Ветеранское движение в Докшицком районе
Змест і танальнасць сходаў, якія адбыліся ў апошнія дні сакавіка ў ветэранскіх арганізацыях РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, РВПС і РВЭС, банкаўскіх работнікаў, можна сказаць, больш насілі характар сямейных урачыстасцей, на якіх блізкія па інтэлекце і духу людзі абмяркоўвалі сваё жыццё-быццё, раіліся па тых ці іншых пытаннях. У сходах прымалі ўдзел кіраўнікі арганізацый і ўстаноў, прафсаюзныя лідары, што надавала калектыўным размовам дзелавы, даверлівы характар.
Ветэранам – падзяка, актывістам – граматы
Дырэктар РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Аляксандр Хілько быў нешматслоўным: падзякаваў ветэранам за іх працоўны ўклад ва ўмацаванне камунальнай гаспадаркі раёна, расказаў пра матэрыяльную і маральную падтрымку пенсіянераў. Яго падтрымалі старшыня ветэранскай арганізацыі Алена Лось і старшыня прафкама Тамара Цынковіч: прывялі факты таго, як ветэраны асабістым прыкладам выхоўваюць у маладых рабочых і спецыялістаў высокія маральныя і дзелавыя якасці, жаданне працаваць добрасумленна, якасна аказваць насельніцтву паслугі.
Кіраўнік прадпрыемства ўручыў актывістам ветэранскага руху Ганаровыя граматы і каштоўныя падарункі, а ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці выступілі перад ветэранамі з канцэртам.
Па праграме “Клопат”
– Ва ўстановах «Беларусбанка» дзейнічае праграма “Клопат” – сістэма мер маральнай і матэрыяльнай падтрымкі ветэранаў банкаўскай працы, – гаварыла на сходзе старшыня ветэранскай арганізацыі Людміла Калбасіч. — Нас віншуюць з кожным святам, юбілейнымі датамі. І матэрыяльную дапамогу атрымліваем таксама. У пенсіянераў ёсць магчымасць паправіць здароўе ў рэспубліканскім санаторыі «Прыазёрны». Рэгулярна праводзяцца абследаванні жыллёвых умоў, складаюцца мерапрыемствы па прывядзенні жылля і гаспадарчых пабудоў у належны стан.
Аб мерах па падтрымцы сваіх былых работнікаў гаварылі таксама в.а. дырэктара філіяла “Беларусбанк” Ірына Малюжанец і начальнік аддзялення “Белаграпрамбанк” Вольга Аніськовіч, сваімі думкамі дзяліліся і самі ветэраны працы. А яшчэ некаторыя з іх у актавай зале, дзе праходзіў сход, дэманстравалі ўласныя вырабы. Напрыклад, Раіса Васілевіч з задавальненнем паказала прысутным свае дываны-пляцёнкі, выкананыя з ласкутоў тканіны, чым наяве пацвердзіла аксіёму жыцця: працавіты, ініцыятыўны чалавек не будзе марнаваць час і тады, калі па ўзросце выходзіць на пенсію.
Добрым словам, пачастункамі
Начальнік раённага вузла электрычнай сувязі Віктар Падцяроб арганізаваў для ветэранаў экскурсію па ўстанове, пазнаёміў са спецыялістамі, расказаў аб задачах, якія сёння выконваюць сувязісты. Потым прысутныя слухалі выступленні старшыні ветэранскай арганізацыі РВПС і РВЭС Зоі Модаль, начальнікаў гэтых устаноў Рамана Каралевіча і Віктара Падцяроба, старшынь прафсаюзных камітэтаў. Атрымаўся дзелавы цікавы дыялог кіраўнікоў з былымі работнікамі, у ходзе якога былі высветлены жыццёвыя праблемы пенсіянераў.
З добрым настроем удзельнікі сходу прадоўжылі сяброўскую гаворку за салодкім сталом.
Вясна прыйшла – клопатаў прынесла
І хоць з наступленнем вясны работы сапраўды прыбаўляецца, старшыня ветэранскай арганізацыі і адначасова старэйшына вёскі Барсукі Галіна Петрашкевіч не баіцца гэтых турбот. Наадварот, добрыя і карысныя справы, якія чакаюць прыкладання людскіх рук, ёй вельмі ўздымаюць настрой. Такіх спраў у вяскоўцаў цяпер шмат. Ідзе месячнік па навядзенні парадку на зямлі. А гэта значыць, што не толькі ўласныя панадворкі трэба вычысціць, але і навесці парадак на прысядзібных участках, ліквідаваць несанкцыянаваныя сметнікі, якія там-сям утварыліся за зіму. А там і да кветнікаў прыступаць трэба. Да велікодных і майскіх свят застаецца мала часу, і трэба паспець добраўпарадкаваць вуліцы і грамадскія месцы ва ўсім населеным пункце, а яшчэ – навесці парадак на могілках. Гэтымі клопатамі жыве вясковая актывістка Галіна Анатольеўна Петрашкевіч, якая ў саставе докшыцкай дэлегацыі прымала ўдзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных 25-годдзю ветэранскага руху, што праходзілі ў абласным цэнтры.
Асабліва непакоіцца Галіна Анатольеўна пра адзінокіх састарэлых людзей, інвалідаў, якія не могуць абысціся без дапамогі на сваіх прысядзібных участках.
Ёсць у савета ветэранскай арганізацыі, якую ўзначальвае Петрашкевіч, і просьба да кіраўніцтва аддзела культуры райвыканкама. Справа ў тым, што пры Доме культуры ў Барсуках працуе гурток мастацкай самадзейнасці для пенсіянераў. Ветэраны прыходзяць на рэпетыцыі, выступаюць у іншых вёсках з канцэртамі. На жаль, іх магчымасці абмежаваныя па прычыне адсутнасці спраўных музычных інструментаў. Але сваёй надзеі на іх набыццё пенсіянеры не губляюць.
М. Аўтух,
старшыня раённага савета ветэранаў.