Хлопец калгасны працуе класна

Каля 50 трактарных адзінак выйшла ў поле на перыяд вясенне-палявых работ у ААТ “Таргуны”. Магутныя, энерганасычаныя трактары дачакаліся свайго зорнага часу: скончылася зімовая спячка, рамонтныя і падрыхтоўчыя работы. Пара сеяць! Механізатар Аляксандр Аксючыц за справу ўзяўся з радасцю.

Да сяўбы яравых зерневых у ААТ “Таргуны” прыступілі згодна з дзедаўскім метадам. Яшчэ ў даўнія часы казалі: “Сей авёс у гразь – будзеш князь!”. Вось і выехалі таргуноўскія механізатары на поле да Несцераўшчыны. Яшчэ ўвосень тут паднялі зяблева, а перад гэтым унеслі ў глебу калій. Вясной пусцілі чызельны культыватар, пакармілі зямельку фосфарам і азотам, правялі перадпасяўную апрацоўку, а затым, як караля, пусцілі  “Фэндт” у счэпе з “Мегасідам”. Адчуўся вясенні прыпар, загуло поле, зашумела. Роўнымі радамі пасыпалася зерне. Набухне, напоўніцца яно ядром і разарвецца, выпусціўшы першы парастак. Ці ёсць больш прыемны малюнак, чым бачыць зямлю, пакрытую шчоткай зялёных усходаў? Але каб гэта ўбачыць, трэба сёння старацца, працаваць не пакладаючы рук.

На пасяўных агрэгатах працуюць Сяргей Гмырак і Сяргей Ралавец, Аляксандр Аксючыц, Іван Шпак. За змену даюць паўтары-дзве нормы.

– Хлопцы працаваць умеюць, – гаворыць галоўны аграном прадпрыемства Аляксей Каротчык, – На якасць работ нараканняў няма. Ды і быць не можа. Практычна ўсе яны сядуць затым за штурвал камбайнаў. Як пасееш, так і намалоціш. А хто не хоча сабраць як мага большы ўраджай? На іх рахунку значыцца не адна тысяча намалочанага зерня. Так што я не хвалююся, бо ведаю, што з пастаўленай задачай механізатары справяцца.

На ўнясенні мінеральных угнаенняў з запалам працуюць Уладзімір Трус, Андрэй Тхораў, Іван Радкевіч, Дзмітрый Ралавец. Заўзята ўзяліся за справу Генадзь Лібоза, Сяргей Шыхаўцоў, Уладзімір Яноўскі, Анатоль Вараб’ёў, Аляксандр Савульскі, якія працуюць з чызелямі. Гарыць праца ў руках механізатара Івана Сайковіча, які рыхтуе глебу шыроказахватным культыватарам “КЗП”. І справа тут не ў тым, што сёлета ў гаспадарцы арганізавана спаборніцтва на розных відах работ сярод механізатараў. Нават не тое, што за кожнае перавыкананне будзе асаблівы разлік. Сумленне – вось галоўны стымулятар, рэгулятар і кантралёр. Сумленне не дасць зглуміць такую важную справу, як пасяўная кампанія.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *