У Сітцаўскім СДК грошы зарабляюць песнямі


План мінулага года па платных паслугах Сітцаўскі СДК  выканаў на 168 працэнтаў. Грошы тут зарабляюць канцэртамі і іншымі  мерапрыемствамі, узровень якіх дазваляе рабіць відовішчы платнымі.

У 2007 годзе, калі ў Сітцах будаваўся аграгарадок, рамонту дачакаўся і Сітцаўскі СДК. Грандыёзны будынак з адзінай у раёне сцэнай, якая мае спецыяльнае абсталяванне, да гэтага часу прабываў у вялікім запусценні. У час капрамонту быў адноўлены дах, заменены вокны, дзверы, падлога, пафарбаваны сцены, набыта некаторая мэбля. Зараз у ДК прыемна зайсці. І як бы было шкада, каб укладзеныя грошы сталі выкінутымі на вецер. Дзякуй богу, атрымалася не так. Работнікі культуры (у СДК знаходзіцца і бібліятэка, а таксама музычны клас Докшыцкай ДШМ) робяць усё, каб Дом культуры стаў для вяскоўцаў сапраўдным месцам, дзе далучаюць да літаратуры і мастацтва, прапаноўваюць карысна і цікава бавіць час.

Дырэктар Яўгенія Кішыла, мастацкі кіраўнік Ніна Каршулёнак, акампаніятар Валерый Войцік, загадчыца бібліятэкі Алёна Карповіч, бібліятэкар Наталля Літвінава, настаўніца музычнага класа Таццяна Сапажэнка – вось тая групка здольных, апантаных прафесіяналаў (усе маюць спецыяльную адукацыю), якая здолела зрабіць культурнае жыццё ў Сітцах цікавым і змястоўным. У СДК працуе студыя эстраднай песні “Жамчужына”, у якой займаюцца 9 чалавек. Гэта жывёлавод Жанна Штоль са сваёй дачкой Насцяй, вадзіцель Андрэй Малышаў, тэхнічка Аксана Кміта і яе дачка Насця, настаўніца Алена Януковіч, бібліятэкар Заборцаўскай бібліятэкі Людміла Кучыц і самі работнікі культуры. Удзельнікі студыі сталі ядром канцэртнай брыгады, якая з выступленнямі наведала многія населеныя пункты раёна. Акрамя «Жамчужыны» ў яе ўваходзяць таксама ўдзельнікі дзіцячай студыі “Вясёлыя ноткі”, вакальнай групы “Дубравушка”. Харэаграфічныя нумары ў выкананні Вольгі Янкавіч, Наталлі Вахавіч, Святланы Норавіч з’яўляюцца ўпрыгожаннем кожнага канцэрта. Распрацаваны некалькі тэматычных канцэртных праграм. На працягу амаль дзвюх гадзін сітцаўскія самадзейныя артысты без стомы дораць гледачам нумары песеннага, харэаграфічнага, драматычнага жанраў.

Летась было арганізавана 145 канцэртаў. Акрамя гэтага тут праведзена брэндавае свята “Святы Серафім ідзе – на кірмаш усіх заве”. Традыцыйным стала правядзенне фальклорнага абраду “Масленіца-палізуха”. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца сярод вяскоўцаў рэтра-вечарынкі. У прынцыпе, тут запыт перавышае прапанову: столькі, звычайна, знаходзіцца жадаючых.

У сваёй дзейнасці СДК не абмяжоўваецца толькі мерапрыемствамі для жыхароў аграгарадка. Работнікі культуры – частыя госці ў аддаленых вёсках сельсавета, куды яны выязджаюць разам са старшынёй Сітцаўскага сельвыканкама Ізабэлай Януковіч. Мінулым летам правялі Свята вёсак у пяці населеных пунктах. Рознымі культурнымі мерапрыемствамі пастаянна займаюць вольны час работнікаў Сітцаўскага прампрадпрыемства. І гэта далёка не поўны пералік таго, што ствараюць сваёй працавітасцю і фантазіяй для вяскоўцаў работнікі культуры з Сітцаў.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: у час выступлення на раённым конкурсе-аглядзе “Таленты Докшыччыны”. На пярэднім плане дырэктар СДК Яўгенія Кішыла.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *