Быть женой алкоголика?
Напэўна, каб у маладосці сказалі, што давядзецца ўсё жыццё пражыць з чалавекам, які злоўжывае спіртнымі напоямі, то можа б смяялася, а можа б проста пакрыўдзілася. Няўжо мяне, разумную, прыгожую, можна ўявіць побач з чалавекам, у якога сіні нос, рукі трасуцца, а ў галаве не дамашняя ўтульнасць і мірная размова за кубкам гарбаты, а пастаянныя пошукі кампаній, прычын для выпівак? А здарылася на самой справе менавіта так, як не хацела, як нават думаць не магла.
Лёс складваўся, здаецца, удала. Інстытут. Размеркаванне. Любімая работа. Пастаянныя сустрэчы з людзьмі. Высока інтэлектуальныя размовы. І ён – такі неардынарны, па-свойму цікавы. Сур’ёзны і адукаваны. А пачатковыя сяброўскія пасядзелкі за келіхам не здаваліся незвычайным і чымсьці брыдкім. Думалася, што гэта нармальна: прычына, каб сабрацца, пагутарыць. Не такі наш горад, што насычаны месцамі культурнага адпачынку накшталт тэатраў, музеяў. Чымсьці патрэбна заняцца маладым людзям, каб не надакучыць адзін другому. Ды хіба ўзбягалі на памяць выказванні пажылых, умудроных жыццёвым вопытам людзей? Але нездарма ёсць народная прымаўка, што калі гарэлка ў роце, то не мазгі ў рабоце. Вельмі часта бывае, што сябра сям’і становіцца каханкам мужа ці жонкі (не абмінула мяне і гэта). Што ад маленькага келіха да вялікай бутэлькі толькі адзін крок.
Як жа хутка давялося зразумець, што п’янаму чалавеку не да дзяцей, якія цягнуцца на рукі! Што ўжо забыліся яму ў п’яным угары тыя мілыя дзіцячыя словы: “Татачка, я так замарыўся, бо не сядзеў у цябе на галаве”. А было ж такое, што бег малы насустрач бацьку, які прыходзіў з работы, а той падхопліваў яго на рукі і садзіў сабе на плечы. Хлопчык круціўся ў бацькі на плячах, гладзіў яго па ўжо лысаватай галаве, цалаваў у родную макушку. Як жа хутка прайшло ўсё добрае! Як непрыкметна акруціўся зялёны змей вакол мужчынскай галавы і не даў таму зразумець шчасця бацькоўства! Як хутка бягуць гады!
Ужо падлеткамі баяліся дзеці сустрэцца з бацькам у горадзе на вуліцы. Яны перабягалі на другі тратуар, каб не загаварыць з ім, каб не пазналі сябры, што гэта той, хто даў ім жыццё. Ды і дома жыць з такім бацькам не хацелася. Сыны цягнуліся да маці, якая старалася замяніць ім яго, выкладвалася як маці. Яна імкнулася агарнуць іх такой любоўю, каб тыя аніяк не адчулі недахопу бацькоўскай цеплыні і пяшчоты. Вадзіла размовы на “мужчынскія” і “жаночыя” тэмы. Вучыла быць адказнымі людзьмі.
І вось па хаце бегае ўнучак. Цягнецца ручкамі да бацькі. Шчабеча пакуль цяжка зразумелыя словы. Загляне ў пакой, дзе ляжыць п’яны дзед – бацька бацькі. Я гляджу на гэта немаўлятка вачамі поўнымі слёз і прашу Бога, каб зміласцівіўся над гэтым дзіцём і не даў яму перажыць тое, што зведаў у дзяцінстве, юнацтве яго бацька. Здаецца, няма больш горкага сораму, чым сорам за тых, хто даў табе жыццё.
Навошта было цярпець п’янага мужа? Навошта жыць з чалавекам, калі ў цябе апрача дзяцей нічога няма агульнага? Каму патрэбна такая ахвяра? Я зразумела, што нікому.
Всем бы алкоголикам дать бы почитать! На трезвяк.