Не ездзі ў горад — штраф заплаціш

Пэўна, не адзін раз пашкадаваў жыхар Пінска, што быў такім няўважлівым, калі пад’язджаў да Докшыц. На ўездзе не заўважыў дарожнага знака, які забараняе ўезд у горад транспартным сродкам з масай большай за 3 тоны, прасцей кажучы, грузавым аўтамабілям. Прыйшлося дзяржаўтаінспектару яму пра гэта нагадаць і аштрафаваць на 100 тысяч рублёў за парушэнне Правіл дарожнага руху (на здымку).

Дарэчы, з 1 красавіка, калі хто не ведае, штрафы за парушэнне ПДР істотна павялічыліся. Зараз, па словах начальніка ДАІ РАУС Анатоля Сценніка, напрыклад, за язду з непрышпіленым рэменем – штраф да 1 базавай велічыні (100 тысяч рублёў). У выпадку паўторнага парушэння на працягу года – ад 2 да 5 базавых велічынь. Да ўвагі аматараў пагаварыць за рулём па мабільным тэлефоне: зараз за гэта першы раз вас чакае штраф да 2 базавых велічынь, у другі раз – ад 2 да 8 базавых велічынь!

Асабліва трэба зменшыць свае жаданні тым, хто любіць праехацца з ветрыкам. За перавышэнне хуткасці ў залежнасці ад ступені парушэння аматараў хуткай язды чакае штраф першы раз ад 1 да 10 базавых велічынь, у другі – ад 5 да 15 базавых велічынь, або пазбаўленне права на кіраванне транспартам тэрмінам да 1 года.
Парушэнне правілаў абгону або выезд на сустрэчную паласу руху прадугледжвае штраф ад 2 да 10 базавых велічынь з пазбаўленнем права кіравання да 1 года або без яго.

Суровае пакаранне чакае таго, хто яшчэ не можа пазбавіцца злачыннай звычкі ездзіць за рулём у стане алкагольнага ап’янення. Такому вадзіцелю прыйдзецца заплаціць штраф ад 15 да 35 базавых велічынь і ў абавязковым парадку развітацца з вадзіцельскім пасведчаннем на 3 гады. Калі ён ужо да гэтага не меў правоў на кіраванне аўтамабілем і ўсё-такі сеў за руль, штраф павялічваецца ад 25 да 45 базавых велічынь. Зараз пакаранне ў выглядзе штрафу ад 15 да 35 базавых велічынь з пазбаўленнем права кіравання ад 1 да 2 год прадугледжана і за ўжыванне спіртнога пасля таго, як ужо здзейснена ДТЗ. Раней гэту «шчылінку» часта выкарыстоўвалі нядобрасумленныя вадзіцелі. Маўляў, за рулём ехаў цвярозы, а як здзейсніў ДТЗ, то пакуль чакаў ДАІ для супакою нерваў выпіў.

Немаленькія штрафы прадугледжаны за парушэнне правілаў прыпынку-стаянкі. Для легкавых аўтамабіляў – 1 базавая велічыня, для грузавых – 5 базавых велічынь. Пры паўторнасці парушэння на працягу года штраф для легкавушак павялічваецца да 2, а для грузавікоў – да 10 базавых велічынь.

Зараз ёсць над чым  задумацца і веласіпедыстам з пешаходамі. За парушэнне ПДР іх чакае штраф ад 1 да 3 базавых велічынь, а калі чалавек знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення – то ад 3 да 5 базавых велічынь.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Фота А. Варанковіча.

Один комментарий для “Не ездзі ў горад — штраф заплаціш

  • 28.04.2012 в 11:23 дп
    Permalink

    А гаишник, хоть мал — да удал!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *