Пластыкавая картка — зручны від разліку

Пластыкавыя карткі сёння з’яўляюцца адным з тых відаў разліку, які развіваецца найбольш хутка. У Віцебскай вобласці ў абароце налічваецца 1,2 мільёна картак. За 5 апошніх год іх колькасць павялічылася ў 3 разы. Але тэмпы росту безнаяўных разлікаў усё ж такі жадаюць быць лепшымі. Сёння на Віцебшчыне з дапамогай пластыкавай карткі аплачваецца кожная дзясятая пакупка. Наогул жа ў Беларусі доля безнаяўных аперацый з выкарыстаннем картак складае 13 працэнтаў, у той час, як у еўрапейскіх краінах – не менш за 70 працэнтаў. 

На думку спецыялістаў, многія беларусы па-ранейшаму псіхалагічна не гатовыя да штодзённага карыстання банкаўскімі карткамі. Невысокім з’яўляецца і ўзровень фінансавай адукаванасці асноўнай часткі насельніцтва. Гэта тлумачыцца, пэўна, тым, што наогул стаж шчыльных зносін з банкаўскай сістэмай у нашых суайчыннікаў параўнальна невялікі. Разам з тым трэба адзначыць, што банкаўскія структуры робяць многае, каб безнаяўныя разлікі для спажыўцоў сталі па- сапраўднаму простымі і зручнымі.

У нашым раёне ў звароце ў спажыўцоў знаходзіцца 11 тысяч пластыкавых картак ЦБУ № 209 філіяла № 216 ААТ “Беларусбанк” і 5710 картак разлікова-касавага Цэнтра № 1 ААТ “Белаграпрамбанк”. Абслугоўванне ажыццяўляюць 4 банкаматы, 6 інфакіёскаў, з дапамогай якіх можна аплаціць камунальныя паслугі, банкаўскія крэдыты, тэлефон, інтэрнэт, перавесці грошы на рахунак. У банкаўскіх аддзяленнях кансультанты растлумачаць і дапамогуць любому правесці плацяжы з дапамогай карткі. У гандлёвых і сэрвісных арганізацыях раёна ўстаноўлены 102 тэрміналы. Літаральна праз некалькі дзён пачне дзейнічаць праграма лаяльнасці для карыстальнікаў пенсіённых пластыкавых картак, распрацаваная ў межах супрацоўніцтва паміж ААТ “Беларусбанкам” і райста. У адпаведнасці з ёй, уладальнікам падобных картак пры разліку будуць прадстаўляцца гандлёвыя скідкі на ўсе віды тавараў ва ўнівермагу г. Докшыцы і ўніверсаме “Родны кут”.

Для павелічэння базы карыстальнікаў банкі асаблівую ўвагу надаюць укараненню новых відаў пластыкавых картак. Напрыклад, “Беларусбанк” прапанаваў сваім кліентам-пенсіянерам карткі Visa Electron, якія дазваляюць атрымліваць дадатковы прыбытак у выглядзе павышанай працэнтнай стаўкі на рэшткі грашовых сродкаў, якія захоўваюцца на карт-рахунку. Пры гэтым прапанаваныя карткі двух відаў дазваляюць мець карт-рахунак як у беларускіх рублях, так і ў доларах ЗША. Для жыхароў сельскай мясцовасці створаны асобны від картак БелКарт-М “Аграрная”, якія дазваляюць таксама атрымліваць дадатковы даход на грашовыя сродкі, што захоўваюцца на карт-рахунку. З пластыкавай карткай БелКарт-М “Дзіцячая” ацаніць перавагу безнаяўных плацяжоў зможа нават дзіця. Праявіць сваю індывідуальнасць кліенты ААТ “Беларусбанк” могуць пры афармленні карткі з індывідуальным дызайнам (“Фотакартка”), калі выберуць афармленне, якое ім асабіста спадабалася.

Кожны сёмы карыстальнік пластыкавай карткі гэтага ж банка ў раёне карыстаецца такой паслугай, як авердрафт. Гэта кароткатэрміновы крэдыт у межах штомесячнай зарплаты, пенсіі, стыпендыі. Пагашэнне крэдыту адбываецца ў час аўтаматычнага папаўнення карт-рахунку.

У сённяшні турботны і хуткі час, апошняга не хапае нікому. І тут банкі ідуць насустрач спажыўцам, каб яны не трацілі дарэмна каштоўны час. Напрыклад, дзякуючы дыстанцыйнаму банкаўскаму абслугоўванню, не трэба асабіста наведваць банк для аплаты мабільнай сувязі, камунальных паслуг, электраэнергіі, інтэрнэта і іншых. Мабільны банкінг дазваляе ажыццяўляць усе тыя аперацыі, што і інфакіёскі, не выходзячы з дому праз сетку інтэрнэт.

Зараз у кожным банкаўскім аддзяленні раёна арганізаваны пункты прыёму камунальных плацяжоў, якія дазваляюць ажыццяўляць банкаўскія аперацыі безнаяўным шляхам.

Па словах намесніка дырэктара філіяла ААТ “Беларусбанк” у Докшыцах Ірыны Малюжанец, інфраструктура безнаяўных разлікаў будзе і надалей развівацца хуткімі тэмпамі.

– У сваёй рабоце мы кіруемся тым, каб максімальна ўлічыць інтарэсы карыстальнікаў банкаўскіх картак, зрабіць безнаяўныя разлікі для кліентаў больш простымі, хуткімі і выгаднымі, – падкрэсліла Ірына Рыгораўна.
А карыстальнікі пластыкавых картак жадаюць, каб банкаматы не псаваліся ў святы і выхадныя дні і ў іх заўсёды была наяўнасць.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: супрацоўнік філіяла № 216 ААТ “Беларусбанк” у Докшыцах Ірына Вішнеўская дапаможа кліенту ажыццявіць любую аперацыю па безнаяўным разліку.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *