Бегомльщина талантливая
Мінулагодняя ініцыятыва старшыні Бягомльскага пассавета Мікалая Трахініна аб правядзенні рэгіянальнага агляду-конкурсу мастацкай самадзейнасці “Таленты Бягомльшчыны” сёлета атрымала далейшы працяг.
– Правядзеннем конкурсу мы хочам абудзіць культурнае жыццё ў гарпасёлку, які некалі быў вядомы высокім узроўнем мастацкай самадзейнасці, – сказаў Мікалай Аляксеевіч. – Добра, што людзі занятыя карыснай справай. Сваім выхадам на сцэну дастаўляюць радасць сабе і гледачам, якіх, пакуль доўжыўся конкурс, была паўнюткая зала.
У аглядзе прынялі ўдзел каля 20 калектываў. Некаторыя з іх прадставілі па 1-2 нумары, як напрыклад, СГФ “Бягомльскі”, а іншыя ( завод “Ветразь”, раённая бальніца) паказалі паўнацэнныя канцэртныя праграмы. Галоўнае, што вызначала выступленне пераважную большасць калектываў Бягомльшчыны, – гэта старанне і жаданне выйсці на сцэну. Выканаўчы ўзровень выступаючых быў самы розны, але ў аглядзе-конкурсе больш важны сам удзел, атрыманне пазітыўных эмоцый ад сустрэчы з мастацтвам, артыстамі і гледачамі. Малайцы маладыя хлопцы і дзяўчаты з Замастачанскага сельскага клуба. Нумары ў іх былі немудрагелістыя, над іх выкананнем яшчэ шмат трэба працаваць, але, галоўнае, што загадчыца Зоя Паплёўка і яе памочнікі стараліся нешта зрабіць. Прыемна было бачыць на сцэне выступленне салістаў Вікторыі Піменавай (Бягомльская гарпасялковая бібліятэка), Наталлі Шыбковай (Бягомльскі музей народнай славы), Ірыны Каляга (Прудніцкая базавая школа), прыпевачніцы з Пруднікаў Ніны Марцынкевіч. Выступленні Сяргея Дубко, Вольгі Шылковай былі як бы па-за конкурсам, бо іх выканаўчае майстэрства можна лічыць ужо ў нейкай ступені прафесійным. Асабліва хочацца адзначыць тое, што ў конкурсе заявіў аб сабе Бягомльскі ГДК, які зусім нядаўна ўзначаліла Вольга Кругляніна. Праграма была невялікая, але з густам падрыхтаваная.
Адказна падышлі да падрыхтоўкі сваёй конкурснай праграмы Прудніцкая базавая школа, Бягомльскі лясгас, што было бачна па іх выступленнях. Прыемна ўразілі дзве Бягомльскія школы, якія як бы ўступілі паміж сабой у спаборніцтва і падрыхтавалі па музычным спектаклі. Менавіта так можна назваць іх цэльныя, аб’яднаныя агульным сюжэтам, маляўнічыя, музычныя праграмы. На ўзроўні было касцюміраванне, музычнае афармленне. Сярэдняя школа зіхацела вакалам, а дапаможная – харэаграфічнымі нумарамі. Гэтыя два калектывы і раздзялілі паміж сабой пачэснае трэцяе месца. Другое – заняў калектыў Бягомльскай раённай бальніцы з праграмай ваеннай тэматыкі. Яна ў іх атрымалася мабільнай, песеннай і вельмі патрыятычнай.
Несумненны фурор зрабіла на конкурсе выступленне калектыву мастацкай самадзейнасці Бягомльскага завода “Ветразь”. На ўзроўні было ўсё: выканаўчае майстэрства самадзейных артыстаў, іх культура сцэны, шматжанравасць, закончанасць праграмы, прадуманасць касцюміравання. Асабліва даспадобы прыйшліся ўсім харэаграфічныя нумары, выступленне мужчынскай вакальнай групы, у якой саліраваў начальнік вытворчасці Франц Ждановіч. Праграма ў “Ветразя” атрымалася вясёлай і гарэзлівай. Артысты выступілі на адным дыханні, магчыма, таму, што побач з імі быў дырэктар завода Анатоль Сіўко і горача іх падтрымліваў.
Конкурс закончыўся прыемным сюрпрызам у выглядзе феерверка і надоўга падарыў радасць бягомльцам. Лепшыя калектывы і асобныя артысты прынялі ўдзел у канцэрце, прысвечаным Дню Перамогі.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКАХ: на сцэне артысты Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрната; спявае Вікторыя Піменава.
Фота аўтара.