У вёсках Докшыцкага раёна адкрываецца прастор

Нешматлікія жыхары вёскі Віржы, што ў Валкалацкім сельсавеце, нягледзячы на няўтульнае, пахмурнае надвор’е, амаль усе выйшлі на адзіную вясковую вуліцу. Цікава ім было паглядзець, як пяць мужчын з бензапіламі спрытна выразалі хмызняк, якім зараслі кінутыя сялібы (здымак першы). Дырэктар школы Н.П. Падляшчук (гэта яе рабочыя і настаўнікі выразалі кустоўе) падышла да Леакадзіі Ермаковіч, якая жыве з мужам-інвалідам, і прапанавала паказаць, што трэба зрэзаць у іх садзе, бо, зразумела, што самі зрабіць гэтага старыя ўжо не ў стане. Леакадзія Уладзіславаўна доўга дзякавала за дапамогу.

У мінулы чацвер на добраўпарадкаванне «сваёй» вёскі выйшлі і работнікі Валкалацкай бальніцы. Ім дасталася Ракітаўшчына. Вёсачка маленькая, жыве ў ёй некалькі чалавек і таму амаль уся яе тэрыторыя зарасла хмызняком, дрэвамі. Аб’ём работы для жаноцкага калектыву бальніцы вельмі вялікі і даволі цяжкі. На дапамогу прыйшло Валкалацкае лясніцтва. У дзень, калі мы былі ў Ракітаўшчыне, ваяваць з зараснікамі медработнікам дапамагаў ляснік Станіслаў Іваноўскі (здымак другі). Некаторыя жанчыны і самі былі з невялічкімі тапорыкамі. Бедавалі толькі, што няма на чым вывозіць зрэзаныя дрэвы і галлё. А калі іх своечасова не прыбраць, то цяжкая праца будзе дарэмнай.

У Валкалацкім сельсавеце запланавана ачысціць ад смецця і кустоўя 34 населеныя пункты. У якасці шэфаў выступаюць мясцовыя арганізацыі і гараджане. Практычна ўсе яны ўжо адпрацавалі па некалькі дзён на добраўпарадкаванні. Старшыня сельвыканкама Антаніна Бабарыка выказвае словы падзякі за адказную працу Тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Валкалацкаму лясніцтву і ўсім астатнім, хто шчыра ўзяўся дапамагаць сельсавету ў гэтай справе.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *