Молодой руководитель и солист докшицкой эстрадной студии «Калейдоскоп» живёт музыкой

Часта кажуць, што звычайна ў жыцці нам выпадае толькі адзін шанец, што другога не будзе, таму трэба заўсёды з першай спробы зразумець, што да чаго, і не ўпускаць магчымасці. Але тут мы павінны ўзгадаць доўгі шэраг уласных памылак, якія як раз навучылі ўбачыць сваё са шматлікага чужога, дапамаглі разабрацца, дзе сапраўды твой шанец і твой лёс. Кіраўнік і саліст народнай эстраднай студыі “Калейдаскоп” ГЦК, дзі-джэй кінаканцэртнай залы “Іскра” Андрэй Чабан (на здымку) не стаў выключэннем: у старэйшых класах хлопца вабіла тэхніка, але зараз ён вельмі шчаслівы, што кожны яго дзень напоўнены музыкай і толькі музыкай. Як гэта атрымалася?

Калі хлопчык скончыў пачатковую школу ў Літоўцах, “галаўным болем” для  бацькоў стала просьба сына аддаць яго ў музычную школу ў Крулеўшчыну. Канечне, яны не маглі адмовіць яму ў мары, і Андрэй пачаў сваё знаёмства з акардэонам і светам музыкі. Два гады ён захапляўся гэтымі дзівосамі, але пасля значныя нагрузкі праявілі  сябе: хлопчык стаміўся, бо уставаў у шэсць, ехаў у Крулеўшчыну спачатку ў агульнаадукацыйную школу, затым ішоў у музычную і толькі ў сем вечара вяртаўся  дадому.

– Вядома, мне хацелася пагуляць на вуліцы, адпачыць, як кожнаму дзіцяці, – распавядае Андрэй. – А часу зусім не хапала, таму пасля двух гадоў навучання па класе  акардэона, я вырашыў пакінуць музшколу.

Але бацькі, убачыўшы схільнасці сына да музыкі, не дазволілі яму гэтага зрабіць. Зараз Андрэй вельмі ўдзячны ім за празорлівасць і настойлівасць.

Хаця музыку ў яго жыцці яшчэ чакала выпрабаванне канкурэнцыяй з матацыклам і хуткасцю. Хлопец даволі рана пачаў на ім ездзіць, любіў рамантаваць тэхніку – пасля 9-га класа думаў паступаць у Гарадоцкі агратэхнічны каледж. Але прыехаў туды на падрыхтоўчыя курсы, агледзеўся і зразумеў, што не тая там атмасфера, якой патрабуе душа. Вярнуўся ў школу – а тут падаспела лёсавызначальная парада Ганны Юнцэвіч, загадчыцы клуба ў Літоўцах. Свае першыя крокі па сцэне Андрэй Чабан зрабіў, менавіта дзякуючы ёй,  яна і прапанавала яму паступаць у Віцебскі дзяржаўны каледж мастацтваў.      

Зараз кіраўнік і саліст студыі заканчвае і завочную адукацыю ў Віцебскім педагагічным універсітэце імя П. Машэрава, хутка стане прафесійным выкладчыкам музыкі.

За чатыры гады працы ў ГЦК Андрэй стаў пазнавальнай асобай для докшыцкіх слухачоў, прымае ўдзел у розных конкурсах, з песняй больш не расстаецца. Не так даўно прывёз дыплом за ўдзел у фінале конкурсу “Песні юнацтва нашых бацькоў” у Оршы.

– Атрымаў добры вопыт, зразумеў пэўныя нюансы, улічваючы гэта, у наступным годзе планую значна лепш падрыхтавацца, – дзеліцца выканаўца. 

Прыкладна з восені ў дзейнасці Андрэя з асабістай творчасцю пачала суседнічаць і калектыўная. Спачатку стаў кіраўніком эстраднай студыі “Калейдаскоп”, а з пачатку года  пад яго кіраўніцтвам пачала дзейнічаць і дзіцячая студыя з такой жа назвай.

–  Зараз у мяне займаюцца 11 дзяцей, поўных энтузіязму і жадання спяваць. Выбіраем з імі рэпертуар з улікам іх патрэб. Я вучуся вакалу, у тым ліку па ўроках, што размешчаны ў інтэрнэце, і іх стараюся навучыць. Выканаўцы дарослай студыі ўжо сапраўдныя прафесіяналы – ім, у асноўным, падказваю штось па рэпертуары, займаюся фанаграмамі, запісамі і г.д.

Увогуле, нават самая галоўная мара Андрэя звязана толькі з музыкай – навучыцца спяваць па-сапраўднаму на вышэйшым узроўні, не дзеля авацый – для душы.

– Я вельмі крытычна да сябе стаўлюся, – прызнаецца кіраўнік і саліст студыі. – Калі чагосьці дасягаю, пастаўленая планка аўтаматычна ўзлятае ўверх. Безумоўна, складана жыць у такім рэжыме, але па-іншаму не магу.

Хай жа сцэна і надалей дае маладому выканаўцу столькі радасці і сэнсу, колькі хваляванняў і сіл адымае. 

Таццяна МАЦЮШОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *