«Не звоните в домофон – наши двери открыты» —
— хутка перафразавалі вядомую песню Міхаіла Круга жыхары дома № 46, што знаходзіцца на вуліцы Палявой у новым мікрараёне жыллёва-будаўнічых кааператываў райцэнтра.
Справа ў тым, што вось ужо колькі тыдняў культ цывілізацыі – дамафон у шматкватэрным доме – бяздзейнічае. Прычына ў тым, што кнопкі дамафона сапсаваліся, а камунгасаўцы, пасля звароту жыльцоў, паставілі часовую аварыйную кнопку, праўда, на такой вышыні, што дацягнуцца да яе могуць толькі дарослыя людзі. Дзецям пачатковых класаў гэта непасільна. Магчыма, каб прастаяла яна дзень-другі, то праблема б не абвастрылася, але адлічэнне пайшло не ў днях, а ў тыднях. Часовая канструкцыя не заменена. І стаіць практычна новы дом з насцеж расхлябанымі дзвярамі. Заходзьце, хоць людзі, хоць каты ці сабакі. Не зачыненыя дзверы і для тых, хто хоча выпіць у цёплым і чыстым пад’ездзе альбо прыйсці сюды па іншай нагодзе.
Хіба пра гэта марылі ўладальнікі кааператыўнага жылля, калі будавалі кватэры? Канечне ж, не. І вось цяпер яны стукаюцца, лічы, у зачыненыя дзверы РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” і ДКУБП “Докшыцкая ПМК-52”, якое ўзводзіла дом, каб дапамаглі справіцца з праблемай. Але ў адказ чуюць, што гэта не іх справа. Жыльцам штакватэркі таксама не зразумела, хто павінен зрабіць рамонт, а таму яны і папрасілі разабрацца ў гэтым рэдакцыю.
Рэдакцыя просіць: “Адгукніцеся тыя, хто можа выправіць становішча! Прызнайцеся, на кім ляжыць гэта адказнасць? Хто дасць адказ на пытанне: у чые абавязкі ўваходзіць рамонт дамафона ў дадзеным выпадку?”. Мы, у сваю чаргу, таксама пацікавімся ў адказных асоб.
Нэлі Бяляўская.