Масавая нарыхтоўка кармоў у «Таргунах» пачынаецца сёння

Першымі ў раёне прыступілі да касавіцы траў ААТ “Таргуны” і СГФ “Бягомльскі” ААТ “Віцебскдрэў”. Адразу вывелі касілкі на пашы: пачалі іх падкошваць. Затым у корманарыхтоўчыя работы ўключылася большая колькасць тэхнікі. Прывяленую масу трэба зграбсці ў валкі, пусціць здрабняльнікі, за імі “ПІМы”, іншыя машыны і адправіць “зялёнку” ў сянажныя траншэі. Сухое надвор’е  ў гэты перыяд дазваляе рыхтаваць і сена.

Таргунянцы здаўна вялікую ўвагу ўдзяляюць нарыхтоўцы кармоў для грамадскага пагалоўя. А таму і не было такога, каб ім даводзілася купляць кармы дзесьці за межамі гаспадаркі, а то і за межамі раёна. Тут з году ў год запоўненыя сянажныя траншэі пераходзяць на наступны сезон. Як лічаць у гаспадарцы,  запас бяды не чыніць.
Падкормленая мінеральнымі ўгнаеннямі трава раскусцілася, пусцілася ў рост, кінула бутоны. Вось тут і нельга прамарудзіць час, каб замест вітаміннага корму не атрымалася пустая клятчатка, якой набіваюць жываты каровы, а сэнсу ад гэтага маюць мала. Ды тэрыторыя ААТ “Таргуны” такая, што калі не спяшацца, то на другім канцы таварыства можна не толькі каласы ды мётлы касіць, а насенне збіраць з траў. На корманарыхтоўцы тут задзейнічана ўся тэхніка. Але першым свой “Ягуар” выводзіць на сенажаць лепшы механізатар прадпрыемства Вячаслаў Аніковіч. З ім мы і сустрэліся каля вёскі Першамайск.

– Настрой выдатны, – гаворыць Вячаслаў. – Уборка траў – адна з самых любімых для мяне работ. Галоўнае, каб валкі былі тоўстымі, а за мной затрымкі не будзе. Работа арганізавана так, што спыняемся толькі, каб паабедаць ды з’есці падвячорак. Увесь светлавы дзень заняты справай.

Побач з Аніковічам быў і Уладзімір Яноўскі (на здымку справа), які на “Беларусу-1221” перавозіў зялёную масу на комплекс у Гліннае. Праца ішла размераным ходам. Корманарыхтоўка пачалася ў маі і будзе доўжыцца да позняй восені.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *