Докшицкий вернисаж самобытной мастерицы
Ёсць такая думка, што людзям, якія заняты разумовай працай, неабходна ў вольны ад асноўнай работы час знайсці адпачынак, які звязаны з фізічнай нагрузкай. Даводзілася неаднойчы бачыць, з якім захапленнем іншыя корпаюцца на агародзе, вядуць будаўнічыя работы. А таксама вышываюць, пішуць карціны…
Два тыдні назад у Доме рамёстваў прайшла персанальная выстава работ майстрыхі клуба “Докша” Ядвігі Маліноўскай.
Ядвіга Іосіфаўна – эканаміст па адукацыі. Не адзін год яна ўзначальвае Докшыцкі раённы аддзел абласнога ўпраўлення фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Скрупулёзная ў рабоце, адказная і дзелавітая. Тое, што стане майстрыхай народнай творчасці, нават і не марыла. Хаця, яе мама некалі была добрай швачкай. Да яе ў Падомхі прыносілі заказы з Докшыц і акаляючых вёсак. Ядвіга дапамагала маці абкідваць швы. Так што іголку ў руках трымала, хоць нічога вялікага не рабіла. Усё здарылася пасля, як у кіно. Хвароба. Бальнічная палата. Чытанне кніг і часопісаў. Размовы з такім ж хворымі людзьмі. Не зусім аптымістычны настрой. Нейкая бессэнсоўнасць. І раптам, убачыўшы часопіс з выявай Маці Божай, узнікае гарачае жаданне: крыжыкамі палажыць абраз “Неўпіваемая чаша” на палатно. І такое жаданне з’явілася вышыць, што ў галаве раіліся адны думкі: дзе знайсці ніткі, канву, іншыя прыналежнасці для работы. Усё знайшлося, паколькі было жаданне. Амаль казачна лёгка і дзіўна пачала свой шлях у мастацтва Маліноўская. За адной іконай была вышытая другая, трэцяя…адзіннаццатая. Затым былі вышыванкі хрысціянскіх храмаў, кветкавыя, пейзажныя… Глядзіш на карціны-вышыванкі і не можаш адарваць позірк ад “Адлюстравання лілей”, “Смаку жыцця”, “Задуменнага погляду”, “Галінкі вішні”, “Царквы Святога архангела Міхаіла”… Стыхія палымнеючых ружовых, чырвоных колераў, спакой блакіту і зеляніны, бляск шэра-белага. Халодныя і гарачыя колеры складаюць агульную песню сапраўды цудоўнай звычайнасці, у якіх хаваюцца самыя высокія дасягненні мастацтва.
– Гэта работа настолькі захоплівае, – гаварыла на адкрыцці выставы Ядвіга Іосіфаўна, – што забываешся пра ежу, дамашнюю работу. Урэшце, пра час. Можна вышываць да паўночы і далей. Сон не бярэ, пакуль кладзеш на малюнак крыжыкі. Іншы раз здзіўляюся, але часцей дзякую Богу, што муж у мяне добры, разумее маё захапленне. Не перашкаджае ў творчым пошуку і рабоце.
На выставу сабралася вялікая колькасць людзей. Па ўсім было бачна, што гэта тыя, у каго гарыць у сэрцы творчы агеньчык. Ім было на што паглядзець, пагутарыць, падзяліцца думкамі і ўражаннямі. Прыродны дар і працалюбства дапамаглі Я.І. Маліноўскай стварыць цудоўныя па выкананні і мастацкай ідэі вышытыя карціны. Вернісаж у правінцыяльным горадзе – гэта падзея культурнага жыцця. Спрыяе таму клуб “Докша”, які аб’ядноўвае самабытных, цікавых і вельмі творчых людзей. Ядвіга Маліноўская вышывае 9 гадоў, а майстрыхай клуба з’яўляецца 5. Па яе словах, тут ажыццяўляюцца надзеі.
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.