Государственные пособия детям

У адным з папярэдніх нумароў газеты “Родныя вытокі” змяшчалася інфармацыя намесніка начальніка раённага аддзела ФСАН Т.П. Палянскай аб памерах дзяржаўных дапамог па доглядзе за дзецьмі да дасягнення імі трохгадовага ўзросту. Сёння, як мы і абяцалі,  спецыяліст прадоўжыць гэту тэму і раскажа аб памерах дзяржаўнай дапамогі на дзяцей, узрост якіх перавышае тры гады.

Штомесячная дапамога па доглядзе дзяцей, старэйшых за тры гады, назначаецца не ўсім сем’ям, а толькі тым, якія асабліва маюць патрэбу.  Пры гэтым пад увагу прымаецца памер даходу сям’і за мінулы год. Права сям’і на такую дапамогу разглядаецца кожны год па стане на 1 студзеня або па стане на дзень, які наступае за днём спаўнення дзіцяці трох гадоў. Дапамога выплачваецца да таго дня, калі дзіця дасягае 16-гадовага ўзросту (навучэнцам дзённых сярэдніх школ, гімназій, ліцэяў – па ліпень, месяц заканчэння гэтых устаноў, незалежна ад узросту). Дзецям-інвалідам, а таксама навучэнцам, якія атрымліваюць адукацыю за кошт асабістых сродкаў у вышэйшых, сярэдніх спецыяльных і прафесіянальна-тэхнічных установах і не атрымліваюць стыпендыі. Дапамога выплачваецца па дзень спаўнення імі 18-гадовага ўзросту ўключна. Дапамогі на дзяцей, якія вучацца ў школах-інтэрнатах (акрамя прыходзячага кантынгенту), прафесіянальна-тэхнічных, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых установах адукацыі з бюджэтнай формай навучання, не назначаюцца.

Для назначэння вышэй указанай дапамогі патрабуецца выкананне некалькіх умоў.

Па-першае, за мінулы год у поўнай сям’і тата, а ў няпоўнай – мама павінны адпрацаваць або атрымліваць пенсію на працягу не менш як 6 месяцаў або атрымліваць дапамогу па беспрацоўі за 26 каляндарных тыдняў.  

Па-другое, у гэтым годзе на момант звароту па дапамогу ў поўнай сям’і тата, а ў няпоўнай – мама павінны быць заняты, гэта значыць, працаваць, атрымліваць пенсію або быць зарэгістраваны ў якасці беспрацоўных (незалежна ад  атрымання дапамогі па беспрацоўі).

Дзве папярэднія ўмовы не распаўсюджваюцца на бацькоў, якім устаноўлена інваліднасць, назначаны пенсія з выпадку страты кармільца або дапамога па доглядзе за дзіцем ва ўзросце да трох гадоў, дзіцем-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў, інвалідам 1 групы, асобай, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту.

Трэцяя ўмова для назначэння дапамог на дзяцей, старэйшых за тры гады, – малы даход на члена сям’і ў месяц. Яго памер вызначаецца як сума сярэднямесячных даходаў кожнага члена сям’і за мінулы год, падзеленая на  колькасць членаў сям’і. У састаў сям’і ўключаюцца бацькі і дзеці да 18 гадоў або старэйшыя за гэты ўзрост, калі яны з’яўляюцца навучэнцамі агульнаадукацыйных навучальных устаноў або інвалідамі з дзяцінства 1 і 2 груп і атрымліваюць сацыяльныя пенсіі.

Апошняя ўмова не прымяняецца да сем’яў, якія  выхоўваюць дзіця-інваліда; няпоўных сем’яў, у якіх  бацьку ці маці ўстаноўлена 1 або 2 група інваліднасці, пры ўмове, што ён не працуе і не мае іншага віду занятасці; а таксама сем’ям ваеннаслужачых, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу. Указаным катэгорыям сем’яў дапамога на ўсіх дзяцей назначаецца і выплачваецца ў поўным памеры, незалежна ад узроўню сукупнага даходу.

Пры вылічэнні сукупнага даходу ў даход сям’і, акрамя заработнай платы, уключаюцца выплаты сацыяльнага характару. Да іх адносяцца дапамогі па доглядзе за дзіцем ва ўзросце да трох гадоў, дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога ў выглядзе штомесячных выплат, кошт бясплатнага харчавання першых двух гадоў жыцця і іншыя.

Усе атрыманыя даходы пацвярджаюцца адпаведнымі даведкамі.

Інфармацыя пра тое, якія дакументы неабходна прадставіць  для назначэння дапамог на ўтрыманне дзяцей да трохгадовага ўзросту і старэйшых за тры гады, будзе змешчана ў адным з наступных нумароў нашай газеты.

…інвалідам і 80-гадовым

Дапамога па доглядзе за інвалідам 1 групы альбо асобай, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, прызначаецца грамадзянам Рэспублікі Беларусь, замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства. Права на дапамогу маюць працаздольныя непрацуючыя грамадзяне, якія не займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю, не вучацца ў навучальных установах на дзённай форме навучання, а таксама асобы, якія атрымліваюць пенсію, дапамогу па беспрацоўі, штомесячныя страхавыя выплаты ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў, якія не атрымліваюць штомесячную грашовую дапамогу згодна з заканадаўствам аб дзяржаўнай службе, ажыццяўляючы пастаянны пабочны догляд за непрацаздольным  грамадзянінам.

Дапамога прызначаецца пасля таго, як асоба звярнулася ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама з заявай (па ўстаноўленай форме), пашпартам альбо іншым дакументам, які сведчыць асобу, і працоўнай кніжкай. Ва ўпраўленне неабходна прадставіць выпіску з дакумента, які сведчыць пра дасягненне чалавекам, за якім трэба аформіць догляд, 80-гадовага ўзросту, копію заключэння медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі аб групе і прычыне інваліднасці, заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі аб патрэбе асобы, якая дасягнула названага ўзросту, у пастаянным доглядзе, звесткі аб неатрыманні дапамогі па беспрацоўі, аб адсутнасці рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, члена сялянскай  (фермерскай) гаспадаркі з мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

Ажыццяўленне догляду прадугледжвае сумеснае пражыванне альбо пражыванне ў адным населеным пункце асобы, якая будзе ажыццяўляць догляд, і непрацуючага грамадзяніна, за якім ён ажыццяўляецца. Дарэчы, сваяцкія адносіны паміж імі значэння не маюць.

Выплата дапамогі спыняецца з 1-й даты месяца, які ідзе за тым, калі наступілі наступныя абставіны: смерць альбо прызнанне невядома адсутнічаючым непрацуючага грамадзяніна альбо асобы, якая ажыццяўляла догляд; зыход тэрмінаў, на якія была ўстаноўлена 1 група інваліднасці, выдадзена заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі; заканчэнне тэрміну дзеяння віду на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, спыненне ажыццяўлення догляду, пацверджанае заявай непрацуючага (яго законным прадстаўніком) альбо актам абследавання органа па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, паступленне асобы, якая была занята доглядам, на працу альбо заняцце прадпрымальніцкай дзейнасцю, выезд за мяжу і некаторыя іншыя абставіны.
Асоба, якая ажыццяўляе догляд, павінна на працягу 5 дзён паведаміць органу, які прызначыў (выплачвае) дапамогу, аб абставінах, якія спыняюць выплаты даплаты.

У выпадку, калі інвалід прапусціў тэрмін пераагляду, які вызначыла камісія, выплата дапамогі ўзнаўляецца з таго дня, з якога ён зноў прызнаны інвалідам 1 групы, згодна з заявай таго, хто ажыццяўляе догляд.

А.  ТУЛОЎСКАЯ,
начальнік упраўлення па працы, занятасці
і сацыяльнай абароне райвыканкама.

Один комментарий для “Государственные пособия детям

  • 17.04.2012 в 9:56 дп
    Permalink

    «Пры гэтым пад увагу прымаецца памер даходу сям’і за мінулы год.» Дык якім павінен быць максімальны даход? Мне ісці збіраць даведкі ці мой даход не дазваляе разлічваць на дапамогу?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *