Каменные кресты на территории Докшицкого района
Самым знакамітым з гэтых помнікаў старажытнасці з’яўляецца крыж Стэфана Баторыя, які раней знаходзіўся ва ўрочышчы Каралёў Стан у лясным масіве паміж вёскамі Сасноўка і Асінавік. Крыж мае вышыню больш за паўтара метра, шырыню — каля метра, таўшчыню – 35-40 сантыметраў. Сярэднюю частку крыжа займае схематычна высечаная выява чалавека з каронай на галаве, узнятым мячом у правай руцэ і шчытом у левай. Ніжэй размешчаны лацінскія літары РСВ, якія даследчыкі расшыфроўваюць, як “Кароль Стэфан Баторый”. Ніжэй – адзін у адным два кругі. Паводле паданняў, на гэтым месцы кароль Стэфан абедаў, а кругі абазначаюць міску.
З крыжам звязана паданне, запісанае ў сярэдзіне 19 стагоддзя вядомым беларускім этнографам, пісьменнікам і публіцыстам Паўлам Міхайлавічам Шпілеўскім.
Аднойчы войска Стэфана Баторыя падчас паходу выйшла на вялікую дарогу і спынілася абедаць ля сядзібы аднаго беднага шляхціца. На гаспадара яны не зважалі, перарэзалі ўсіх кароў і авечак, пералавілі ўсю птушку, забралі ўсе нарыхтаваныя прыпасы. Няшчасны шляхціц кінуў хату і з жонкай і малымі дзецьмі выйшаў на дарогу, па якой павінен быў ехаць кароль. Убачыўшы караля, ён спыніў ягонага каня і сказаў:”Стань, круль!”. Здзіўлены кароль спыніўся і спытаў, што яму трэба. Шляхціц і яго сямейства са слязамі расказалі каралю, што нарабілі ягоныя салдаты і папрасілі кампенсацыі. “Чым жа я магу цябе ўзнагародзіць?” – спытаў кароль. Шляхціц адказаў: ”Кароль! Зямля, на якой ты стаіш, належыць табе! Падаруй яе мне!” “Бяры і маўчы”, – адказаў кароль і правёў рукой па паветры, як бы абазначаючы межы новых уладанняў шляхціца.
На гэтай зямлі шляхціц пабудаваў два маёнткі і назваў іх Станкруль і Мільча. На жаль, не захавалася звестак пра тое, кім быў выраблены крыж, калі быў пастаўлены. Аднак звесткі пра шлях Баторыя знаходзяць сваё падцвярджэнне і ў гістарычнай літаратуры, і ў іншых легендах.
Адна з такіх легенд вядомага археолага, гісторыка і этнографа графа Яўстафія Піевіча Тышкевіча прыведзена ў “Апісанні Барысаўскага павета”. Яна датычыць паходжання назвы вёскі Скураты. Падчас таго ж паходу перад Баторыем узнікла праблема пераправы праз раку Поня. Гэта зараз яна пасля меліярацыі выглядае амаль што ручаём. Раней Поня мела забалочаную пойму і пераправіцца праз яе было даволі цяжка. Баторый загадаў сабраць скуры кароў і коней і шыць з іх вялікія мяхі. Гэтыя мяхі набівалі саломай і сенам. Фактычна атрымалася нешта накшталт пантона. Гаць высцелілі бярвеннямі. Войска здолела пераправіцца праз раку.
На левым беразе Поні засталося шмат рэшткаў, абрэзкаў скур. Акрамя таго ў войску былі параненыя і хворыя, якія на той момант не маглі працягваць паход. Гэтым воінам кароль выдзеліў зямлю, на высокім беразе ля пераправы. Так з’явілася шляхецкае паселішча Скураты. На тэрыторыі раёна прозвішча Скурат сустракаецца .
Прозвішча Батура пашырана ў раёне Бягомля і Беразіно. У адносінах да яго паходжання існуе мясцовае паданне пра тое, што салдаты арміі караля мелі значны поспех сярод мясцовых кабет. Пасля таго, як войска пакінула тэрыторыю краю, нарадзілася шмат пазашлюбных дзяцей, якіх называлі “баторамі”.
Ля вёскі Беразіно ёсць урочышча Батурына, якое, магчыма, таксама звязана з тым паходам.
А ці пацвярджаецца гістарычнымі крыніцамі хаджэнне Стэфана Баторыя па тэрыторыі Докшыцкага раёна? У “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі” ў артыкуле “Інфлянцкая вайна” сказана, што пасля полацкай кампаніі 1579 года летам наступнага, 1580 года, войска рушыла з раёна Чашнік на Віцебск і далей, на Вялікія Лукі.У Чашніках армія збіралася для далейшых баявых дзеянняў пасля зімоўкі,а выступіла ў паход толькі летам 1580 года. Так што цалкам верагодна тое, што маршрут караля да войска пралягаў праз тэрыторыю Докшыцкага раёна.
Знакаміты расійскі гісторык Мікалай Міхайлавіч Карамзін у сваёй “ Гісторыі дзяржавы рас- ійскай” дастаткова падрабязна апісвае спосабы імклівага руху Баторыя на Вялікія Лукі: “Непрыяцель ішоў балотамі і лясамі дзікімі, дзе 150 гадоў не хадзіла войска, дзе толькі Вітаўт у 1428 годзе здолеў адчыніць сабе шлях да зямель Наўгародскіх, і дзе некаторыя мясціны яшчэ называліся яго імем. Баторый, накшталт Вітаўта, прасякаў лясы, рабіў гаці, масты, плыты…”. Так што пераправа праз Поню для яго войска не ўяўляла ніякай праблемы.
Таксама трэба ўлічваць, што падчас Інфлянцкай вайны галоўная стаўка Баторыя знаходзілася не ў Вільні, Варшаве або Кракаве, а ў Гародні.
Далейшы лёс знакамітага крыжа склаўся адносна спрыяльна. У 1988 годзе ён быў перавезены ў горад Мінск у Парк камянёў. Іншым вялікім крыжам, што мелі супаставімыя з “Крыжам Стэфана Баторыя” памеры, пашанцавала значна менш. Вялікі каменны крыж знаходзіўся на ўездзе ў вёску Барсукі Докшыцкага сельсавета. Падчас пашырэння дарогі Докшыцы – Глыбокае ён быў скінуты ў канаву і засыпаны. Аналагічны лёс спасціг і вялікі крыж, што размяшчаўся насупраць могілак вёскі Рапяхі, па дарозе на Сітцы. Яго таксама павалілі і засыпалі.
Тое ж самае адбылося з вялікім бетонным крыжам ля вёскі Варганы Порплішчанскага сельсавета, што быў устаноўлены польскімі ўладамі на месцы пахавання польскіх і расійскіх вайскоўцаў.
Пра малыя каменныя крыжы, што яшчэ захаваліся ў першазданным выглядзе, вельмі “клапоцяцца” “чорныя капальнікі”. Ніякіх спосабаў барацьбы з імі на гэты момант няма. Крыжы не ўнесены ў пералік ахоўваемых помнікаў, размешчаны па-за населенымі пунктамі, у хмызняках, лясных масівах, старых могілках. Шукальнікі “напалеонаўскіх скарбаў” вывернулі ўжо не адзін крыж. Неабходна шукаць спосабы абараніць гэтыя, пакуль што яшчэ шматлікія помнікі старажытнасці ад сучасных варвараў.
Сцяпан Целеш.