўся моманту, калі, нарэшце, кіраўніцтва вялікай дзяржавы пачало спрабаваць адрадзіць страчанае, вярнуць былую веліч. Зараз гэту задачу выконваюць сыны Аляксандра Міхайлавіча. Маёр Антон Шыловіч пасля заканчэння Акадэміі ваенна-касмічных выпрабаванняў служыць на дальніх рубяжах Расіі. Старшы лейтэнант Сяргей Шыловіч у рэспубліцы Таджыкістан кантралюе касмічную прастору. Меў магчымасць палкоўнік, і не раз, пакінуць сыноў побач, але афіцэрскі гонар не дазволіў. І вышэйшай хвалой для яго сталі словы аднаго з сыноў: “Я ганаруся, што з’яўляюся сынам палкоўніка Расійскай арміі, а не палкоўнічым сынком”.  20 год службы ў касмічных войсках запісаны ў біяграфіі і вернай спадарожніцы Аляксандра Міхайлавіча — жонкі Таццяны Сяргееўны.

Пакуль такія людзі служаць Расіі, спакойна будзе на яе рубяжах, а значыць, і ў Беларусі.

На наступны год спаўняецца 40 год як узведзены новы будынак Докшыцкай СШ. Клас, у якім вучыўся Аляксандр Шыловіч,  быў першым яе выпускам. Ён вельмі спадзяецца, калі запросяць, прыехаць на 40-годдзе школы, бо Беларусь і маленькія Докшыцы ў сэрцы “касмічнага” хлопца – гэта  самая вялікая каштоўнасць.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: Аляксандр і Таццяна Шыловічы ў час прыезду ў Докшыцы.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *