Гады слязамі выплакала

У Беларусі пражывае  619 грамадзян, якія перасягнулі 100-гадовы ўзрост.  У Віцебскай вобласці такіх жыхароў 77 чалавек. Большасць з іх жанчыны. Нядаўна яшчэ адна наша зямлячка адзначыла векавы юбілей.

Бабуля і сама здзіўляецца, як ёй удалося дажыць да такога паважанага ўзросту. Можа таму, што заўсёды шмат працавала добрасумленна і шчыра? Адказу даць не можа. У сям’і яна была самая старэйшая, а ёй давялося хаваць усіх малодшых братоў і сясцёр. Жыццё пражыла нялёгкае. Муж памёр рана, толькі паспелі з ім нарадзіць дачушку. Як жылося ўдаве з дзіцём у вёсцы, можна толькі здагадвацца. Работа ў Руфіны Казіміраўны не дзялілася на мужчынскую і жаноцкую, яна ў яе была адна. Жала і касіла, плот гарадзіла і дровы секла – усё гарэла ў руках, бо спадзявацца не было на каго. Успамінаць той час бабуля надта што не хоча, заліваецца слязьмі, глядзіць на свае напрацаваныя рукі і  здзіўляецца, як яны вытрымалі за жыццё столькі працы? У калгасе тады таксама ўсё рабілі ўручную, а Руфіна Казіміраўна была паляводам. Успамінае, як грузіла на ферме гной на падводы, як потым растрасала яго на полі.

– Надвячоркам прыйдзеш дадому, а рукі ад стомы ўжо і лыжку трымаць не хочуць, а яшчэ і ў хляве, у хаце падрабіцца трэба, – расказвае доўгажыхарка. – Але ўсё роўна весялей чым зараз, бо маладая была. Людзей тады ў вёсцы шмат жыло. Калі валкалацкія кабеты выходзілі жаць, поле было белым ад жаночых хустак. А зараз усе ў горад едуць і мая ўнучка за дыпломам з’ехала.

Вучонасць заўсёды цанілася ў сям’і Бабровічаў. Сама Руфіна Казіміраўна толькі пару зім пахадзіла ў школу, але чытаць любіць і тэлевізар уважліва глядзіць да сённяшняга дня. Асабліва паважае “Навіны дня”. Таму, як бы цяжка не было гадаваць адной дачку, яе вучобу ў інстытуце Руфіна Казіміраўна толькі прывітала. Юзэфа вучылася завочна, бо надта шкадавала матулю адну кідаць. Усё жыццё выкладала рускую мову і літаратуру ў Валкалацкай сярэдняй школе. Дзесьці ў 30 год паўтарыла лёс маці – стала ўдавой. Гадавалі з маці дачушку Наташу і прасілі ў Бога толькі аднаго, каб ён іх дзяўчынцы даў лепшы лёс. Дзеля дачкі не выйшла замуж, баялася, што родным таткам чужы мужчына  не стане. Але не змагла і Наталля засцерагчыся ад чорнай хусткі ўдавы.

Руфіна Казіміраўна вельмі набожная. Яна шмат часу праводзіць за малітвамі і чытаннем святых кніжак. І ўсё ж дакарае сябе, што, маўляў, мала служыла  Богу, калі ён не пажадаў даць іх жаноцкаму роду гаспадароў. Радуецца праўнуку Расціславу – першаму мужчыну ў іх сям’і — і вельмі ганарыцца праўнучкай. Марына мае вышэйшую юрыдычную адукацыю і  працуе ў Следчым камітэце.

У дзень свайго 100-гадовага юбілею Руфіна Казіміраўна Бабровіч прымала ў хаце шматлікіх гасцей. Яе пад велічальныя песні сямейнага ансамбля Чыкуноў віталі в. а. дырэктара ДП “АграСітцы” М.У. Транчэўскі, старшыня прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі К.Г. Ходаравіч, старшыня Валкалацкага сельвыканкама А.В. Бабарыка. Бабулі падарылі самы лепшы ў яе ўзросце падарунак – цёплую коўдру. Вельмі да спадобы прыйшліся доўгажыхарцы і салодкія пачастункі. Усё ўрачыстае дзеянне здымаў тэлеканал «Беларусь 1», што стала для юбіляркі сапраўдным сюрпрызам.

Успамінаючы зараз, як прайшло святкаванне, бабуля час ад часу зноў кідаецца ў слёзы. У яе гэта ўжо ўвайшло ў звычку, кажа, што з дапамогай слёз усё жыццё ратавалася ад гора, а зараз ужо плача і ад радасці.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: 100-гадовая юбілярка з вёскі Валкалата Р.К. Бабровіч.

Фота В. Чарвінскага. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *