Светлая радасць хлебароба

Механізатар з вялікай літары, камбайнер-тысячнік Яўген Ермаковіч самааддана працуе на сяўбе яравых культур.

Добра выйшлі з-пад снегу азімыя ў  ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Зялёныя стаяць, густыя. Гэты колер вясной найбольш яркі і радасны. Ён дае надзею, што закаласіцца збажына ў хуткім часе, зазвініць тугімі каласамі.

Галоўны аграном таварыства Васіль Грыгаровіч ўбачанаму дае сваю ацэнку:

–   Папрацавалі старанна. Зіма была спрыяльная для зерневых. Але і хлебаробская праца была дасканалай. Я, як тэхнолаг раслінаводчай галіны,  беспярэчна прытрымліваюся тэхналогіі вырошчвання кожнай культуры, бо гэта ж навуковыя распрацоўкі. Канечне, трэба ўлічваць розныя акалічнасці: і надвор’е, і структуры пасяўных плошчаў, папярэднікаў — але без працы рук чалавека ні ў якім разе не абысціся. А таму, як толькі  з’явілася магчымасць, прыступілі да падкормкі азімых зерневых, шматгадовых траў. Вялікую дапамогу ў гэтай справе аказвае тэхніка на пнеўматычным ходзе. “Раса” без каляін пайшла па азімым кліне, своечасова ўнесла ўгнаенні, якія і далі рост раслінам. Не без гонару адзначыў аграном, што зараз іх тэхніка працуе на палях суседніх гаспадарак. На чужым полі, як на сваім, шчыруюць механізатары.

Практычна ўся сельскагаспадарчая тэхніка задзейнічана на вясенніх палявых работах. Палі адкрытага акцыянернага таварыства раскіданы на вялікай адлегласці адзін ад другога. Дзе тое Параф’янава, Юркаўшчына, а  там  – Дзехцяры, Крыпулі… .. Усюды трэба паспець: і вільгаць не згубіць, і з граззю не змяшаць насенне.

У той дзень, калі мы наведаліся ў аграсэрвіс, большая колькасць тэхнікі была сканцэнтравана ў Бярозаўскім накірунку. У таварыстве спачатку пачалі сеяць ячмень, пасля  –  пшаніцу, авёс, а затым прыступілі да лубіну. Задоўга да пасяўной быў зроблены эканамічны разлік, які даў вынікі: сеяць лубін выгадна і эканамічна апраўдана.

–   Вялікіх праблем гэта культура не выклікае, – гаворыць Васіль Раманавіч.  –  А калі ўлічыць той факт, што лубін не толькі не патрабуе азотных угнаенняў, а сам накоплівае з паветра азот, то ў будучыні поле, на якім ён рос, стане выдатным для наступных культур. Між тым, зерне лубіну, лічы, у разы даражэйшае за збожжавыя. Так што шостую частку ад усіх зерневых, альбо каля 500 гектараў, адвялі сёлета пад не тое што новую, але даўно забытую культуру.

Каля вёскі Глінішча, што непадалёк ад Бярозаўкі, сеяў лубін адзін з лепшых механізатараў прадпрыемства Яўген Ермаковіч. Свой спрыт і ўменне паказвае механізатар у кожнай справе, якую б яму ні даверыла кіраўніцтва. Яўген добра разумее, што неўзабаве прыйдзе час вярнуцца на гэта поле яшчэ раз. У час жніва ён садзіцца за штурвал камбайна. Камбайнер-тысячнік – вызначэнне, якое адразу характарызуе механізатара.

Надвор’е не спрыяе сяўбе, а супясчаныя глебы з суглінкавай подсцілкай тармозяць ход палявых работ у адкрытым акцыянерным таварыстве. Вось таму і манеўруюць тэхнікай, перакідваюць яе на ўжо “паспелы” ўчастак. Нават не спецыялісту можна было бачыць, што некаторыя ўчасткі поля засеяныя не поўнасцю: значыць, прыйдуць на нізкія месцы трактары яшчэ раз.

Каб укласціся ў аптымальныя тэрміны сяўбы яравых культур, задзейнічаны ўвесь арсенал тэхнікі,  што ёсць у  гаспадарцы. Працуюць чызелі, культыватары, дыскатары, машыны для ўнясення мінеральных і арганічных угнаенняў, пасяўныя агрэгаты. Работа арганізавана ў дзве змены. Памагатымі на пасяўной рабочым аграсэрвісу сталі камунгасаўцы, райгазаўцы, райстаўцы. Сярод  удзельнікаў пасяўной арганізавана спаборніцтва. Рабочыя  забяспечаны двухразовым гарачым харчаваннем.

Як бы складана ні праходзіла пасяўная кампанія, яна радуе кожнага члена таварыства, вясковага працаўніка. Слова “жыта” паходзіць ад слова “жыць”. Будзе жыта, ячмень, пшаніца  –  будзе жыць сельгаспрадпрыемства. Будзе жыць народ. А таму ў Свята працы, якое здаўна адзначаецца 1 мая, хлебаробы будуць працаваць яшчэ з большай адказнасцю. Дзеля салідарнасці з вяскоўцамі на палях раёна будуць сеяць збажыну і прадстаўнікі прамысловых прадпрыемстваў.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *