Унікальныя «Беларусы»

Докшыцы ўдастоіў сваёй увагай унікальны калектыў “Арт-гурт “Беларусы”. Амаль дзве гадзіны шэсць маладых хлопцаў паказвалі на сцэне ўзоры акадэмічнага вакальнага майстэрства. Рэпертуар калектыву самы рознабаковы: ад твораў сусветнай класікі да эстрадных шлягераў. Для выканання ўсіх характэрны харавое шматгалоссе, дасканальная гармонія і  нябесная чысціня. Пасля безгалосых выканаўцаў з іх “фанернымі” выступленнямі – гэта зачароўвае, бярэ ў палон. Становяцца зразумелымі словы наконт таго, што сапраўдная музыка натхняе свет, дае душы крылы, радасць жыцця ўсяму існуючаму.
 

“Беларусы” прапагандуюць не толькі сапраўднае музычнае мастацтва, але і аддаюць належную даніну павагі роднай мове. На ёй вялася першая палова канцэрта, большасць твораў выконвалася не толькі на мове арыгінала (італьянскай, іспанскай, англійскай і іншых), але і на беларускай. Пры выкананні ў класічным стылі бельканта адразу было і не пазнаць, на італьянскай ці беларускай мове спяваюць выканаўцы, бо ўзровень прыгажосці і мілагучнасці моў падобны.

Вёў канцэрт кампазітар, аранжыроўшчык, дырыжор, заснавальнік і мастацкі кіраўнік калектыву Валерый Шмат. Вёў проста, без заклікаў да гледачоў “падняць ручкі”, “ павітаць апладысментамі”. Гэта за яго рабілі высокага класа канцэртная праграма, непараўнальнае выканаўчае майстэрства спевакоў, і таму выкананне практычна кожнага твору бісіравалася гледачамі.

У арт-гурце спяваюць 6 салістаў: 3 тэнары, 2 барытоны і глыбокі, бяздонны бас Ігара Рацівых. Усе спевакі маюць акадэмічную музычную адукацыю, што дазваляе ім выконваць творы любога жанру. Да “Беларусаў” спявалі ў розных прафесійных калектывах. Практычна ўсе з’яўляюцца пераможцамі рэспубліканскіх, міжнародных конкурсаў і форумаў.

Таму не дзіва, што канцэрт “Арт-гурта “Беларусы” – гэта сапраўдная чароўнасць. Дзіўна толькі, што ў глядзельнай зале былі пустыя месцы. Няўжо сапраўды культурны ўзровень нашага гледача замёр на блатняку Віктара Каліны, які сарамліва называем шансонам? Білеты на гэтага выканаўцу былі раскуплены ўсе да адзінага. Вельмі б не хацелася так думаць. Таму, калі трапіцца дзе яшчэ пачуць, што выступае “Арт-гурт “Беларусы”, наведайце канцэрт, адчуеце ад гэтага неверагодную асалоду.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: “Арт-гурт “Беларусы”. У цэнтры побач з Валерыем Шматам яго аднакласнік і сябра дзяцінства настаяцель храма Усіх Святых у Бягомлі айцец Валерый Цімкоў.

Фота аўтара. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *